Патрыятызм з дзяржаўным тварам

Сфармаваць пачуццё згуртаванасці нескладана. Дзеля гэтага дастаткова падзяліць людзей на групы, якія канкуруюць паміж сабой.



Патрыятызм (ад грэчаскага «айчына») у максімальна кароткім выкладанні — сацыяльнае пачуццё, зместам якога з’яўляецца любоў да Айчыны і гатоўнасць падпарадкаваць яе інтарэсам свае прыватныя інтарэсы.

Было б дзіўным, калі б спецыялісты па дзяржаўнай беларускай ідэалогіі ад любові да Айчыны не перакінулі масток да любові да дзяржавы. Вось як гэта зрабіў галоўны дзяржаўнік краіны ў Пасланні–2012: «Патриотизм был, есть и должен оставаться незыблемым постулатом нашей государственности».

Не варта шукаць у такім поглядзе на патрыятызм нейкае асаблівае ноў-хаў. У свой час савецкія ідэолагі свядома нівелявалі адрозненні паміж дзвюма далёка не ідэнтычнымі паняццямі, ператварыўшы іх па сутнасці ў сінонімы. Як тут ні працытаваць экс-начальніка Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага: «У масавай свядомасці людзей таго часу панаваў дзяржаўны патрыятызм, паколькі пераважная большасць насельніцтва падзяляла сістэму каштоўнасцяў савецкага грамадства».

Ад міфаў да рэальнасці

Згаданую вышэй цытату я запазычыў з артыкула «Перамога народа-вызваліцеля, народа-праведніка». Прыгледзімся ўважлівей да народа з такімі неардынарнымі характарыстыкамі, але для поўнай карціны пачнём з дасавецкага перыяду. У Першую сусветную вайну на кожную сотню салдат царскага войска, што загінулі ў баях, знаходзілася каля 300 тых, хто здаўся ў палон. У англійскім войску на 100 забітых было 20 палонных, у французскім — 24, у нямецкім — 26. Іншымі словамі, падданыя Расійскай імперыі здаваліся ў палон у 12–15 разоў часцей.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, паводле дадзеных Міністэрствы абароны РФ, у палон патрапілі 4,559 мільёна савецкіх вайскоўцаў, страты забітымі склалі 8,860 мільёна. Адноснае зніжэнне колькасці палонных, пры жаданні, можна растлумачыць росквітам дзяржаўнага патрыятызму. Аднак магчымы і іншыя тлумачэнні. У якасці прыкладу абмяжуюся фрагментам загада №227 ад 28 ліпеня 1942 года («Ні кроку назад!»): «Сфармаваць у межах войска 3–5 добра ўзброеных загараджальных атрадаў, да двухсот чалавек у кожным, паставіць іх у непасрэдным тыле няўстойлівых дывізій і абавязаць іх у выпадку панікі і бязладнага адыходу частак дывізій расстрэльваць на месцы панікёраў і баязліўцаў».

«За Веру, Цара і Айчыну!» — пад такім дэвізам належала паміраць салдату Расійскай імперыі. Камуністы замянілі цара Сталінам, айчыну — Радзімай, а праваслаўную веру як ідэалагічнага канкурэнта выключылі зусім. Аднак варта адрозніваць народжаныя прапагандай міфы ад рэальнасці. У чарговы раз працытую мемуары салдата перамогі Мікалая Нікуліна (не маршала і не генерала, што вельмі важна): «Калі выходзілі на нейтральную паласу, зусім не крычалі: «За Радзіму! За Сталіна!», як пішуць у раманах. Над перадавой чутныя былі хрыплае выццё і густыя мацюкі ды лаянка, да таго часу, пакуль аскепкі і кулі не затыкалі глоткі гарлапанаў. Ці да Сталіна было, калі побач смерць?»

Паводле перапісу 1897 года, 85% насельніцтва Расійскай імперыі складалі сяляне — носьбіты патрыярхальнай (г. зн. дадзяржаўнай) культуры. Шмат хто з іх ніколі не выязджаў за ваколіцу роднай вёскі, таму думаць катэгорыямі дзяржавы і, адпаведна, адчуваць сваю адказнасць за яе, яны былі не ў стане.

