Пытанні толькі памнажаюцца

Ужо тыдзень ідзе судовы працэс над абвінавачваемымі па справе аб выбуху ў мінскім метро ў красавіку гэтага года. І чым далей, тым больш пытанняў, а не адказаў.

(На здымку: Дзмітры Канавалаў)



Ужо тыдзень ідзе судовы працэс над абвінавачваемымі па справе аб выбуху ў мінскім метро ў красавіку гэтага года. І чым далей, тым больш пытанняў, а не адказаў.

(На здымку: Дзмітры Канавалаў)


Выбух 11 красавіка 2011 года стаўся ў нейкім сэнсе пераломным для грамадскай свядомасці. Пэўнасць, што Беларусь стабільная-мірная краіна, імгненна знікла. Цяпер, бадай, кожны трымаецца думкі, што фатум можа насцігнуць у любы момант. І дзяржава не гарантуе абарону ад гэтага. У выніку выбуху 11 чалавек загінулі адразу, яшчэ чацвёра памерлі ў бальніцах, агулам у шпіталі і па медыцынскую дапамогу звярнуліся больш за дзвесце чалавек. Ужо 13 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трое падазраваных затрыманыя і прызналі сваю віну. Не толькі ў выбуху ў метро, але і ў датычнасці да здзяйснення іншых выбухаў: у 2008 годзе ў Мінску ў Дзень незалежнасці і яшчэ больш ранніх — у Віцебску.

Нагадаю, што ў выніку выбуху 2008 года на святкаванні Дня Незалежнасці былі параненыя каля 50 чалавек. Паводле афіцыйнай версіі, выбух быў здзейснены «з хуліганскіх мэтаў». Выбух у мінскім метро 11 красавіка 2011 года кваліфікуецца як тэракт.

Адмова ад паказанняў

Судовы працэс над Дзмітрыем Канавалавым і Уладзіславам Кавалёвым пачаўся 15 верасня ў Доме правасуддзя ў Мінску. Яны з’яўляюцца абвінавачваемымі ў выбуху на станцыі метро «Кастрычніцкая». Старшынствуе на працэсе намеснік кіраўніка Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў. Бок дзяржаўнага абвінавачання прадстаўляе намеснік Генеральнага пракурора Аляксей Стук.

Доказная база асноўнага абвінавачваемага Дзмітрыя Канавалава пакуль грунтуецца на яго асабістых прызнаннях і паказаннях Уладзіслава Кавалёва. Кавалёў 13 красавіка падчас допыту падрабязна расказваў, як у Мінск прыехаў Канавалаў, каб зрабіць выбух у метро.

Маўляў, Канавалаў 9 красавіка патэлефанаваў і сказаў, што яму трэба ў Мінск па справах. Кавалёў сустрэў свайго знаёмца на чыгуначным вакзале 10а красавіка, ускінуў вялікую сумку на плячо, каб дапамагчы яе несці. А Канавалаў яму сказаў, што там бомба, дык трэба быць асцярожным. На чыгуначным вакзале Канавалаў адкрыў сумку і паказаў яе змесціва — дзве пяцілітровыя пластыкавыя бутэлькі з нейкім рэчывам жаўтаватага колеру, зверху прыкрытыя паперай для ўпакоўкі падарункаў. Сумка, паводле паказанняў Кавалёва, была цяжкая, каля 20-ці кілаграмаў. З вакзала Канавалаў і Кавалёў неслі сумку ў дзве рукі. Потым паехалі да станцыі метро «Фрунзенская», там на вуліцы Караля пайшлі ў агенцтва нерухомасці і на той жа вуліцы знялі аднапакаёвую кватэру на суткі.

Кавалёў у часе допыту заявіў: Канавалаў гаварыў, што збіраецца ўзарваць метро, бо рана ці позна звераць адбіткі пальцаў. Маўляў, усё адно пасадзяць, губляць няма чаго. Расказаў прыяцелю Канавалаў, што збіраўся скончыць жыццё самагубствам, паказваў нейкія жэлацінавыя капсулы. Кавалёў расказаў, што ў яго былі думкі скрасці сумку, але, магчыма, спачатку не асэнсаваў заявы Канавалава, што той мае намер зладзіць выбух.

Потым меркаваныя падрыўнікі пайшлі ў краму, купілі салаты і гарэлкі. Дзмітрый пазваніў сваім сяброўкам, з якімі пазнаёміўся праз сацыяльную сетку «ВКонтакте». Вечарам прыйшлі Яна Пачыцкая і яшчэ адна дзяўчына. Застолле з гарэлкай і жартамі працягвалася да пятай раніцы. Сумка ў гэты час стаяла ў пакоі за занавескаю, якою пакой і быў перагароджаны на дзве часткі. 11 красавіка Кавалёў прачнуўся а 7 раніцы і паехаў на працу на МАЗ — там ён працаваў электрыкам. Па абедзе Кавалёў сышоў з працы, прыехаў да Канавалава і зноў працягнулася п’янка-гулянка. У часе гэтай п’янкі Канавалаў паказваў нейкі белы прадмет з кнопкаю, падобны на выключальнік. Цікава, што відэазапіс допыту прыпыняўся, а пасля таго, як камера праз колькі гадзін уключалася, зноў Кавалёў пачынаў распавядаць новыя падрабязнасці, якія да гэтага не згадваў, хаця на такое забыцца даволі цяжка. Напрыклад, ён заявіў, што бачыў, як Канавалаў скручваў драты на бомбе, сам у гэтым не ўдзельнічаў, але стаяў і глядзеў, каб Яна Пачыцкая, якая «завісала» на кватэры ўжо трэція суткі, не падышла і не пабачыла гэтых маніпуляцый.

