Паветраныя бюлетэні

Калі ЦВК паведамляе грамадзянам, што ў Мінску прагаласавала каля 58% выбарцаў, не трэба ёй верыць. Пра гэта ведае большасць мінчукоў, якая праігнаравала галасаванне. Адкуль жа лічбы — спытаецеся вы. А ніадкуль — з паветра. Магу гэта засведчыць як назіральнік.



На ўчастку №586 знакамітай 107-й акругі, размешчаным на вуліцы Усходняй, 40 у гімназіі №6, балатаваліся рэкордных 5 кандыдатаў, уключаючы дзейснага дэпутата і кіраўніка камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Віталя Бусько. Шосты прэтэндэнт ад БНФ Уладзімір Падгол у акрузе зняўся напярэдадні галасавання.

Сіламі ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» працэс галасавання — ад папярэдняга да галасавання па месцы жыхарства і непасрэдна 23 верасня на ўчастку — быў цалкам падкантрольны назіральнікам. Выбаршчыкаў лічылі па галовах і штодня звяраліся па пратаколах участковай камісіі. Лічбы стасаваліся, бо ўсё было навідавоку. Акруга невялікая: 1125 асобаў, надзеленых правам галасаваць.

Вырашалася галоўнае пытанне кампаніі–2012 — ці адбудуцца выбары ўвогуле, калі большасць апазіцыйных сіл заклікала да байкоту галасавання. Працэс ішоў руцінна: папярэдняе галасаванне — 94 чалавекі за 5 дзён, ці 8,35% (а не 19% у сярэднім па сталіцы, як паведамляла ЦВК). З «сярэдняй тэмпературай па шпіталю» карціна не зусім супадала. Падобная сітуацыя назіралася на суседнім участку №588, таксама ахопленым назіральнікамі.

Лічбы ўчастковай камісіяй не аспрэчваліся. Як і лічбы галасавання з вынасной скрыняй па дамах пажылых выбарцаў (абодва вынасы скрыні 23 верасня назіральнікі пракантралявалі — плюс яшчэ 36 галасоў).

Непасрэдна на ўчастку 23 верасня таксама малалюдна — калі бліжэй да 17 гадзін Лідзія Ярмошына пераможна паведаміла, што ў Мінску «ў сярэднім» ужо аддалі свае галасы больш 48% выбарцаў, сумарная колькасць пададзеных галасоў не перавышала 25% ад спісу. І канчаткова спынілася ў 20.00 — у выніку, нагадаем, пагалоўнага падліку — на лічбе 346.

Паўторымся: 94 чалавекі прагаласавалі папярэдне, 36 — у дзень асноўнага галасавання па месцы жыхарства ў вынасную скрыню, 216 — на ўчастку. Усяго 30,75%. Выбары не адбыліся.

Падлік галасоў зрокава не прынёс нічога дзіўнага: з ускрытых скрыняў на сталы выпала, адпаведна, небагатая колькасць бюлетэняў. Лічылі іх даволі дзіўным чынам: 12 сябраў камісіі не складалі іх у стосы, не сартавалі адпаведна абраным у кожным з бюлетэняў кандыдатам (было б 7 стосаў — 5 за кожнага з прэтэндэнтаў, 1 супраць усіх і 1 — сапсаваныя). Сябры камісіі, падсунуўшы да сябе частку агульнай кіпы, лічылі кожны свой кавалак асобна, запісваючы прамежкавы вынік на выдадзеную кожнаму паперку. Затым паперкі збіраліся старшынёй, і лічбы па пазначаных пазіцыях — за кагосьці ці супраць усіх — моўчкі складаліся.

Вы яшчэ не здагадаліся, да чаго ішла справа? Правільна, ніхто з сябраў камісіі не ведаў агульнай колькасці бюлетэняў. Барацьба ішла не толькі за тое, каб «працягнуць» патрэбнага кандыдата, не агалошваючы ўслых набраны ім працэнт, а яшчэ і за тое, каб «выбары адбыліся».

Фінал наступіў вокамгненна. Старшыня хутка спакавала пагашаныя і прагаласаваныя (сціплы стосік) бюлетэні — і… Нечакана бегма, у суправаджэнні пакліканага ахоўніка — старэйшага лейтэнанта, пакінула ўчастак, выгукнуўшы праз плячо: «Вынікі галасавання абвесцяць сакратар і намеснік старшыні камісіі…»

Дзверы за старшынёй камісіі, намеснікам дырэктара гімназіі №6 Раманчук Надзеяй Мікалаеўнай зачыніліся. І толькі тады прагучалі вынікі — у дзень выбараў на ўчастку быццам прагаласавала не 216, а 442 (!) выбарцы. Агулам — 573, ці 50,1%. Зразумела, гэтых бюлетэняў не было ў знесеным стосіку. Гэтыя людзі не распісаліся ў спісах рэгістрацыі ў момант атрымання бюлетэняў — а дапісаць больш за дзвесце фальшывых подпісаў папросту не было часу. 227 галасоў дадалі нахабна, не саромеючыся і не вагаючыся.

Цікава, што сітуацыя паўтарылася на суседнім участку №588 у той жа гімназіі №6. Назіральнікі ўчастка №586 паспелі папярэдзіць сваіх калег на ўчастку №588, дзе колькасць выбарцаў перавышала 2000 і падлік ішоў марудней, пра методыку зносу бюлетэняў. І калі старшыня камісіі бессаромна «дамаляваў» у выніковы пратакол каля 500 галасоў, назіральнікі запатрабавалі пераліку бюлетэняў (колькасць рэальна пададзеных галасоў вагалася каля 30% і без дапіскі выбары б не адбыліся). Адказ быў просты: пераліку колькасці бюлетэняў не будзе: хочаце скардзіцца — скардзіцеся.

Фальшаванне выбараў у Беларусі перайшло ў нейкую новую, фантасмагарычную фазу. Няма патаемнага дакідвання (хаця на ўчастку №588 закід каля 50 бюлетэняў адбыўся ў вынасную скрыню, якую не суправаджаў назіральнік). Дарма палохацца хітрых «каруселяў», калі на ўчастак падвозяць пару аўтобусаў ліпавых галасоўшчыкаў. Гэтага не стае. Лічбы — без усялякага сумневу і згрызотаў сумлення — бяруцца папросту з паветра. Калі кагосьці цікавіць, каму ж дасталася большасць паветраных галасоў на ўчастку №586, паведамляем: дзейнаму дэпутату Віталю Бусько — 324. Калі лічыць ад колькасці рэальных удзельнікаў выбараў — 93,7% (пры чатырох канкурэнтах). Страшна падумаць: папулярнасць, вышэйшая за Лукашэнку…

Каментаваць