ПБНФ і іншыя

Аб’ядноўваць малыя палітычныя плыні і структуры ў адзіны блок напярэдадні важных падзей — выбараў і рэферэндумаў — справа неабходная і пахвальная. Таму падпісаная 27 кастрычніка Дэкларацыя аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока (БНБ) не можа не прыцягнуць увагу.

(На здымку: Юры Хадыка. Фота Юрыя Дзядзiнкiна)



Аб’ядноўваць малыя палітычныя плыні і структуры ў адзіны блок напярэдадні важных падзей — выбараў і рэферэндумаў — справа неабходная і пахвальная. Таму падпісаная 27 кастрычніка Дэкларацыя аб стварэнні Беларускага незалежніцкага блока (БНБ) не можа не прыцягнуць увагу.

(На здымку: Юры Хадыка. Фота Юрыя Дзядзiнкiна)


Сярод васьмі падпісантаў Дэкларацыі дзве зарэгістраваныя структуры — ПБНФ і РГА Рух “За свабоду. Сярод астатніх — аргкамітэт партыі БХД, зарэгістраваны за мяжой “Малады фронт і чатыры структуры з няпэўным статусам. Такі блок не можа быць зарэгістраваны і выступаць на выбарах як адзіная палітычная сіла. Фармальна адзіны спіс на мясцовыя выбары можа стварыць толькі партыя БНФ. Тым самым істотна пашырыўшы свой інтэлектуальны багаж. Калі будзе ў стане ўлагодзіць амбіцыі астатніх сябраў альянсу БНБ.

Апошнія тры гады за стварэнне правага нацыянальна-дэмакратычнага блока паслядоўна выступаў А. Мілінкевіч. І фармальна ад стварэння БНБ выйграе таксама і рух “За свабоду, асабліва ў перспектыве прэзідэнцкіх выбараў 2011 года. Прыцягвае ўвагу і хуткі рух насустрач жаданням А. Мілінкевіча новага маладога кіраўніцтва ПБНФ, менш чым за два месяцы пераадолеўшага тыя бар’еры, што старое кіраўніцтва было не ў стане пераскочыць за тры гады. Гэта і надае Дэкларацыі агульнаграмадскае значэнне.

Перада мною тэкст Дэкларацыі, і я хачу прааналізаваць, наколькі ён адпавядае тым прынцыпам і каштоўнасцям, на якіх ствараўся і 20 гадоў існаваў Беларускі народны фронт “Адраджэнне.

Ужо ў першых радках мы чытаем: “…эфектыўнае палітычнае супрацоўніцтва магчымае толькі на глебе супольных ідэйных перакананняў…. Гэтаму тэзісу супярэчыць як старая, так і новая палітычная гісторыя. Лютаўскую дэмакратычную рэвалюцыю 1917 года ў Расіі ажыццявілі сілы шырокага палітычнага спектра. Іх аб’ядноўвала толькі жаданне ліквідаваць самаўладную манархію. Кастрычніцкую пралетарскую рэвалюцыю таго ж года супраць улады памешчыкаў і капіталістаў арганізаваў альянс трох партый — бальшавікоў, меншавікоў і эсэраў. Дзве апошнія выступалі за дэмакратычны лад і толькі адна за дыктатуру пралетарыяту.

У пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя нацыянальна-дэмакратычныя рэвалюцыі ў краінах Прыбалтыкі ажыццявілі Народныя франты, што аб’ядноўвалі правых і левых палітыкаў. Яны самаліквідаваліся пасля перамогі гэтых рэвалюцый, саступіўшы месца палітычным партыям, аб’яднаным “супольнымі ідэйнымі перакананнямі.

БНФ таксама яднаў прыхільнікаў дэмакратыі з “лепшымі сіламі КПСС, якія жадалі ліквідацыі СССР і пабудовы незалежнай прававой дзяржавы Рэспублікі Беларусь. І ўсё лепшае, што было дасягнута ў пачатку 1990-х гадоў, дзякуючы гэтаму шырокаму фронту. Але мы не атрымалі канчатковай перамогі, і на рэштках таталітарнай сістэмы паўстаў дыктатарскі аўтарытарны рэжым А. Лукашэнкі. Таму старое кіраўніцтва ПБНФ і не лічыла неабходным адмаўляцца ад цэнтрысцкай пазіцыі і паслядоўна выступала за саюз правых і левых партый, якія прызнаюць незалежнасць Беларусі і дэмакратыю, як найлепшую форму палітычнай улады. Таму адкрыта абвешчаны дрэйф ПБНФ на правы фланг палітычнага спектра — здрада яе прынцыпам і падрыў аўтарытэта БНФ у вачах шырокіх колаў беларускага грамадства. Ды і раскол нацыянальна арыентаваных сіл. Канешне, у тым выпадку, калі новае кіраўніцтва не лічыць, што мэты Народнага фронту ўжо дасягнуты. А таму шырокага альянсу дэмакратычных сіл ужо не трэба, і існуючы ў Беларусі палітычны рэжым патрабуе толькі касметычных аперацый.