Кавалёў падчас допыту распавёў, што быццам бы адгаворваў Канавалава ладзіць выбух, і быццам бы яму падалося, што той пагадзіўся з такой парадай. Праўда, адказы на пытанні следства выглядалі даволі блытанымі: «Чаму не прыняў мераў, каб спыніць Канавалава? — “Не ведаю». «Спрабаваў адгаварыць вечарам перад тым, як ён пайшоў, гаварыў, што ён п’яны, не пусцяць у метро. Падавалася, што ён перадумаў».

У нейкі прамежак часу, калі Кавалёў спаў, Канавалаў сыходзіў з кватэры. Пра выбух у метро Кавалёў даведаўся з навін па тэлебачанню. «У мяне не было сумневаў, што гэта здзейсніў Дзмітрый Канавалаў, — заяўляе ў часе допыту Кавалёў. — “Вы асэнсоўваеце ўсю грамадскую небяспеку? — “Так».

Таксама ў часе допыту Кавалёў расказаў, што Канавалаў яму распавядаў, што меў датычнасць да выбуху ля стэлы ў Мінску, адна бомба не спрацавала, і там застаўся яго адбітак пальца. Зрабіў гэта ён адзін. «Мэту выбухаў не абмяркоўвалі». Аднак цікава, што Кавалёў не змог дакладна назваць, калі быў выбух ля стэлы ў Мінску — ні год, ні дзень. Толькі сказаў, што гэта «было нейкае свята». Са слоў Кавалёва, выбухі ў Віцебску ў 2005 годзе таксама зладзіў Канавалаў. А расказваў гэта, бо «давяраў, можа хацеў пахваліцца. Пра мэты не гаварыў».

Кавалёў сказаў, што Дзмітрый Канавалаў не рэлігійны чалавек, «палітыкай не захапляўся, нядобрых выказванняў у бок кіраўніцтва дзяржавы таксама не было». Маўчаў Кавалёў, бо хацеў «прыкрыць» сябра.

На пытанне следства «Ці мог сканструяваць Канавалаў такую выбухоўку? Кавалёў адказвае «Напэўна, так. Ведаю, што канструкцыю зрабіў сам. Па-мойму, ён вырабіў выбуховае прыстасаванне сам. Але невядома дакладна, дзе ўзяў выбуховае прыстасаванне. Не вядома, якім чынам прывёў у дзейнасць выбухоўку».

Яну Пачыцкую, Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва затрымалі на здымнай кватэры.

Паводле паказанняў Кавалёва, Дзмітрый Канавалаў з дзяцінства захапляўся піратэхнікай і рабіў выбуховыя пакеты.

Прафілактычныя размовы

Агулам у відэазапісе паказанняў адказы Кавалёва выглядаюць крыху дзіўна, бо ён рэгулярна гаворыць «не ведаю», а потым дадае «магчыма, я думаю так». То бок шэраг паказанняў заснаваныя не на факце, а на нейкіх меркаваннях і гіпотэзах Кавалёва.

Уладзіслаў Кавалёў



Падчас суду Кавалёў адмовіўся ад гэтых паказанняў. Ён заявіў, што перад допытам быў ціск. Да яго неаднаразова прыходзілі «на размовы» супрацоўнікі КДБ, адвакат не прысутнічаў тады. Аператыўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ў ноч перад допытам правялі «прафілактычную размову». Пагражалі суровым пакараннем, маўляў, усё адно ніхто не паверыць, што ён не саўдзельнік, таму трэба як мага больш даць паказанняў, тады пойдзе па артыкулу за неданясенне. Зачытвалі яму і Крымінальны кодэкс — «там быў цырк, чыталі артыкулы з Крымінальнага кодэксу, прапаноўвалі параўнаць пакаранне». Быццам бы гэтыя ж аператыўнікі і расказвалі яму, што трэба распавесці пра такія падрабязнасці, як бутэлькі, прыстасаванне з кнопкаю для выбуху, скручванне дроту на выбухоўцы. «Падчас дазнання ноччу аператыўнікі гаварылі: «Няўжо ты не бачыў, як там зрошчваліся драты?» — распавёў у судзе Кавалёў.

