Пытанні застаюцца

Ад 11 красавіка, калі здарыўся выбух у мінскім метро, загінулі і былі пакалечаныя людзі, прайшло больш за месяц. Ужо праз два дні прадстаўнікі ўлады заяўлялі, што злачынца затрыманы. Але чым больш часу мінае, тым менш інфармацыі пра ход следства.



Ад 11 красавіка, калі здарыўся выбух у мінскім метро, загінулі і былі пакалечаныя людзі, прайшло больш за месяц. Ужо праз два дні прадстаўнікі ўлады заяўлялі, што злачынца затрыманы. Але чым больш часу мінае, тым менш інфармацыі пра ход следства.

Пад вартай знаходзяцца два чалавекі, якія маюць дачыненне да здзяйснення тэракту. Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч паведаміў, што ім прад’яўленае абвінавачванне. «Нічога адносна новага аб матывах тых, хто ўчыніў злачынства, сказаць нельга. Які можа быць матыў у чалавека, які здзяйсняе асабліва цяжкае злачынства? Чалавек разумны, але мазгі набакір — гэта несумненна», — цытуе генпракурора БелаПАН. Не бачаць следчыя за абвінавачваемым і палітычных сілаў. «У бліжэйшыя месяц-два будзе ясна, калі справа будзе перададзеная ў суд», — сказаў Васілевіч.

Цягам месяца сілавікі правялі аперацыю «Арсенал» і канфіскавалі больш дзвюх тысяч адзінак зброі, больш 20 кілаграмаў выбуховых рэчываў. «Шманалі» школы, музеі, ваенныя часткі, падвалы.

У Віцебску (дзе жылі падазраваныя) зачыстка мела не меншы маштаб. Аднак, як цытуе праваабарончы цэнтр «Вясна» супрацоўнікаў ЖКГ Першамайскага раёна Віцебска, ніякіх лабараторый у падвалах жылых дамоў яны не бачылі. «Вось глядзіце, але тут нават лямпачкі няма! Асцярожна, пад нагамі лужына! Тут заўжды вільгаць, трубы цякуць, смурод стаіць… На кожную кватэру — катушок два на два метры і рассохлыя дзверы з негабляваных дошак. Якая лабараторыя, калі тут без процівагаза гадзіну не пратрываеш! Смешна слухаць такія выступы па тэлебачанні!» — цытуе «Вясна» словы мясцовага жыхара.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што абвінавачваемы рыхтаваў выбухі ў цягніку, на прыпынку і ў аўтобусе. «Гэты чалавек асвоіў гэта рамяство, бачыў усё па тэлебачанні і вывучыў у інтэрнэце, гэта з яго паказанняў. Ён упершыню гэта ўбачыў там. Думаю, што сёння можна пра гэта сказаць», — цытавала напрыканцы красавіка Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. Цікава, што на пачатку былі заявы, нібы выбух у метро зладзілі тыя, «каму было выгадна падарваць спакой у краіне». Праз тыдзень пасля заявы Лукашэнкі, што выканаўца выбуху — хімік-аматар, з’явілася інфармацыя на расійскім сайце Life News быццам бы галоўны абвінавачаны па справе аб выбуху ў мінскім метро быў збіты, магчыма, сукамернікамі. У КДБ гэтую інфармацыю абверглі. Аднак абвінавачваемага жывым і здаровым прэсе не прад’явілі.

Расследаванне справы аб выбуху ў метро выклікае мноства пытанняў у юрыстаў. Вось як каментуе тое, што адбылося, былы следчы, праваабаронца Алег Волчак:

— У Беларусі ўпершыню здарылася такое маштабнае злачынства. І, мяркую, у следства не было адмысловага падыходу да расследавання. На першай стадыі органы папярэдняга расследавання не зусім правільна абралі тактыку. Мяне збянтэжыла, што першыя каментары давалі кіраўнік дзяржавы, міністр МУС Куляшоў, старшыня КДБ Зайцаў, і ўсе мелі розныя пазіцыі. А ў адпаведнасці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам па справе могуць даваць каментары ці кіраўнік следчай групы, ці пракурор, што здзяйсняе нагляд за справаю. Бянтэжыць, чаму давалі каментары, што не стасуюцца, быццам улады хацелі запэўніць людзей у правільнасці афіцыйнай версіі, што хлопец, які цяпер праходзіць як абвінавачваемы па справе, дакладна здзейсніў гэтае злачынства.


