Пяць хвілінак дэмакратыі

Перадвыбарная агітацыя блізіцца да фіналу. Але, апроч пяціхвілінак тэледэбатаў, якія прапусцілі ў эфір, сатырычных улётак ды нешматлюдных сустрэч з выбарцамі, асабліва і прыгадаць няма чаго. І назіральнікі, і аналітыкі ў адзін голас гавораць пра «вялацякучую выбарчую кампанію».
 

Парламенцкія выбары, у адрозненне ад выбараў прэзідэнцкіх, беларуская ўлада праводзіць у «сумным рэжыме». У гэтым ёсць свая рацыя. У электаральнай мабілізацыі акрамя плюсаў маюцца і мінусы. Мабілізуючы сваіх прыхільнікаў, улада аўтаматычна мабілізуе і сваіх апанентаў. Адсюль Плошча з яе букетам негатыўных для сацыяльнай стабільнасці наступстваў.

Улічваючы цяперашні стан эканомікі, з вялікай ступенню верагоднасці можна прагназаваць, што цяперашнія парламенцкія выбары не стануць выключэннем. Яны пройдуць традыцыйна. Гарантам традыцыі, што склалася, выступіць сам кіраўнік дзяржавы, пра што ён і заявіў у ходзе травеньскага паслання: «Я гарантую, што маючая адбыцца выбарчая кампанія пройдзе на самым высокім узроўні і ў строгай адпаведнасці з законамі і Канстытуцыяй нашай краіны. Ні кроку налева, направа, ні кроку!».

 Аналітыкі Незалежнага інстытута сацыяльна-палітычных і эканамічных даследаванняў яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі канстатавалі, што беларускае грамадства вельмі абыякава ставіцца да палітыкі.

Галоўнай праявай палітычнай актыўнасці беларусаў ёсць «галасаванне нагамі» старэйшага пакалення, то бок звычка хадзіць на ўчастках ды запаўняць бюлетэнь незалежна ад таго, ці звязваюцца з кандыдатам N нейкія спадзяванні. У актыўных кампаніях гатовыя ўдзельнічаць толькі 21,5% беларусаў. Калі блізкі па духу кандыдат у дэпутаты прапануе ўвайсці ў яго выбарчую каманду, то ад такой авантуры адмовяцца ажно 68,3% апытаных.

«Пры гэтым насуперак фактару страху, на які так любяць спасылацца многія незалежныя эксперты і апазіцыйныя палітыкі, праціўнікі ўлады дэкларуюць сваю гатоўнасць аказаць дапамогу свайму кандыдату ў 2,8 разу часцей за прыхільнікаў улады», — абнадзейваюць аналітыкі НІСЭПД.

Высновы сацыёлагаў паказвае і практыка. Так, у справаздачы назіральнікаў за выбарамі канстатуецца, што «дэбаты кандыдатаў адбываюцца на меншасці акругаў, інфармацыйныя стэнды ў многіх акругах застаюцца пустымі, не назіраецца масавага распаўсюджвання друкаванай агітацыйнай прадукцыі».

Гэтай апатыі ўсяляк садзейнічае і Цэнтральная камісія (пры гэтым старшыня ЦВК любіць панаракаць на тое, што электаральныя кампаніі праходзяць сумна ды без драйву). Было забаронена ўдзельнічаць у тэледэбатах тым давераным асобам кандыдатаў у дэпутаты, якія самі з’яўляюцца кандыдатамі. Хаця гэтае рашэнне і супярэчыць арт. 46 Выбарчага кодэкса, які дазваляе давераным асобам кандыдатаў удзельні­чаць у дэбатах замест кандыдата без агаворак. Мае месца працэс цэнзуравання тэлевыступаў апазіцыйных кандыдатаў і іх праграм у дзяржаўнай прэсе, ёсць факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу на карысць праўладных кандыдатаў.

Але пры ўсёй паныласці працэсу ўсё ж менавіта тэледэбаты крыху расфарбоўваюць тэлевізійны эфір. Хаця і ў гэтым сціплым 5-хвілінным праве голасу нямногія пабачылі магчымасці, як і ў вулічных пікетах. «Нягледзячы на тое, што на сёлетніх парламенцкіх выбарах зарэгістравана на 100 кандыдатаў больш, чым на папярэдніх, далёка не ўсе з іх выкарыстоўваюць магчымасць правядзення вулічных агітацыйных мерапрыемстваў. У прыватнасці, толькі 73 прэтэндэнты падалі заявы на перадвыбарныя пікеты, з іх 40 — у Мінску».

Перадвыбарныя дэбаты таксама не сталі распаўсюджанай з’явай. Так, у Гродзенскай вобласці яны не пройдуць ні ў адной з акругаў, у Мінску — у 14 акругах, у Брэсцкай і Віцебскай абласцях — у 8, у Магілёўскай — у 5, у Мінскай і Гомельскай абласцях — у 2 акругах». Варта было б адзначыць удалыя выступы кіраўніка партыі АГП Анатоля Лябедзькі, незалежнага кандыдата Віталя Каратыша, кандыдата ад партыі «Справядлівы свет» Мікалая Петрушэнкі. Гэтыя людзі змаглі не толькі прэзентаваць сябе, але і ў лімітаваны час агучыць праблемы сучаснай Беларусі, вастрэйшая з якіх — невыкананне правоў чалавека, наяўнасць у краіне палітзняволеных.

Да слова, на сённяшні дзень найбольш слушнай выглядае пазіцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі — удзельнічаць у выбарах, каб скарыстацца лімітаванымі магчымасцямі данесці да людзей сваю пазіцыю, але не ўдзельнічаць у самім этапе галасаванне, калі ў краіне ў турмах сядзяць людзі за свае погляды і грамадзянскую пазіцыю.

Да гэтых жа тэзаў працягваюць апеляваць і еўрапейскія палітыкі, але ўжо, відавочна, без ілюзорных спадзеваў. Так, прэзідэнт Еўрапейскага парламента Марцін Шульц заклікаў Аляксандра Лукашэнку правесці ў Беларусі палітычныя рэформы і вызваліць усіх палітзняволеных. «З вялікай заклапочанасцю мы назіраем за тым, як працягваецца парушэнне правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных каштоўнасцяў у Беларусі, — сказаў Шульц. — Я вельмі занепакоены апошнімі падзеямі ў краіне, у тым ліку забаронай на выезд некаторым лідарам апазіцыі і праваабаронцам, а таксама законамі, якія пашыраюць паўнамоцтвы КДБ, і нядаўнім выдварэннем шведскага пасла». Шульц заклікаў афіцыйны Мінск забяспечыць правядзенне парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца 23 верасня, «з павагай да міжнародных стандартаў, каб усе кандыдаты мелі роўныя шансы і каб назіральнікі АБСЕ маглі свабодна выканаць сваё заданне».

Але відавочна, што прарыву ад цяперашняй выбарчай кампаніі чакаць не даводзіцца, як і, напрыклад, штуршку да беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва (хаця б рэалізацыі прапанаванай сёлета праграмы «Дыялог для мадэрнізацыі Беларусі») ад касметычнага дазволу на пяціхвілінныя тэледэбаты, якія быццам бы ілюструюць дэмакратычнасць беларускага рэжыму.

Каментаваць