Дысцыпліна ў войску, што было ўкамплектавана такім культурным кантынгентам, падтрымлівалася шпіцрутэнамі (ням. Spiess — дзіда, Rute — бізун). Удары шпіцрутэнамі прызначаліся за памылкі на страявых вучэннях, за неахайнасць форменнай адзежы (ад 100 удараў), за п’янства (да 500 удараў), за ўцёкі (да 5000 удараў). У Расіі пакаранне шпіцрутэнамі ўвёў Пётр I. Адменена яно было толькі ў 1864 годзе.

Падвядзем вынік. Салдат, выхаваны шпіцрутэнамі, ваяваў у сілу звычкі падпарадкоўвацца. Але варта было толькі саслабець голасу начальства, як салдат пераставаў падпарадкоўвацца загадам і дызертаваў. Не саступаючы заходняму салдату ў фізічных якасцях, ён не меў уласцівага таму грамадзянскага пачуцця, пачуцця прыналежнасці да больш шырокай супольнасці.

Выпрабаванне глабалізацыяй

У XX стагоддзі ў межах Расійская імперыя двойчы назіраўся распад дзяржавы, і абодва разы не знайшлося крытычнай масы патрыётаў-дзяржаўнікаў гэты распад прадухіліць. «Народ-богоносец» паводле трапнага выразу Васіля Розанава (1918 г.) «поднасрал». Аднак і народ-праведнік, які тры пакаленні асвойваў сістэму савецкіх каштоўнасцяў, у 1991 годзе і пальцам не паварушыў, каб прадухіліць распад нібы сваёй народнай дзяржавы.

 З няздольнасці тыповага прадстаўніка беларускай «большасці» пражыць без дзяржаўнай падтрымкі зусім не вынікае, што ён асвоіў асновы дзяржаўнай культуры. Тут мне варта спаслацца на аўтарытэт культуролага Ігара Якавенкі: «У крытычнай сітуацыі просты чалавек спадзяецца не на дзяржаву, а на ўладу. Ёй скардзяцца, на яе спадзяюцца, да яе апелююць у канфлікце з чыноўнікам. <…> Дзяржава як сацыяльны інстытут, што закліканы абараняць правы і рэалізоўваць інтарэсы грамадзян, у традыцыйнай свядомасці папросту не існуе. Дзяржава — гэта сукупнасць чыноўнікаў, якія плодзяць «паперы». Абапіраючыся на «паперы», чыноўнікі душаць простага чалавека, таму ўлада разглядаецца як адзіная сіла, здольная даць рады чыноўніку і змяніць штосьці да лепшага».

Улада заўсёды персаніфікаваная. Гэта персона і выступае ў якасці адзінага палітычнага ўмацавання, якое ўтрымлівае традыцыйнае насельніцтва і дзяржаву ў стане адзінства. Нескладана здагадацца, да якіх наступстваў здольная прывесці страта персонай сваёй харызмы.

Але ідзем далей. «В современной цивилизации, — справядліва адзначае наш адзіны палітык (АП), — понятие патриотизма подвергается жестоким испытаниям». Аднак ад крыніцы выпрабаванняў нельга пазбавіцца, бо яна палягае ў глабалізацыі, што прадстаўляе «человеку огромный выбор для применения своих сил». Сучасны беларус, у адрозненне ад беларуса эпохі пераможнага сацыялізму, мае магчымасць са сваёй краіны «спокойно уехать и устроиться за тысячи верст от родины».

Незалежныя сацыёлагі актуальнасць такіх асцярог пацвярджаюць. Працэнт беларусаў, якія дэкларуюць сваю гатоўнасць назаўжды пакінуць Радзіму, не апускаўся за апошнія 10 гадоў ніжэй за 34% (тут і далей дадзеныя НІСПД). Але гэта ў цэлым па выбарцы. Сярод моладзі гатоўнасць выехаць на ПМЖ — у два разы вышэй!

Адказ на пытанне «Дзе, на ваш погляд, лепш жывецца насельніцтву — у Беларусі ці ў краінах ЕС?» не выклікае ў суайчыннікаў складанасцяў. У чэрвені 2012 года 67% рэспандэнтаў абралі ЕС і толькі 13% — Беларусь (7 гадоў таму колькасць эканамічных патрыётаў была ў два разы вышэй). З падобным успрыманнем рэальнасці ўлада не можа не лічыцца. Адсюль маніякальнае жаданне павялічваць заработную плату тэмпамі, якія не стасуюцца з магчымасцямі эканомікі.

