Пасля матчу «Беларусь — Украіна» затрымалі каля 100 украінскіх і 30 беларускіх фанатаў

Больш за 100 заўзятараў з Украіны чакае суд у Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, фанатаў затрымліваў АМАП пасля адборачнага матчу Еўра-2016 «Беларусь — Украіна» нібыта за нецэнзурную лаянку.



Фота "Наша Ніва"


«Верагодна, іх чакае штраф і дэпартацыя з краіны, а самым актыўным могуць прысудзіць 15 сутак арышту. Украінскія заўзятары мяркуюць, што беларускія праваахоўныя органы былі вельмі засмучаныя зместам песень і крычалак украінскага сектара падчас матчу, але дзейнічаць сілавікі вырашылі ўжо за межамі стадыёна», — піша Football.ua.

Да вырашэння пытання падключана пасольства Украіны ў Беларусі.

Разам з тым, як паведамляе карэспандэнт «Нашай Нiвы», у Барысаве затрыманыя каля 30 беларусаў.

Так, Арцёма Бабоўнікава арыштавалі за фаер і адвезлі ў Барысаўскі РАУС. Гэта бачылі журналісты. Затрымалі Улада Лобаха з Мазыра, які быў у бел-чырвона-белым шаліку. Ён пацвердзіў, што з ім у аўтазаку 30 чалавек. Ёсць інфармацыя, што затрымалі двух дзяўчат за ўкраінскую сімволіку.

З першых хвілін матчу на «Барысаў-Арэне» гучала шмат палітычных лозунгаў. І беларускія, і ўкраінскія заўзятары гучна крычалі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!», Спявалі «Купалінку» і «Воіны святла» і скандавалі знакамітую нецэнзурную крычалку пра Пуціна.

Зборная Беларусі прайграла зборнай Украіне з лікам 0:2.

Каментаваць