Пляцоўка для апрацоўкі

Беларуская апазіцыя ў чарговы раз перайграла ўлады ў дыпламатычнай вайне. Раней шмат было спрэчак, каго запрашаць на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства»: палатнікаў ці апазіцыю. Зараз Еўропа вызначылася.



Паўдзельнічаць у трэцяй пленарнай сесіі Парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» (Еўранэст), які пройдзе 28–29 траўня ў Брусэлі, запрошаныя Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», Рух «За Свабоду», грамадзянская кампанія «Гавары праўду», а таксама аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Адзінае пытанне: што ў Еўранэсце здолее зрабіць апазіцыя? Пачнём з таго, што Еўранэст — гэта парламенцкі кампанент ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства», які пачаў працу ў 2011 годзе. У сесіях Еўранэста ўдзельнічаюць дэпутаты Еўрапейскага парламента і пяці краін — удзельніц «Усходняга партнёрства»: Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Беларусь з яго выключаная, бо дагэтуль не разабраліся, ці могуць там удзельнічаць нелегітымныя парламентарыі.

З аднаго боку, гэта слушна. З іншага, у Палаты прадстаўнікоў хоць нейкая ўлада ўсё ж маецца, хоць бы і ў межах «асаблівага меркавання». Ці там, законапраект на дапрацоўку адправіць. А ў апазіцыі няма ані ўлады, ані ўплыву на сітуацыю ў краіне ў глабальным сэнсе. Таму і засяродзілася вялікая частка апазіцыі на лакальных акцыях тыпу ўкладкі асфальту ў дварах і асвятлення пад’ездаў.

А Еўранэст абмяркоўвае глабальныя рэчы. Такія, як пытанні энергетычнай інфраструктуры, гандлёвыя пагадненні, будучыню дэмакратыі, свабодных і незалежных СМІ, супрацоўніцтва паміж урадамі і грамадзянскімі супольнасцямі.

Па прапанове дэлегацыі Украіны, якая заявіла сваёй мэтай уступленне ў Еўрасаюз, ва ўстаноўчых дакументах Еўранэста было замацавана палажэнне аб перспектыве сяброўства ў Еўрасаюзе краін — удзельніц «Усходняга партнёрства». Парламенцкая асамблея можа спрыяць і ўсталяванню бязвізавага рэжыму з ЕС. Афіцыйнаму Мінску, ад якога залежыць вырашэнне гэтых пытанняў, яны не тое што нецікавыя — падаецца, што цалкам не патрэбныя. Бо ўлада тармозіць нават увядзенне малога памежнага руху з Польшчай і Літвой.

Беларускія ўлады, вядома, неаднаразова заяўлялі аб жаданні поўнафарматнага ўзаемадзеяння з еўрапейскімі парламенцкімі структурамі. Але пры ўмове, што ЕС не будзе настойваць на зменах у палітычнай сістэме краіны. А заснаваны Статут Еўранэста лічыць найважнейшай задачай садзейнічанне гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства ўсходнееўрапейскіх партнёраў з заканадаўствам Еўрасаюза. Такая гарманізацыя афіцыйным беларускім уладам, канешне ж, сто гадоў не патрэбная: варта забяспечыць рэальны прынцып падзелу ўладаў — і ўся сістэма ляснецца.

Да таго ж рэальных грошай у бюджэт удзел у Еўранэсце Беларусі не прынясе, а таму яно не ўяўляе і практычнага інтарэсу для ўладаў. Карацей, Еўранэст уладам не патрэбны, а апазіцыя ў ім рэальна нічога зрабіць не можа.

Пытанне, напэўна, у тым, што беларуская апазіцыя атрымае чарговую еўрапейскую трыбуну. Як заявіў, каментуючы прапанову паўдзельнічаць у Еўранэсце, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, «прысутнасць прадстаўнікоў апазіцыі на сесіі дазваляе наўпрост даносіць інфармацыю пра становішча ў Беларусі да еўрапарламентараў». «Мы будзем казаць пра развіццё палітычнай сітуацыі ў краіне, у тым ліку аб неабходнасці вызвалення палітвязняў, а таксама пра тое, што Еўрасаюз можа зрабіць для Беларусі ўжо цяпер у аднабаковым парадку. Я маю на ўвазе спрашчэнне візавага рэжыму, інтэнсіфікацыю кантактаў паміж людзьмі (у тым ліку на ўзроўні малога і сярэдняга бізнэсу). Таксама мы будзем казаць пра перспектывы адносін Еўрасаюза і Беларусі ў выпадку, калі палітвязні будуць вызваленыя. У прыватнасці, мы прапануем вярнуцца да перамоваў з Беларуссю ў рамках «Сумеснага часовага плану» (кансультацыі былі распачаты восенню 2010 года), што будзе спрыяць мадэрнізацыі і лібералізацыі краіны», — заявіў Янукевіч.

Гэта значыць, апазіцыя будзе пець у Еўранэсце старыя песні пра галоўнае: палітвязні, дыктатура, і ўсё такое іншае. Застаецца толькі гэта, бо рэальна вырашаць тыя пытанні, якія закладзены ў межах «Усходняга партнёрства», — энергетыка, эканоміка, сяброўства ў ЕС і гэтак далей, — апазіцыя папросту не ў стане па аб’ектыўных прычынах.

Тым больш, што, як зазначыў палітолаг, дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, беларускай апазіцыі шмат чаго зрабіць проста не дадуць — рэгламент не дазваляе. «Статус беларускай апазіцыйнай дэлегацыі — гэта статус назіральнікаў. Яны, вядома, змогуць там выступіць з заявай, растлумачыць тыя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, паспрабаваць данесці сваё меркаванне пра гэтыя працэсы, заявіць сваю пазіцыю. Можа, яны дададуць каментарыяў да дакладу спадара Палецкіса, які прыязджаў у Беларусь за падрыхтоўкай дакладу па сітуацыі ў краіне, але не больш. Статус назіральніка большае не дазваляе», — кажа Андрэй Ягораў.

Але значна больш уплывовымі могуць стаць сустрэчы апазіцыянераў з дэлегатамі — парламентарамі краін «Усходняга партнёрства» ў кулуарах. «Менавіта ў кулуарах беларускія апазіцыянеры могуць растлумачыць сваім візаві з краін СНД, чаму нельга запрашаць на падобныя саміты афіцыйную дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў, чаму яна не павінна з’яўляцца ўдзельнікам Еўранэста, і абмеркаваць з імі сітуацыю ў Беларусі і спосабы яе трансфармацыі», — лічыць Ягораў.

Між тым, наўрад ці спрэчкі вакол запрашэння афіцыйнай дэлегацыі на Еўранэст цалкам скончаныя. Гэтае пытанне непазбежна паўстане зноў. І прадстаўнікі беларускай апазіцыі павінны хаця б паспрабаваць зменшыць «антыапазіцыйнае праўладнае лобі» ў Еўранэсце. Акрамя таго, можа ў іх атрымаецца завязаць больш шчыльныя кантакты з прадстаўнікамі парламентаў краін — удзельніц «Усходняга партнёрства».

У любым выпадку, Еўранэст у еўрапейскай палітыцы мала што вырашае. Аднак як пляцоўку для сустрэчаў апазіцыя можа выкарыстаць яго напоўніцу.

Каментаваць