У свой час венгерскія таварышы паспрабавалі адказаць на выклікі глабалізацыі дамарослай мадэллю, якая атрымала назву «гуляшны сацыялізм». Як і яе беларускі аналаг, венгерская мадэль не адпрэчвала рынку, але пад жорсткім кантролем з боку дзяржавы. У ролі ж галоўнага эканамічнага суб’екта выступалі чыноўнікі. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Чыноўнікі-прадпрымальнікі набралі пазыкаў, за якія пасля 1990 года давялося расплачвацца дзяржаўнай уласнасцю. Венгрыя — лідар еўрапейскага маштабу па колькасці замежнага капіталу ў эканоміцы: каля 60% — у апрацоўчай прамысловасці і ў банкаўскім сектары.

Патрыёты «ржавай трубы»

Дзяржаўная ідэнтычнасць — ненадзейная, асабліва ва ўмовах, калі не дзяржава з’яўляецца гістарычнай вытворнай ад народа, а наадварот — народ фармуецца ў якасці пабочнага прадукту дзяржавы, што функцыянуе. А гэта якраз наш выпадак.

Механізм адміністрацыйнага згуртавання быў вывучаны псіхолагам Музеферам Шэрыфам у серыі палявых эксперыментаў. На працягу некалькіх гадоў Шэрыф арганізоўваў летні лагер для амерыканскіх школьнікаў, якія да прыезду ў лагер не былі знаёмыя адзін з адным. Дзеці падзяляліся на дзве групы, што размяшчаліся ў асобных дамках. На пачатковым этапе ў кожнай групе выпрацоўваліся свая сімволіка, рытуалы і нормы групавых паводзін. Падчас наступнай фазы даследавання паміж дзвюма групамі ладзілася некалькі спаборніцтваў (па бейсболу, футболу і інш.) з раздачай калектыўных трафеяў, якія прысуджаліся чальцам групы, што перамагла.

Такога кшталту спаборнасць спараджала варожасць у адносінах да чальцоў іншай групы. Абедзве групы рэдка не скарыстоўвалі магчымасць распачаць сварку і прынізіць здольнасці адзін аднаго. Да часу заканчэння спаборніцтваў чальцы абедзвюх груп сцвярджалі, што яны не хочуць больш нічога рабіць разам. У той жа самы час даследнік фіксаваў рост унутрыгрупавой салідарнасці.

Такім чынам, выключна намінальны падзел людзей на групы аўтаматычна спараджаў схільнасць бачыць свет скрозь прызму дыхатаміі «мы — яны». Пры гэтым «мы» заўсёды апыналіся ў чымсьці лепшымі, чым «яны». Як тут ні прыгадаць афарызм АП: «Белорусы — это те же русские, но со знаком качества».

Але не сам факт падзелу спараджаў міжгрупавую варожасць. Варожыя пачуцці ўзнікаюць з міжгрупавой канкурэнцыі за абмежаваныя рэсурсы, а таксама з іншых рэальных ці ўяўных канфліктаў інтарэсаў.

Звернемся да сакавіцкага апытання НІСПД. Колькасць прыхільнікаў продажу «Белтрансгаза» Расіі была меншая за колькасць не згодных з гэтым (15% vs. 54%). Нагадаю, што за «ржавую трубу» беларусы атрымалі 5 мільярдаў долараў. Без гэтай сумы пазбегнуць калапсу фінансавай сістэмы ў канцы 2011 года было б праблематычна. Але грамадская думка не ў стане аналізаваць такія тонкасці. Труба — наша, і страта кантролю роднай дзяржавы над адным з галоўных эканамічных актываў краіны насельніцтва ўспрыняло хваравіта.

Сам факт агароджвання пэўнай тэрыторыі дзяржаўнай мяжой здольны спарадзіць шлейф прыналежных займеннікаў: «мы», «наша» і да таго падобных. Аднак гэта той выпадак, калі форма не адпавядае зместу. Пра гэта неабходна памятаць.

Каментаваць