За любым тэрарыстычным актам стаіць мэта, тэракты не робяцца бязмэтава. Звычайна тэрарыст хоча дабіцца адстаўкі нейкага чына, выканання пэўнай умовы. А афіцыйныя каментатары сцвярджаюць, што ніякай падаплёкі няма. У такім разе гэта іншая кваліфікацыя — 139 артыкул Крымінальнага кодэкса — забойства, асабліва небяспечным спосабам, з хуліганскіх памкненняў, што прывяло да гібелі некалькіх асобаў.

Прайшоў месяц, але мы не пабачылі публічнага выступу абвінавачваемага, яго матывацыі. Васілевіч сказаў, што гэты хлопец нармальны, але, маўляў, з хворай галавой. Як такое можа быць? Пасля апошняга звароту родных затрыманых, што інфармацыя не даходзіць, што адвакаты адмаўляюцца працаваць, таксама застаецца мноства пытанняў.

Мае знаёмыя аўганцы-сапёры гавораць, што гэтую выбухоўку наўрад ці можна было зрабіць у хатніх умовах. Рэчыва вельмі «пяшчотнае», ад любых штуршкоў яно можа ўзарвацца. А на відэа з метро паказваюць чалавека, які свабодна нясе сумку, перакідвае яе на плячо. Сказалі, што хлопец усяму навучыўся ў войску.

Уявім, што хлопец разабраўся з гэтымі тэхнічнымі тонкасцямі. Але дзе ён узяў усе матэрыялы для выбухоўкі? Іх жа не на рынку купляюць… У воінскіх частках, дзе рэчывы, дэталі механізму магчыма было дастаць, заўжды ёсць агенты спецслужбаў. Яны б ужо даўно «злілі» такога пакупніка. На відэа з метро, якое нам паказвалі, няма дакладнай карцінкі, як абвінавачваемы ставіць сумку з выбухоўкай на пероне. Ды і маці яго на відэа па хадзе не пазнала.

Да расследавання запрасілі экспертаў з Ізраілю і ФСБ. Але ніхто з іх не зрабіў афіцыйнага заключэння. Ёсць дзве версіі: яны зразумелі, што гэта была за выбухоўка, і з афіцыйнай версіяй яна ніяк не стасавалася, або ім прадставілі абмежаваныя матэрыялы. Ізраільскія эксперты маюць высокі аўтарытэт, і яны наўрад ці пайшлі б на нейкі кампраміс, што паставіў бы пад сумнеў іх кампетэнтнасць і рэпутацыю. Уцямных адказаў ад ФСБ мы таксама не пачулі. Дарэчы, нашае крымінальна-працэсуальнае заканадаўства не дазваляе прадстаўляць інфармацыю па справе, калі чалавек не з’яўляецца экспертам па беларускаму заканадаўству. То бок патрэбныя ліцэнзія, допуск.

Бянтэжыць, што за гэты месяц улады ўкінулі многа версій здарэння, увесь час спрабуюць замкнуць на гэтым хлопцы. Але раптам ён ёсць толькі выканаўцам, то атрымліваецца, што замоўцу, яго хаўруснікаў не шукаюць. Значыць, застаецца крыніца небяспекі. Абвінавачваемага прадстаўляюць як ненармальнага, але з маёй практыкі псіхічна няўстойлівыя людзі рэдка здольныя на такія маштабныя дзеянні. Цагліну на галаву кінуць ці машыну спаліць — вось што для іх нармальна. А тут — ён ладзіць выбух, потым едзе на старую кватэру, як ні ў чым ні бывала п’е са знаёмым.

Праваабаронцы не выгароджваюць гэтага чалавека. Але трэба дамагацца выканання законнасці, каб абвінавачваемы ў судзе быў у адэкватным, нармальным стане. І ўрэшце меў адвакатаў, што гарантуецца заканадаўствам. Усё ж яму пагражае смяротная кара, і памылкі дапусціць нельга.
 

Каментаваць