Ператрус у “Народнай волі”

Каля 40 хвілін доўжыўся 17 лютага ператрус у рэдакцыі незалежнай газеты “Народная воля. Яго ладзілі супрацоўнікі Ленінскага РУУС горада Мінска на чале з маёрам Аляксандрам Чуем, які складаў і падпісваў пратакол вобшуку і вымання сістэмнага блоку камп’ютара журналісткі выдання Марыны Коктыш.



Каля 40 хвілін доўжыўся 17 лютага ператрус у рэдакцыі незалежнай газеты “Народная воля. Яго ладзілі супрацоўнікі Ленінскага РУУС горада Мінска на чале з маёрам Аляксандрам Чуем, які складаў і падпісваў пратакол вобшуку і вымання сістэмнага блоку камп’ютара журналісткі выдання Марыны Коктыш.

“Як высветлілася, гэта рэха “паляўнічай справы, нарэшце, дакацілася, па якой 17 лютага павінен быць вынесены прысуд. Пакрыўджаны экс‑старшыня УКДБ Гомельскага вобласці (на момант пачатку гэтай справы) і цяперашні старшыня УКДБ Гродзенскай вобласці Іван Корж шукае тых, хто на яго ўзвёў паклёп. Дакладней, па яго заяве шукае міліцыя. Вусна гаварылася, што не спадабаліся Каржу артыкулы на сайтах “Хартыя‑97 і “Беларускі партызан, але ў выніку канфіскавалі кампутар Марыны Коктыш, - напісала ў сваім блогу намесніца галоўнага рэдактара “Народнай волі Святлана Калінкіна.

Як паведамляе сама рэдацыя “Народнай волі, “упершыню беларуская грамадскасць даведалася аб “паляўнічай справе 29 красавіка 2009 года. На нарадзе, прысвечанай працы праваахоўных органаў, прэзідэнт паведаміў: “У поле зроку КДБ нядаўна трапіў начальнік аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў, які арганізаваў умовы для палявання, рыбалкі і яшчэ таго-сяго. Устаноўлена, што ў 2003 годзе ён набыў і аформіў на падстаўную асобу сядзібу плошчай больш за два гектары на тэрыторыі Жлобінскага раёна, захапіў пры гэтым яшчэ больш за адзін гектар лясных угоддзяў, самавольна ўзвёў 14 пабудоў, абзавёўся зграяй з 29 пародзістых сабак і трыма дзікамі. Усю гэтую гаспадарку абслугоўвалі мясцовыя жыхары. На ўласнай базе рэгулярна ажыццяўляліся паляванне, рыбалка з удзелам кіраўнікоў, у тым ліку Беларускага металургічнага завода, і высокапастаўленых службовых асоб органаў унутраных спраў, напрыклад начальніка галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Ермакова.

Слуханні крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб МУС праходзілі ў закрытым рэжыме ў Вярхоўным судзе з 12 кастрычніка 2009 года. Фігурантамі з'яўляюцца былыя начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў, начальнік УБКіЭЗ УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Малаеў, начальнік УБКіЭЗ СН УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Баранаў і начальнік АБКіЭЗ Жлобінскага РАУС Леанід Мінянкоў. Усе яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады (арт. 426 КК). У крымінальнай справе фігуруюць таксама іншыя грамадзяне, якія абвінавачваюцца ў незаконным паляванні (размова ідзе пра здабыванне еўрапейскай рысі, занесенай у Чырвоную кнігу) і бяздзейнасці службовых асоб. Справа аб незаконным паляванні і перавышэнні ўлады аб'яднаны ў адну вытворчасць.

Хутка пасля таго, як стала вядома пра ператрус у “Народнай волі, у рэдакцыю пачалі прыбываць журналісты розных незалежных мас-медыя, а таксама сябры праўлення і юрысты ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў, замежныя дыпламаты.

Як распавяла сама Марына Коктыш, ранкам у сераду яе дапыталі ў якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай па артыкуле Крымінальнага кодэксу “Паклёп у дачыненні да службовых асоб КДБ. “Я была адной з тых журналістак, што сустракаліся са сваякамі міліцыянтаў, якіх зараз судзяць. Вось, у прынцыпе, і ўсё, - кажа журналістка. -  Сваякоў таксама дапыталі па крымінальнай справе, і, верагодна, яны назвалі журналістаў, з якімі яны сустракаліся. Інфармацыя была размешчана на сайтах “Хартыі’97 і “Беларускі партызан, у “Народнай волі нічога не было. Пасля таго, як мяне дапыталі ў скасці сведкі, яны прыехалі ў рэдакцыю канфіскоўваць камп’ютар, каб праверыць, ці не з яго інфармацыя пайшла на тую ж “Хартыю. Але ніякай інфармацыі я нікуды не адпраўляла.