У выніку ў судзе Уладзіслаў Кавалёў заявіў, што Дзмітрый Канавалаў не ўзрываў бомбу ў метро. «Я думаю, Дзмітрый не ўзрываў бомбу ў 2011 годзе. Ці мала што там паказвалі (маюцца на ўвазе кадры відэаназірання, на якіх Дзмітрый Канавалаў ідзе ў метро з сумкай на станцыю «Кастрычніцкая», а пасля выбуху назад — без сумкі)», — гаворыць Кавалёў. Ён сцвярджае, што яму паказвалі кадры, дзе Канавалаў ішоў з сумкай у метро, але не паказалі, дзе Дзмітрый быў ужо без сумкі.

Кавалёў агулам асоба цікавая: з яго прыватнага дзённіка вынікае, што ён марыў зарабіць мільён долараў за пяць-дзесяць гадоў. Для гэтага рыхтаваў сябе маральна — чытаў розныя кнігі па псіхалогіі, каб мець пазітыўныя ўстаноўкі на жыццё. Канавалаў псіхалогіяй не цікавіўся.

Недавер пацярпелых

Пацярпелыя, якіх па справе праходзіць некалькі соцень, вельмі насцярожана ставяцца да судовага працэсу. Безапеляцыйных крыкаў «укрыжуй!» няма. Ёсць пытанні: якім чынам было вызначана, што менавіта Канавалаў і Кавалёў маюць дачыненне да выбуху, чаму спачатку высокія чыны заяўлялі, што «аналагаў бомбы няма ў свеце», а Канавалаў у сваіх паказаннях распавёў, што інфармацыю для стварэння бомбы знайшоў у інтэрнэце, а неабходныя кампаненты купіў на рынку ў Віцебску.

Таксама падчас допыту 18 красавіка Канавалаў адмовіўся ад дадзеных раней паказанняў аб сваёй датычнасці да выбухаў у Віцебску ў 2005 годзе. Следчаму ён заявіў, што раней прызнаўся ва ўчыненні гэтых злачынстваў пад ціскам («прымяненне катаванняў») супрацоўнікаў міліцыі пасля затрымання 12 красавіка. Ён расказаў, што ў памяшканні Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС двое супрацоўнікаў міліцыі паклалі яго на жывот, рукі ў наручніках зацягнулі пад складзеныя ззаду накрыж ногі. Паводле слоў Канавалава, яму сказалі, каб ён даў паказанні па выбухах у Мінску ў 2011 і 2008 гадах і ў Віцебску ў 2005-м. Разам з тым на гэтым жа допыце Канавалаў заявіў, што прызнае сваю замешанасць у выбухах у Мінску ў 2008 і 2011 гадах.

З пацярпелых у хуліганы

Суддзя Федарцоў забараніў журналістам кантактаваць з пацярпелымі. Паводле яго слоў, інтэрв’ю з гэтымі людзьмі можа расцэньвацца як уплыў на судовы працэс. Таксама журналістам параілі ўстрымацца ад каментавання матэрыялаў гучнай справы.

Вечарам 20 верасня з невядомых прычын у Мінску быў затрыманы Аляксандр Круты. На судзе па справе аб тэракце ў мінскім метро ён прадстаўляе інтарэсы сваёй дачкі Інэсы, пацярпелай падчас выбуху 11 красавіка. Як сказала Інэса, бацька патэлефанаваў ёй напярэдадні прыкладна ў 20 гадзін і сказаў толькі, што яго затрымалі і даставілі ў Маскоўскае РУУС. Яму інкрымінуецца ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай 1-й артыкула 339-га Крымінальнага кодэкса «Хуліганства». У чым дакладна ён абвінавачваецца, сваякам у міліцыі адмовіліся сказаць. Родным затрыманага было толькі паведамлена, што пытанне пра абранне ў адносінах да яго меры стрымання будзе вырашана вечарам 21 верасня, — перадае БелаПАН. Інэса Крутая мяркуе звярнуцца да суддзі з заявай, у якой запатрабуе прыпыніць працэс да таго час, пакуль яе бацька не будзе зноў дапушчаны ў суд у якасці яе прадстаўніка. Аляксандр Круты актыўна паводзіў сябе ў працэсе па справе аб тэракце. Менавіта яму належала хадайніцтва аб пераносе суда да вырашэння пытання аб адмене ў Беларусі смяротнай кары, аб стварэнні інстытута прысяжных засядацеляў і ўвядзення іх у працэс.

--------------------------------------------------------------------------------------------------

Для даведкі:

Канавалава вінавацяць у злачынствах паводле:

частак 1, 2, 3 артыкула 289 (тэрарызм)

частак 2, 3 артыкула 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)

частак 2,3 артыкула 339 (хуліганства)

часткі 2 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці)

часткі 1 артыкула 14 (замах на злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі



Кавалёва вінавацяць у злачынствах паводле:


часткі 6 артыкула 16 (дапамога ў злачынстве)

часткі 3 артыкула 289 (тэрарызм)

часткі 3 артыкула 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў)

частак 2, 3 артыкула 339 (хуліганства)

часткі 2 артыкула 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці)

часткі 2 артыкула 405 (укрывальніцтва злачынстваў)

частак 1, 2 артыкула 406 (неданясенне аб злачынстве)

Каментаваць