Пасольствы краін ЕС могуць скараціцца да ўзроўню консульстваў

Пасольствы краін ЕС у Беларусі могуць быць скарочаныя да консульскага ўзроўню. Як лічыць польскі еўрапарламентар Яцэк Пратасевіч, за бліжэйшы тыдзень міністры замежных спраў краін Еўрасаюза прымуць рашэнне аб санкцыях у дачыненні да Беларусі. Паводле яго слоў, у гэтым выпадку паслы ЕС не вернуцца ў Беларусь, і штат амбасадаў можа зменшыцца.



Пасольствы краін ЕС у Беларусі могуць быць скарочаныя да консульскага ўзроўню. Як лічыць польскі еўрапарламентар Яцэк Пратасевіч, за бліжэйшы тыдзень міністры замежных спраў краін Еўрасаюза прымуць рашэнне аб санкцыях у дачыненні да Беларусі. Паводле яго слоў, у гэтым выпадку паслы ЕС не вернуцца ў Беларусь, і штат амбасадаў можа зменшыцца.

Пасля таго, як былі прыведзены ў выкананне смяротныя прысуды ў дачыненні да прызнаных вінаватымі ў здзяйсненні тэракту ў мінскім метро Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, цяжка ўявіць, што ў польска-беларускіх адносінах наступіць вясна, заявіў Яцэк Пратасевіч 19 сакавіка ў інтэрв'ю радыё RMF FM.

Паводле слоў парламентарыя, "трагічнае, шакавальнае і незразумелае" рашэнне Лукашэнкі паказала, што ён не зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Захадам.

Як ужо перадаваў “Тэлеграф, 19 сакавіка ў прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі паведамілі, што вяртанне амбасадараў краін Еўрасаюза ў Беларусь яшчэ абмяркоўваецца.

Вярхоўная прадстаўніца па замежных справах і палітыцы бяспекі Еўрапейскага саюза Кэтрын Эштан заявіла на днях, што амбасадарам Еўрасаюза варта вярнуцца ў Беларусь.

Пасля таго, як 27 лютага ЕС пашырыў спіс беларускіх чыноўнікаў, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі, МЗС Беларусі 28 лютага адклікаў для кансультацый у Мінск пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЕС і пасла Беларусі ў Польшчы. МЗС таксама прапанаваў паслу ЕС Майра Мора і амбасадару Польшчы Лешэку Шарэпку выехаць у сталіцы сваіх краін на кансультацыі. У адказ Мінск пакінулі паслы краін-сябраў ЕС.

Начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Андрэй Савіных 2 сакавіка заявіў, што Мінск не ставіць дадатковых умоваў для вяртання ў Беларусь паслоў краін ЕС.

Кэтрын Эштан і іншыя грамадскія дзеячы і палітыкі краін ЕС асудзілі пакаранне абвінавачаных у серыі тэрактаў у Беларусі Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава.

Паводле telegraf.by
 

Каментаваць