Дзіўна паводзілі сябе міліцыянты, якія прыбылі разам з маёрам Чуем. Яны спрабавалі забараніць журналістам карыстацца мабільнай сувяззю, здымаць працэс апісвання камп’ютара Марыны Коктыш і складання пратаколу. Калі аднаго з “праваахоўнікаў запыталі, на падставе якога закону забараняецца весці здымкі, той на імгненне зніякавеў, а потым адказаў: “У нас свае законы. Як кажуць, без каментароў…

Па словах намесніка старшыні ГА “БАЖ юрыста Акндрэя Бастунца, сведка – гэта той чалавек, які мае інфармацыю пра злачынства.

“У дадзеным выпадку міліцыя, верагодна, лічыць, што Марына Коктыш мае нейкую інфармацыю аб дадзеным правапарушэнні. Аднак я заўважу: фактычна такія дзеянні міліцыі сведчаць пра тое, што Марыну падазраюць у распаўсюдзе паклёпніцкай інфармацыі, паколькі на яе камп’ютары шукалі менавіта тыя матэр’ялы, якія сталі падставаю для завядзення крымінальнае справы. У прынцыпе, Крымінальна-працэсуальны кодэкс дае права праводзіць ператрусы, у тым ліку і ў сведкаў, вымаць тыя ці іншыя прадметы, якія могуць мець дачыненне да справы. Але я лічу абсалютна недапушчальнай такую сітуацыю, я лічу гэта ўмяшальніцтвам у свабоду слова. Міліцыя часта спасылаецца на нямецкі досвед, тым не менш, у Германіі проста забаронена праводзіць ператрусы ў рэдакцыях газет і ў журналістаў, і тое, што мы бачылі зараз, я называю ўласцівым для Беларусі прымяненнем крымінальна-працэсуальнага заканадаўства ў тых ці іншых мэтах, - адзначыў Андрэй Бастунец.

Галоўнага рэдактара “Народнай волі Іосіфа Сярэдзіча абурыла тое, якім чынам пачынаўся сам ператрус. “Яны наляцелі бы нейкія коршуны, без усялякага папярэджання, нават не зайшлі да мяне як кіраўніка выдання. Мяне выклікаў карэспандэнт Віталь Гарбузаў у той пакой, дзе працуюць журналісты. Я запрасіў міліцыянтаў у свой кабінет, але яны адмовіліся, на адлегласці ў метр паказалі мне нейкую паперку, маўляў, ёсць пастанова, паказвайце месца… Я адказаў, што пры такім падыходзе ніхто з супрацоўнікаў газеты не пакажа вам месца, дзе стаіць камп’ютэр Марыны Коктыш. А калі вы пойдзеце патрашыць усе працоўныя месцы, гэта будзе гвалт. Толькі пасля гэтага яны прыйшлі ў мой кабінет, я ўслых прачытаў у прысутнасці журналістаў пастанову, як раз зайшоў і Андрэй Бастунец. Пасля гэтага я сказаў, што мне ўсё зразумела, на падставе закона я не маю права вам адмовіць, ідзіце і працуйце. Тут і сама Марына з’явілася. Яны канфіскавалі камп’ютэр Марыны і з’ехалі, нават не зайшлі перад гэтым у мой кабінет, хоць я іх і прасіў аб гэтым, - распавёў Іосіф Сярэдзіч.

На думку Андрэя Бастунца, існуюць усе падставы для таго, каб абскардзіць такія дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. “Застаецца пытанне: а наколькі значнымі былі падставы меркаваць, што тут знаходзяцца тыя ці іншыя матэр’ялы? Бо такім чынам можна рабіць ператрусы ў любым памяшканні, дзе ёсць камп’ютар. І заўважу, што гэта адбываецца па справе, звязанай з замахам на гонар і годнасць асобы, рашэнне ў дачыненні да якой ужо было вынесена і грамадзянскім , і агульным судом. І тое, што гэта зараз пераводзіцца ў крымінальны характар, паказвае ўзровень свабоды слова ў Беларусі, а таксама магчымасці службовых асоб задзейнічаць сілавыя ведамствы для вырашэння сваіх праблем, - падкрэсліў намеснік старшыні ГА “БАЖ.     
    

Каментаваць