Першыя выбарчыя высновы праваабаронцаў

Каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Алег Гулак і намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч на прэс-канферэнцыі 11 верасня падсумавалі вынікі першай паловы самай галоўнай электаральнай кампаніі пяцігоддзя. 



У Беларусі завяршыліся тры важныя этапы мерапрыемстваў па правядзенні кампаніі пад назовам “прэзідэнцкія выбары” — фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў (ТВК), фармаванне ўчастковых выбарчых камісіяў (УВК), а таксама збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на пасаду першай асобы краіны і рэгістарцыя гэтых кандыдатаў.  
 
 
Як адзначыў Валянцін Стэфановіч, выбары кіраўніка дзяржавы адбываюцца на тле істотных зменаў геапалітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне, звязаных з расійска-ўкраінскім узброеным канфліктам, а таксама ва ўмовах пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ў самой Беларусі. 
 
 
Станоўчыя моманты
 
 
Што да станоўчых момантаў, то, па словах юрыста, варта адзначыць вызваленне 22 жніўня паводле ўказа Аляксандра Лукашэнкі палітычных вязняў Мікалая Статкевіча, Арцёма Пракапенкі, Мікалая Дзядка, Юрыя Рубцова, Яўгена Васьковіча ды Ігара Аліневіча. Да таго ж, нагадаў праваабаронца, 31 жніўня са следчага ізалятара на Валадарцы пад падпіску аб нявыездзе былі вызваленыя фігуранты “справы графітыстаў” Максім Пякарскі і Вадзім Жаромскі. Апроч таго, 9 верасня пад падпіску аб нявыездзе быў вызвалены затрыманы напярэдадні кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч, які вырашыў вярнуцца на радзіму пасля некалькіх год палітычнай эміграцыі. 
І, па словах Алега Гулака сёлета з боку ўладаў не было істотных перашкодаў пры зборы подпісаў выбаршчыкаў сябрамі ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў у кандыдаты. 
 
 
“Тым не менш, нельга быць упэўненымі, што ўлада праз колькі часу не вернецца да практыкі наяўнасці палітвязняў”, — сказаў Валянцін Стэфановіч. “Без сістэмных зменаў і істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека нельга ўсталяваць клімат сапраўднага даверу ў Беларусі, што з’яўляецца важным чыннікам правядзення свабодных і справядлівых выбараў”, — падкрэсліў прадстаўнік “Вясны”.  
 
ЦВК нязгодны
 
 
Алег Гулак, у сваю чаргу, паведаміў, што Цэнтрвыбаркам не пагадзіўся з прапановамі БХК па павышэнні празрыстасці выбараў. Так, праваабаронцы прапаноўвалі урэгуляваць працэдуру падліку бюлетэняў, выдаць назіральнікам завераныя копіі выніковых пратаколаў, размясціць на сайце ЦВК інфармацыю пра вынікі выбараў па ўсёй краіне на кожным выбарчым участку.
 
 
“Адказ з Цэнтрвыбаркаму нас здзівіў. Аказваецца, у ЦВК няма інфармацыі па кожным асобным выбарчым участку: маўляў, гэтая інфармацыя сцякаецца ў тэрытарыяльныя выбаркамы, а тыя ўжо даводзяць свае вынікі ў Цэнтрвыбаркам, і таму няма магчымасці размясціць гэтую інфармацыю на сайце галоўнай выбарчай камісіі краіны. Дзіўна”, — падсумаваў кіраўнік БХК. 
 
 
Без прагрэса
 
 
Па словах Валянціна Стэфановіча, працэс фармавання ТВК і УВК не выявіў прагрэса параўнальна з папярэднімі выбарчымі кампаніямі. Так, спісы камісіяў пераважна зацвярджаліся фармальна, без рэальнага абмеркавання кандыдатур чальцоў гэтых камісіяў. “Па-ранейшаму арганізатарамі выбараў у нашай краіне з’яўляецца “вялікая пацёрка” —“Белая Русь”, БРСМ, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, старшыня якой Міхаіл Орда сёлета ачольвае выбарчы штаб Аляксандра Лукашэнкі. У іх амаль стоадсоткавая “прахадзімасць” у выбарчыя камісіі, у той час як у прадстаўнікоў апазіцыі, на прыклад, у ТВК толькі 0,5 працэнтаў прысутнасці”, — канстатаваў прамоўца. 
 
 
На ягоную думку, адсутнасць заканадаўча сфармуляваных крытэрыяў уключэння грамадзян у выбарчыя камісіі дазваляе ўладам адвольна вызначаць персанальны склад гэтых камісіяў. Гэта нівелюе нормы Выбарчага кодэксу аб магчымасці судовага абскарджвання адмовы ва ўключэнні ў склад выбаркамаў.     
 
 
Адміністрацыйны рэсурс
 
 
Алег Гулак адзначыў, што дзеючай уладай пры зборы подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі шырока выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Так, назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” зафіксавалі шматлікія выпадкі збору подпісаў за дзеючага кіраўніка дзяржавы на прамысловых прадпрыемствах у працоўны час у прысутнасці і з непасрэдным удзелам адміністрацыі гэтых прадпрыемстваў. Таксама мелі месца факты збору подпісаў за Лукашэнку не сябрамі яго ініцыятыўнай групы, што не дазваляецца Выбарчым кодэксам, ды іншыя парушэнні. 
 
 
Асобнае пытанне — праверка сапраўднасці подпісаў. “Фактычна закрытая для назірання працэдура праверкі подпісаў не дае магчымасці давяраць вынікам рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты”, — сказаў Алег Гулак. 
 
 
Цяпер, па словах праваабаронцы, застаецца чакаць, як будзе праходзіць агітацыя. А пакуль што канчатковыя высновы пра легітымнасць сёлетняй электаральнай кампаніі ды яе вынікі рабіць рана, рэзюмаваў кіраўнік БХК. 
 

Каментаваць