Партыя БНФ збіраецца пікетаваць амбасаду Расіі

Партыя БНФ плануе 29 ліпеня ў Мінску правесці пікет каля будынку амбасады Расійскай Федэрацыі на знак пратэсту супраць размяшчэння на тэрыторыі Беларусі расійскай ваеннай авіяцыйнай базы. Адпаведная заяўка ўжо пададзена ў сталічны выканаўчы камітэт.



Як адзначыў у інтэрв’ю «Новаму часу» старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, калі ў Беларусі будзе размешчана згаданая база, то ўпершыню з моманту аднаўлення беларускай незалежнасці з’явіцца  факт, калі замежныя вайскоўцы будуць стала размешчаныя на тэрыторыі нашай краіны без ясных і зразумелых умоваў, як і калі яны могуць быць адсюль выведзеныя.

«Гэта клапоціць нас найбольш. Бо як мы бачым на прыкладзе іншых краінаў, у тым ліку і на прыкладзе тых вайсковых аб’ектаў Расійскай Федэрацыі, што сёння месцяцца ў Беларусі, расійцы абсалютна не хочуць выводзіць свае вайсковыя базы з чужой тэрыторыі пасля таго, як ім атрымалася іх там размясціць, — адзначае палітык. — І кожная такая база істотна павялічвае небяспеку для грамадзянаў Беларусі. Мы лічым, што размяшчэнне расійскай вайсковай базы катэгарычна супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі, беларускай Канстытуцыі і, адпаведна, не можа адбыцца ні пры якіх умовах. То бок, не можа быць ніякіх мэтаў, якія б апраўдалі размяшчэнне расійскай вайсковай базы на нашай тэрыторыі».

Як вырашаць улады

Па словах Аляксея Янукевіча, заяўка на правядзенне акцыі ўжо пададзена ў сталічны выканкам, дата правядзення меркаванага мерапрыемства — панядзелак, 29 ліпеня. Сёння, мяркуе лідар Партыі БНФ, цяжка прагназаваць, якое рашэнне прымуць сталічныя выканаўчыя ўлады.

«Апошнія гады Мінгарвыканкам у пераважнай большасці адмаўляе ў правядзенні любых пратэстных мерапрыемстваў. Аднак я думаю, што размяшчэнне расійскай вайсковай базы — гэта занадта далікатнае пытанне, каб рабіць выгляд, што няма ніякай грамадскай рэакцыі. Таму я б на сто адсоткаў не браўся прадказваць, якое рашэнне прыме Мінгарвыканкам. Няма сумневаў, што сапраўднае рашэнне будзе прымацца ў Адміністрацыі прэзідэнта, а Мінгарвыканкам будзе толькі яго афармляць», — упэўнены суразмоўца.

Аляксей Янукевіч заяўляе, што нават у выпадку адмовы ў правядзенні пікетавання расійскай амбасады тэма размяшчэння расійскай ваеннай авіяцыйнай базы ў Беларусі не будзе пакінутая на самацёк.    

«Мы, безумоўна, не будзем гэтую тэму пакідаць, у нас ёсць некалькі варыянтаў магчымых дзеянняў у тым выпадку, калі будзе адмоўлена ў правядзенні гэтага пікету. Мы найбліжэйшым часам будзем іх абмяркоўваць, але, паўтаруся, мы гэтую тэму не пакінем і будзем шукаць усе магчымыя шляхі дзеля таго, каб выказаць наш пратэст і прыцягнуць увагу беларускай грамадскасці да гэтай насамрэч вельмі небяспечнай тэмы», — падкрэсліў палітык. 

Пытанне гандлю

Ад сябе хацелася б дадаць, што выключаць магчымасць дазвольнага рашэння Мінгарвыканкама таксама не варта. Беларуская ўладная вярхоўка ў дадзеным выпадку можа прадэманстраваць Маскве, што ёй нялегка ў гэтай сітуацыі, што ў Беларусі ёсць тыя, хто выступае супраць размяшчэння расійскіх знішчальнікаў у Беларусі на сталай аснове. Тым больш у фармаце расійскай вайсковай авіябазы.

А ўсе непрыемнасці і высілкі мусяць быць аплочаныя. Натуральна, з расійскай казны. А ў тым, што афіцыйны Мінск вельмі ўдала можа таргавацца з Масквою па любых пытаннях, за апошнія дзевятнаццаць гадоў змаглі пераканацца, бадай, усе.

Каментаваць