Пірава перамога ў газавай вайне?

Чарговая газавая вайна паміж Масквой і Мінскам, што доўжылася з канца зімы, завершаная. Фармальна — на ўмовах Мінска. Але рэальная плата за гэтую перамогу можа апынуцца занадта цяжкай для Беларусі.



У Маскве завяршыліся беларуска-расійскія перамовы на ўзроўні віцэ-прэм’ераў па газавым пытанні — бакі ўзгаднілі новую формулу коштаўтварэння на расійскі газ, пастаўлены ў Беларусь. Канчаткова вызначана, што на ўвесь 2016 год кошт на расійскі газ для Мінска будзе на 30% меншы, чым цяпер. Гэта значыць ён зменшыцца з $132 за тысячу кубаметраў да прыкладна $100. А у наступным, 2017-м, 1 тыс. кубаметраў газу будзе каштаваць для Беларусі каля 6 тыс. расійскіх рублёў (менш за $100 па сённяшнім курсе, адзін долар каштуе 64.95 RUB).

Што ж датычыць далейшага супрацоўніцтва ў гэтай сферы, то з 2017 году кошт будзе вызначацца на аснове сярэдняга кошту адзінай сістэмы газазабеспячэння Расіі, памножанага на падвышаючы каэфіцыент. Які будзе паступова зніжацца і да 2025 году кошт на газ для Беларусі стане роўным кошту для расійскага спажыўца.

Аднак тут нашмат болей важна іншае: з гэтага часу кошт на газ для Беларусі будзе разлічвацца ў расійскіх рублях. Менавіта гэта можна лічыць буйнейшым дасягненнем беларускіх перамоўшчыкаў. Таму што на самай справе абсалютны кошт на расійскі газ у гэтых перамовах быў не такім ужо і важным. На момант іх пачатку кошт тысячы кубаметраў расійскага газу для Украіны складаў $230 і яшчэ больш для Польшчы.

Нагадаю, што падчас усяго цяперашняга канфлікту афіцыйны Мінск настойваў на сваёй — «справядлівай» — формуле фармавання тарыфу ($73 за 1000 кубаметраў) і адмаўляўся плаціць па «газпрамаўскіх» коштах. Беларускі бок быў незадаволены рэзкім скарачэннем розніцы паміж коштам газу для Усходняй Еўропы і «саюзніцкім», бо гэта зніжала канкурэнтаздольнасць беларускай прадукцыі. Але галоўнае — Беларусь была змушана аплачваць расійскі газ у доларах, тады як беларуская прадукцыя на расійскім рынку прадаецца за рублі. А вельмі значная частка расійскага газу спажываецца вытворчасцямі, якія выпускаюць прадукцыю менавіта для расійскага рынка.

У выніку беларускае кіраўніцтва ўмела згуляла на тым, што сёння Расія, па сутнасці, практычна засталася без знешнепалітычных «сяброў», і афіцыйны Мінск пад выглядам «вернасці саюзніцкім адносінам перад падступным Захадам» паспяхова вырашыў свае эканамічныя праблемы за кошт Крамля.

Трэба разумець і іншае: вонкавы гандаль Беларусі наогул падае: з-за неспрыяльнай сітуацыі на рынках у першым квартале краіна недаатрымала амаль мільярд долараў на двух ключавых экспартных таварах — нафтапрадуктах і калійных угнаеннях. Але сацыяльны складнік расходнай часткі бюджэту Лукашэнка рэзаць не рызыкне. Значыць, ставіцца задача: «выбіць» гэтыя грошы з Масквы.

Але ці перамог Мінск у цяперашняй газавай вайне? Падобна, што ўсё ж прайграў. На коне былі некалькі сотняў мільёнаў долараў — сума, значная для Мінска, але слаба адчувальная для Масквы. І ў Крамлі відавочна вырашылі гэтыя грошы аддаць, атрымаўшы наўзамен узмацненне свайго вайсковага ўплыву на тэрыторыю заходняга суседа.

Узгадаем: міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у сярэдзіне мая ў Мінску, заявіў, што Расія і Беларусь заклапочаныя тым, што НАТО нагнятае канфрантацыю і прасовае сваю інфраструктуру на ўсход. «Па пытаннях еўрапейскай бяспекі мы падзяляем заклапочанасць у сувязі з тым, што нашы калегі з краін НАТО спрабуюць нам навязаць канфрантацыю, перасоўваюць да нас інфраструктуру на ўсход, блізка да нашых межаў», — сказаў Лаўроў пасля перамоў з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем.

Расійскія вайскоўцы ў Клінцах, на мяжы з Беларуссю

Расійскія вайскоўцы ў Клінцах, на мяжы з Беларуссю



Зразумела, што сітуацыя, — а тады газавы канфлікт быў у самым разгары — вельмі спрыяла: Расія магла прапанаваць нашмат таннейшы газ у абмен на прымірэнне Беларусі з чарговымі расійскімі вайсковымі ініцыятывамі.

Падобна, так, урэшце, і выйшла. Як адзначае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, інтэнсіўнасць беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў моцна падвысілася ў апошні час. Напрыклад, у Беларусі праходзяць сумесныя вучэнні з сіламі ОДКБ «Непарушнае братэрства-2016». Перад гэтым беларускі кантынгент прыняў удзел у вучэннях ОДКБ «Узаемадзеянне-2016» у Пскоўскай вобласці. А нядаўна беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі ў аналагічных вучэннях у Арменіі.

Пры гэтым беларускія афіцыйныя асобы старанна абышлі маўчаннем той факт, што напрыканцы мая ў Клінцы Бранскай вобласці, на мяжы з Беларуссю, з месца сталай дыслакацыі ў Екацярынбурзе была перакінутая частка 28-й асобнай мотастралковай брыгады, а таксама шматлікія танкі і «Грады».

Што будзе далей? Вяртанне да пытання аб расійскай авіябазе ў Бабруйску?


Абмеркаванне:

  • YYYYYYYYYYYYYYYYYY
  • 2016-08-26 22:23:34
АКАЗАЦЦА, а не апынуцца

Каментаваць