Партыя БНФ: Усебеларускі народны сход не выканае задачу нацыянальнай кансалідацыі грамадства

 Усебеларускі народны сход не можа быць прызнаны легітымным выразнікам волі беларускага народа, бо сфармаваны дырэктыўна органамі выканаўчай улады і не з'яўляецца органам народаўладдзя. Пра гэта гаворыцца ў заяве сойма Партыі БНФ, прынятай 18 чэрвеня.

"У сувязі з тым што на так званым народным сходзе будуць прысутнічаць толькі і выключна прыхільнікі эканамічнага і палітычнага курсу дзейнай улады, гэты орган не здольны выканаць задачу нацыянальнай кансалідацыі перад абліччам актуальных геапалітычных выклікаў, з якімі сутыкаецца наша краіна", — падкрэсліваецца ў заяве.

Скліканне напярэдадні парламенцкіх выбараў "неканстытуцыйнага органа, які закліканы без дыскусій і абмеркаванняў ухваляць любыя прапановы ўрада і прэзідэнта", на думку Партыі БНФ, "красамоўна сведчыць пра адсутнасць дэмакратыі і парламентарызму ў Беларусі".

Замест "дэкаратыўнага народнага сходу", зазначаецца ў заяве, беларусам патрэбныя сапраўдныя інстытуты нацыянальнай дзяржавы: сфармаваны на свабодных і дэмакратычных выбарах парламент, у якім прадстаўленае рознае бачанне развіцця краіны і розныя палітычныя плыні, увасобленыя ў палітычных партыях; адказны перад парламентам урад; рэальная прававая дзяржава, якая дзейнічае ва ўмовах падзелу галін улады.

Для Партыі БНФ, гаворыцца ў дакуменце, як для партыі нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасцяў асноватворнымі прынцыпамі з'яўляюцца адстойванне нацыянальных інтарэсаў і воля беларускага народа.

"Адзіным легітымным для ўсяго грамадства спосабам выяўленнем волі народа з'яўляюцца выбары. Менавіта правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і пры выкананні ўмоў роўнасці кандыдатаў будзе азначаць вяртанне ў Беларусь сапраўднага парламентарызму і народаўладдзя", — падкрэсліваецца ў заяве.

Пяты Усебеларускі народны сход адбудзецца 22-23 чэрвеня ў Мінску. На яго абмеркаванне будуць вынесеныя асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады.

Парламенцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасня.

БелаПАН

Каментаваць