Партыя «Справядлівы свет» асудзіла «нацыянал-радыкалаў» і «апазіцыйныя комплексы»

Бюро Цэнтральнага Камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» прыняло заяву ў сувязі з падпісаннем кіраўнікамі Германіі, Францыі, Расіі і Украіны мінскіх пагадненняў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. 



У заяве, распаўсюджанай прэс-службай партыі 15 лютага, згадваецца, што левыя яшчэ ў маі мінулага году заклікалі спыніць баявыя дзеянні і сесці за стол перамоваў. Таму цяпер яны выказваюць «безумоўную падтрымку» падпісаным у Мінску пагадненням, бо яны, паводле аўтараў заявы, даюць надзею на спыненне «братазабойчай вайны» на ўсходзе Украіны. 

Сведчаннем таго, што падпісаныя пагадненні былі «складаным, але апраўданым кампрамісам» левыя лічаць «істэрычную крытыку з боку ўкраінскіх і расійскіх нацыянал-экстрэмістаў». Маўляў, першыя выступаюць супраць  прадастаўлення аўтаноміі для жыхароў асобных усходніх рэгіёнаў краіны,  якія «традыцыйна схіляюцца да рускага культурнага асяроддзя». А значыць адмаўляюць ім у магчымасці «захаваць мультыкультурную самабытнасць». Другія ж адмаўляюць Украіне (і Беларусі таксама) у «праве на самавызначэнне і ўласную дзяржаўнасць». 

Партыя левых «Справядлівы свет» заклікае «кіраўнікоў дзяржаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і простых грамадзянаў» не ісці на повадзе ў гэтых «падпальшчыкаў вайны». Самі яны, натуральна, гэтага не робяць, вітаючы адначасова ўкраінскі суверэнітэт і «права на самаўпраўленне» для «жыхароў асобных рэгіёнаў Украіны». 

Асудзіўшы «нацыянал-радыкалаў», левыя палічылі патрэбным дакарыць таксама суседзяў па апазіцыйным лагеры, якія «пазіцыянуць сябе ў якасці дэмакратаў» — за тое, што яны шукалі «дывідэнды», атрыманыя Лукашэнкам у выніку сустрэчы «нармандскай чацвёркі» у Мінску. Левыя тых дывідэндаў не шукаюць, адкідваючы «апазіцыйныя комплексы». Хаця яны і знаходзяцца ў «шматгадовай і прынцыповай апазіцыі да ўнутрыпалітычнага курса Лукашэнкі», заяўляюць пра сваю падтрымку «намаганняў афіцыйнага Мінску па ўрэгуляванні ўзброенага канфлітку на Данбасе».

Каментаваць