Пажар на балоце: сацыёлагі фіксуюць абвал даверу да ўлады

Чэрвеньскае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў паказала абвал даверу да ўлады ў насельніцтва, рэзкае пагаршэнне дабрабыту беларусаў.

Метадам face-to-face interview спецыялісты НІСЭПД апыталі ў чэрвені 1 503 рэспандэнты ва ўзросце ад 18 гадоў, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%.

Аналітыкі НІСЭПД найперш апелююць да эканамічнага складніку апытання — людзі канстатуюць сваё гранічнае збядненне.

Чэрвеньскае апытанне Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў паказала абвал даверу да ўлады ў насельніцтва, рэзкае пагаршэнне дабрабыту беларусаў.

Метадам face-to-face interview спецыялісты НІСЭПД апыталі ў чэрвені 1 503 рэспандэнты ва ўзросце ад 18 гадоў, памылка рэпрэзентатыўнасці не перавышае 3%.

Аналітыкі НІСЭПД найперш апелююць да эканамічнага складніку апытання — людзі канстатуюць сваё гранічнае збядненне.

У сакавіку гэтага года 26% рэспандэнтаў сказалі, што іх матэрыяльнае становішча за апошнія тры месяцы пагоршылася, у чэрвені гэтая лічба вырасла ў разы — 73,4% апытаных заявілі пра сваё збядненне. Цікава, што ў сакавіку мінулага года пасля 20% дэвальвацыі, якую ўлады тлумачылі следствам сусветнага фінансавага крызісу і патрабаваннем МВФ, такі адказ далі 29,8%. «Беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе», — такое меркаванне выказалі 81,5% апытаных. І, насуперак таму, што гучыць з высокіх трыбунаў, пераважная большасць мяркуе, што ў гэтым вінаваты прэзідэнт (44,5%) і ўрад (36,7%).

“Не ўзровень галечы, а ўзровень падзення адносна ранейшага ладу жыцця ёсць вызначальным. У кожнага чалавека ў розны час ён свой, — разважае прадстаўнік партыі БНФ, адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў масавых акцый пратэстаў у 1990-я гады Віктар Івашкевіч. — Напрыканцы 1980-х дэфіцыт тавараў справакаваў лакальныя страйкі, але яны не прымалі масавага характару. У другой палове 1990-га была сітуацыя, як зараз, — усе супраць. Як пажар на балоце — агню не бачна, але курыць. І вось у сакавіку 1991 года, калі ў два разы падвысілі цэны, людзі прыйшлі на абед у заводскай сталоўцы, а ім сказалі, што трэба плаціць два рублі, а не адзін. Скончылася крыкам і маршам да Дома ўрада. Ацэньваючы цяперашнія лакальныя сацыяльныя пратэсты, Віктар Івашкевіч як чалавек дасведчаны гаворыць: “Цяпер не трэба будзе чакаць наступнай восені.

“Рэальнае падзенне заробкаў “адправіць людзей да іх дырэктараў, а тыя, ужо ў сваю чаргу, скажуць, хто ў нас усім кіруе. Базавае тут — настрой. Мяжа жабрацтва, якую беларусы не прымаюць, ужо пяройдзеная. Тыя рабочыя, якія выйшлі нядаўна на страйкі, таксама не мелі з сабой сцягоў Пазняка, а прасілі заробкаў. Праўда, яшчэ ёсць надзеі, ёсць нармальнае жаданне адцягнуць рашучы крок. Хачу сказаць, што лідары грамадства з’яўляюцца па запатрабаванню, але для гэтага трэба быць побач з людзьмі, — папярэджвае сваіх паплечнікаў па палітычнаму полю Івашкевіч.

Колькасць тых, хто лічыць, што “ў цэлым сітуацыя ў Беларусі развіваецца ў няправільным кірунку, усяго за тры месяцы ўзрасла з 40% да 61,8%, а “ў правільным — наадварот, знізілася з 45% да 26% (амаль дасягнуўшы самага нізкага паказчыка вясны 2003 года за ўсю гісторыю маніторынгу НІСЭПД).

Манетарныя сімпатыі

Паколькі беларусы схільныя найперш да “каўбасных бунтаў, а не да адстойвання Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, сацыёлагі выводзяць лагічны ланцужок — абвал эканомікі справакаваў расчараванне ва ўладзе.

