“Пашырыць санкцыі да Беларусі”

 Еўрасаюз распрацоўвае новую палітыку ў дачыненні да Беларусі. Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што ЕС не гатовы да нармалізацыі адносінаў, бо не саступае патрабаванням вызваліць палітвязняў.
 



Еўрасаюз вядзе распрацоўку новай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведаміў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Філіп Качмарэк на сустрэчы з былым палітвязнем, прэс-сакратаром экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандрам Атрошчанкавым і кіраўніком Асамблеі НДА Сяргеем Мацкевічам.

Сустрэча прайшла 4 снежня ў Еўрапарламенце, у ёй таксама ўдзельнічаў польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі. Бакі абмеркавалі сітуацыю з беларускімі палітвязнямі. “Мы праінфармавалі еўрапейскіх чыноўнікаў аб цяперашнім становішчы беларускіх палітвязняў. У прыватнасці, казалі пра тое, што іх становішча пагаршаецца з кожным днём, яны ўсё больш ізалююцца, іх пераводзяць у горшыя ўмовы ўтрымання. На нашу думку, рашучыя крокі Еўропы могуць выправіць гэтую сітуацыю», — сказаў Атрошчанкаў.

Паводле яго слоў, Філіп Качмарэк адзначыў, што да Еўрасаюза прыходзіць разуменне неэфектыўнасці сённяшняй палітыкі ў дачыненні да Беларусі. «Качмарэк сказаў, што ў Еўропе цяпер ідзе распрацоўка новай палітыкі і стратэгіі. Ён адзначыў, што калі ЕС прэтэндуе на лідзіруючую ролю ў рэгіёне, ён павінен дзейнічаць больш рашуча і браць на сябе адказнасць хай нават за рэзкія крокі, і павінен пашырыць санкцыі ў дачыненні да Беларусі», — падкрэсліў былы прэс-сакратар Саннікава. Качмарэк таксама выказаў меркаванне, што ў афіцыйнага Мінска «не назіраецца добрай волі для выканання першых з умоў ЕС — вызвалення палітвязняў, таму пазіцыя ЕС у адносінах да Мінску можа стаць больш жорсткай».

Больш жорстка сваю пазіцыю акрэсліў старшыня Хельсінкскай камісіі ў кангрэсе ЗША Крыстафер Сміт. У інтэрв’ю радыёстанцыі «Голас Амерыкі» ён заявіў, што Аляксандр Лукашэнка мусіць паўстаць перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе за злачынствы супраць чалавечнасці. «Для таго, каб змяніць сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, сусветныя лідары павінны сістэматычна прыцягваць увагу да становішча спраў у рэспубліцы», — падкрэсліў ён. На думку Сміта, ЗША павінны ўзмацніць падтрымку грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «У святле росту рэпрэсій абсалютна неабходна, каб урад ЗША не проста працягваў падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і праваабаронцаў, але і павялічыў такую падтрымку. Мы таксама павінны прыцягнуць да адказнасці самога Лукашэнку і яго паслугачоў за тое, як яны абыходзяцца з палітычнымі зняволенымі і людзьмі, якія змагаюцца за свабодную Беларусь», — заявіў Сміт.

Выказваўся на гэтым тыдні пра будучыню беларуска-еўрапейскіх адносінаў і Аляксандр Лукашэнка. Мяркуючы па словах палітыкаў, будучыня тая цьмяная, бо Захад патрабуе вызвалення палітычных зняволеных, а беларускі лідар апелюе да канфліктаў на Усходзе. «Вы (Еўрасаюз) з намі выбудуеце адносіны толькі тады, калі тут не будзе Лукашэнкі, калі тут будзе зменены палітычны лад і калі тут будзе ўсё аддадзена на распродаж, пажадана Захаду. Паверце, у мяне дастаткова інфармацыі па гэтых пытаннях, — заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з сябрамі Клуба галоўных рэдактараў краін СНД, Балтыі і Грузіі. — Быццам бы аплот дэмакратыі, такія прасунутыя ў правах чалавека. Нас вы папракаеце ў парушэнні гэтых правоў. Але мы за апошні час не забілі ніводнага чалавека ні ўнутры, ні за межамі нашай краіны, парушыўшы правы чалавека. А вы, я маю на ўвазе ЕС, знішчаеце цэлыя дзяржавы. Што вам да Афганістана, Ірака, Лівіі, Сірыі і іншых дзяржаў. Хіба вы там лепш зрабілі? Вы ж загубілі там тысячы людзей! Якія ж гэта правы чалавека?»

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што асабіста пераканаўся ў падвойных стандартах і няшчырасці еўрапейскіх палітыкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Тады яны абяцалі «залатыя горы» ўзамен на выкананне асобных умоў. «Галоўны папрок — вы затрымалі людзей (пасля акцыі пратэсту ў цэнтры Мінска 19 снежня 2010 года). Але мы іх слёзатачывым газам не цкавалі, як гэта робіцца ў некаторых еўрапейскіх краінах, гумовымі кулямі не расстрэльвалі. У нас ніколі нават вадамёты не выкарыстоўвалі супраць незаконных дэманстрацый. У нас ніколі гэтага не было, але вы гэтага не хочаце бачыць».

Нагадаем, пасля падзей 19 снежня 2010 года сотні чалавек патрапілі ў вязніцу “на суткі, некаторыя былі скалечаныя. Больш за 40 чалавек прайшлі па крымінальных справах, дагэтуль у зняволенні знаходзяцца 12 палітычных вязняў, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч. Абыходжанне з палітычнымі вязнямі, умовы іх утрымання, ціск, які яны зведваюць з боку кіраўніцтва пенітэнцыярных устаноў — асобная тэма, якая не раз асвятлялася ў недзяржаўных СМІ.
 

Каментаваць