Архітэктары Беларускага незалежніцкага блока. Фота Юрыя Дзядзiнкiна


Характар гэтых аперацый акрэслівае наступны раздзел Дэкларацыі, прысвечаны “падставовым каштоўнасцям нашай (БНБ) дзейнасці. Тут побач са “свабодай і годнасцю асобы, суверэнітэтам краіны і іншымі правільнымі лозунгамі прысутнічае і “беларускае грамадства, пабудаванае на глебе хрысціянскай маралі. Такога ў дзеючай яшчэ праграме ПБНФ няма.

Няма таму, што такая дэкларацыя характэрная для мэтаў клерыкальных партый, якія збанкрутавалі ў Еўропе яшчэ ў XIX стагоддзі. Нават існуючыя сёння хрысціянска-дэмакратычныя партыі зыходзяць з уяўлення аб свецкім характары грамадства і дапускаюць існаванне ў краіне супольнасцяў іншага веравызнання з, адпаведна, іншай мараллю. Нават маральныя каштоўнасці розных хрысціянскіх канфесій (цэркваў) могуць не супадаць. Так, для некаторых пратэстанцкіх цэркваў багацце ёсць знак абранасці і Божага дабраслаўлення чалавека. А для кананічных хрысціянскіх канфесій, каталіцтва і праваслаў’я, багацце — гэта спакуса і цяжкое выпрабаванне. Бо лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ў царства нябеснае (Евангелле ад Матфея, раздзел 19, верш 24). Ёсць адрозненні і ў пытаннях сужэнства, разводу, абортаў і г. д. Таму не вядома дакладна, якой сістэме каштоўнасцей будуць вучыць нас сябры БНБ.

Побач з сур’ёзнымі палітычнымі памылкамі ўтрымлівае Дэкларацыя дробныя і нават смешныя. Так, у нацыяналістычным запале стваральнікі БНБ будуць абараняць не толькі самабытнасць беларускай нацыі і яе культуры, але і “унікальнасць беларускай мовы. Ці не забылі яны, што беларуская мова адна з добрага дзесятка славянскіх моў і нічым не больш унікальная, чым сербская, славацкая, славенская, чэшская, польская, украінская, руская?

Ёсць, праўда, і добрыя тэзісы. Побач з намерам “спрыяць наладжванню стратэгічнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрасаюза (што з’яўляецца фішкай беларускіх праеўрапейцаў) прысутнічае і “захаванне добрасуседскіх і ўзаемавыгадных стасункаў з РФ, хаця і ўзгаданае мімаходзь.

Нарэшце, самае цікавае і паказальнае ў прыярытэтных накірунках дзейнасці БНБ — “асуджэнне таталітарных ідэалогій камунізму і фашызму. Не асуджэнне злачыннай практыкі сталінскага і гітлераўскага рэжымаў, не змаганне з палітычнымі нашчадкамі гэтых рэжымаў, не барацьба за публічнае асуджэнне тых, хто рабіў крывавыя злачынствы і гвалт з імкнення беларусаў да незалежнасці. А бяскрыўднае асуджэнне ідэалогій. У лік якіх можна дадаць ідэалогіі мусульманскіх экстрэмістаў і тэрарыстаў, тэакратычных рэлігійных сектаў, саенталогіі і прапаведнікаў касмічнай энергіі.

Палітычны сэнс гэтага ваяўнічага пункта ў Дэкларацыі зразумелы. Гэта спроба апраўдаць свае намаганні разваліць рэальны існуючы блок апазіцыйных партый АДС, выкарыстоўваючы ў якасці аб’екта атакі ПКБ і яе лідэра С. Калякіна. Мабыць, А. Мілінкевіч прызнае ў ягонай асобе самага небяспечнага канкурэнта з боку дэмакратычных сіл на прэзідэнцкіх выбарах 2011 года і хоча сарваць выбары адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Смешна, але ў той жа дзень, калі падпісвалася дэкларацыя беларускімі праціўнікамі ідэалогіі камунізму, з’езд ПКБ перайменаваў партыю. Цяпер гэта партыя левых, як прынята на Захадзе называць прыхільнікаў калектывісцкіх поглядаў і праціўнікаў буржуазнага лібералізму. І цяпер фармальнай падставы, каб БНБ не далучыўся да АДС, няма. Да гэтага і заклікала старое кіраўніцтва БНФ А. Мілінкевіча многа гадоў. Інакш давядзецца перапісваць Дэкларацыю, каб асудзіць ідэалогію левых наогул.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, трэба прызнаць слушнасць дыягназу палітыкі арганізацый, якія згуртаваліся ў БНБ, што быў пастаўлены Л. Баршчэўскім. У гэтым аб’яднанні не грамадскія арганізацыі схаваліся пад парасон ПБНФ. А старэйшая дэмакратычная партыя схавалася пад парасон руху “За свабоду. Пра гэта красамоўна гавораць зачыны для “прыярытэтных кірункаў дзейнасці. Стварэнне ўмоў, ініцыяванне, абарона правоў, правядзенне працы, спрыянне, наладжванне і асуджэнне. Гэта стыль працы НДА і мэты, адпаведныя практыцы недзяржаўнага сектара. ПБНФ пераўтвараецца ў рух для абслугоўвання чужых амбіцый. Калі гэта кіраўніцтву партыі дазволіць большасць яе сяброў.

Каментаваць