Колькасць тых, каго “за апошнія тры гады крыўдзілі прадстаўнікі органаў улады, за паўгода вырасла на 4% і дасягнула 33,7%, а тых, “хто хутчэй не адчувае сябе абароненымі ад магчымага самавольства з боку ўладаў, міліцыі, ДАІ, падатковай службы, судоў, іншых дзяржаўных структур павялічылася на 8% і дасягнула амаль 57%.

У сакавіцкім апытанні колькасць тых, хто лічыў, што “перамога Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах яшчэ больш з’яднала беларускае грамадства перавышала колькасць тых, хто сказаў, што “яшчэ больш раскалола (40,9% vs. 38,7%), то цяпер гэтыя суадносіны сталі адваротнымі — 31,05% vs. 44,9%.

Больш за палову (52,5%) апытаных мяркуюць, што прэзідэнт Лукашэнка перш за ўсё абапіраецца «на вайскоўцаў, МУС, КДБ», 37,9% — «на прэзідэнцкую» вертыкаль, 23,08% — на дзяржаўных чыноўнікаў. Простыя людзі (19,03%), спецыялісты ( 7,2%), культурная і навуковая эліта (4,1%), бізнэсмэны (2,5%) — аўтсайдэры па ўзроўню падтрымкі дзеючай улады ў свядомасці беларусаў.

Нягледзячы на агульны нізкі ўзровень паліталагічнай адукаванасці беларусаў, аўтарытарызм раптоўна перастаў карыстацца падтрымкай. На пытанне “Як Вы лічыце, тое, што ў руках А. Лукашэнкі сканцэнтравана цяпер практычна ўся ўлада ў краіне, ідзе на карысць Беларусі ці не дае краіне нічога добрага? 59,1% адказалі «не дае краіне нічога добрага» і толькі 26% — «ідзе на карысць Беларусі» (у верасні мінулага года гэтыя суадносіны былі 38,5% vs. 44,1%).

Упершыню за многія гады лік тых, хто давярае прэзідэнту, нашмат перавысіў колькасць тых, хто давярае: 53,8% vs. 35,7% (яшчэ паўгода таму было 34,1% vs. 55%), а колькасць гатовых зноў прагаласаваць за яго на прэзідэнцкіх выбарах упершыню з сакавіка 2003 года апусцілася ніжэй за 30% і склала 29% (у снежні 2010 года — 53%, у сакавіку 2011 года — 42,9%).

Палітолаг, аўтар кнігі “Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт Валерый Карбалевіч мяркуе, што ў падзенні рэйтынгу для беларускага лідара тоіцца сапраўдная небяспека. “Рэйтынг кіраўніка дзяржавы ва ўмовах персаналісцкага рэжыму асабліва важны. Адметнасць беларускага палітычнага рэжыму ў тым, што ідэалагічны канструкт афіцыйнай прапаганды трымаўся на аксіёме: “увесь народ падтрымлівае прэзідэнта, а апазіцыя — гэта кучка адмарозкаў, што жывуць за кошт заходніх грантаў. У гэтым канструкце кіраўнік дзяржавы мусіць атрымліваць на выбарах 80–75% галасоў. Усенародна абраны правадыр не можа мець менш за 30% падтрымкі, таму гэтая лічба — сапраўды моцны ўдар па іміджу Лукашэнкі і створанай ім мадэлі. І нездарма ўлады спрабуюць фарсіраваць сітуацыю, а Лукашэнка на апошняй прэс-канферэнцыі цвердзіў, што крызісу ў нас няма, — зазначае палітолаг.

Як кажуць у Адэсе, гэта — дзве вялікія розніцы

Чэрвеньскае апытанне пакуль не выявіла росту пратэстнага патэнцыялу ці, тым больш, «перспектыў беларускай рэвалюцыі». Да акцый пратэсту, якія прайшлі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, ухвальна ставяцца 26% (асуджальна 43,7%, абыякава 24%), а колькасць тых, хто мяркуе, што людзі ў Беларусі ў той ці іншай ступені «баяцца выказваць свае палітычныя погляды цяпер складае ўжо 85%.

Бачаць сябе «ў апазіцыі да цяперашняй улады» 25% (прычым 60% — «удзельнічалі ў публічных дзеяннях для выказвання свайго меркавання такіх, як мітынгі, дэманстрацыі, страйкі і інш.)  выказалі гатоўнасць да такіх дзеянняў каля 20%). Валерый Карбалевіч падкрэслівае, што “больш важна не тое, колькі людзей адказваюць на пытанне сацыёлагаў, а важна, колькі насамрэч выходзіць. “Розніца ў адказе “так і рэальных дзеяннях — на парадак! Цяжка сказаць, якая маса будзе крытычнай. Да таго ж пытанне не толькі ў тым, колькі людзей выйдзе на вуліцу ў адзін дзень і час, а і ў тым, колькі яны гатовыя там стаяць. 19 снежня, калі АМАП прыйшоў разганяць плошчу, па маіх ацэнках, траціна людзей ужо самі сышлі. Цяжка гэта вымяраць у лічбах, але мяркую, што сто тысяч — тая маса, што магла б уплываць і на дзеянні наменклатуры, і на дзеянні сілавікоў, — выказвае свае ацэнкі эксперт.

Ружжо на сцяне

Рэпрэсіўныя меры ўладаў супраць апанентаў усё больш выклікаюць нязгоду і раздражненне ў грамадстве: суровыя прысуды ўдзельнікам «масавых беспарадкаў 19 снежні 2010 года» амаль 40% апытаных ацэньваюць як несправядлівыя. Аднак страх перад беларускай “фемідай пакрыху рассейваецца, і да пратэстаў далучаюцца, так бы мовіць, неафіты. Па краіне праходзяць масавыя “маўклівыя пратэстныя гулянні. Як сведчыць апытанне НІСЭПД, такая мабілізацыя найперш тлумачыцца ростам папулярнасці сацыяльных сетак сярод беларусаў: сёння сеткай «Вконтакте» карыстаюцца 20%, «Аднакласнікі» — 17,9%, «Facebook» — 8,5%. Менавіта праз інтэрнэт арганізатары “маўклівых пратэстаў і заклікаюць людзей выходзіць на вуліцу, а таксама збіраюць штрафы асуджаным за апладысменты на вуліцах сталіцы.

Палітолаг Андрэй Казакевіч да падобнай формы арганізацыі пратэсту ставіцца крыху скептычна, маўляў, палітычны вынік атрымліваецца з іншага рэцэпту. “Усё залежыць не толькі ад таго, колькі людзей прыйшло, але і ад таго, наколькі сур’ёзна яны настроеныя, якая арганізацыя вулічнай акцыі, бо для палітычнага выніку так ці інакш мусіць быць арганізатар. Хаця б для вядзення перамоў, калі гэта спатрэбіцца, — зазначае Казакевіч. — Плюс важна ўлічваць фактары задаволенасці ці незадаволенасці ўладамі бюракратычнага апарату, сілавых структураў. Толькі ў сукупнасці гэтых фактараў магчыма атрымаць перамены. Простай формулы ўвогуле не існуе. Маё адчуванне: каб нешта сапраўды адбылося, нам патрэбны час, бо ўплывовая наменклатурная, сілавая частка ўлады мае інертнасць. Крызіс у нас толькі пару месяцаў, калі ён зацягнецца і будзе пагражаць не толькі простым людзям, але і прадстаўнікам уладных структур, то можна чакаць, што змены ад масавых акцый будуць. Разам з тым палітолаг бачыць і пазітыў ад маўклівых акцый: “Людзі мабілізуюцца, самаарганізуюцца, ёсць палітычнае дзеянне, пераадольванне страху. Гэта пазітыўныя элементы для дэмакратычнай перспектывы. Але не думаю, што самі па сабе спантанныя акцыі могуць прывесці да палітычных рашэнняў. Нейкая структура, арганізацыя гэтага ўсяго мусіць быць. Хаця часам бывае, што падобныя хвалі падхопліваюць палітычныя структуры, але без падставовых арганізацыйных рэчаў гэтыя акцыі — толькі мабілізацыя, выплёскванне народнай энергіі.

Здрада вялікаму брату


На «знешнепалітычным фронце» пакуль без пераменаў — беларусы робяць еўрапейскі выбар. Гатовых галасаваць на гіпатэтычным рэферэндуме за ўступленне Беларусі ў Еўрапейскі Саюз — 45%, «супраць» — 32%, на рэферэндуме аб аб’яднанні Беларусі і Расіі “за — 31%, “супраць — 48%. Калі б давялося паміж імі выбіраць, за ЕС прагаласавалі б 44,5%, за Расію — 35,3%. Выказванні кіраўніка Беларусі аб «такіх казлах, як Барозу» і пра «вашывасць у цяперашняга кіраўніцтва Украіны» «рэзкай, але дапушчальнай ацэнкай некарэктных паводзінаў замежных партнёраў» назвалі толькі 21% рэспандэнтаў, а «недапушчальнай грубіянствам у адносінах да замежных партнёраў» — 68,6%.

Падрыхтавала Вольга Хвоін

Каментаваць