Плюсы і мінусы традыцыйнай культуры

Культура, якая развіваецца, павялічвае колькасць сваіх адэптаў, а з культуры, што дэградуе, эмігруюць самыя актыўныя яе носьбіты.



Маё апошняе месца працы — вартаўнік на будоўлі. Графік працы — суткі праз трое. Любата! Але ўсё ў гэтым жыцці калі-небудзь заканчваецца. Ад чэрвеня мінулага года я — пенсіянер, і ў вольны ад атрымання працоўнай пенсіі час пішу «Азбукі паліталогіі», часам разнастаю гэты руцінны занятак удзелам у розных праектах.

Сваімі ўражаннямі ад працы над кнігай «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі» я і вырашыў падзяліцца з чытачамі «Новага Часу». У красавіку адбылося яе выніковае абмеркаванне. Сярод аўтараў з навуковымі ступенямі я быў адзіным прадстаўніком працоўнага класа, і таму многае з таго, што прагучала на «круглым стале», успрымаў як адкрыццё.

«Блакітнасць» як пагроза беларускай самабытнасці

Першае адкрыццё звязана з існаваннем беларускай цывілізацыі. Пра Расію як асобную цывілізацыі ў навуковым свеце ідуць спрэчкі. Факт існавання заходнехрысціянскай цывілізацыі ніхто не аспрэчвае з часоў заснавальніка цывілізацыйнай тэорыі Арнольда Тойнбі. Але пра беларускую, зрэшты, як і пра польскую, нямецкую цывілізацыі, я раней нічога не чуў.

Але якая, у прынцыпе, розніца, з’яўляецца Беларусь асобнай цывілізацыяй ці не. Хоць гаршчком назаві, абы ў печ не ставілі. Мае бліжэйшыя калегі (пенсіянеркі), якія сядзяць у добрае надвор’е на лавачцы, пра існаванне падобных светапоглядных нюансаў і не здагадваюцца, што не перашкаджае ім атрымліваць прыстойныя па беларускіх мерках пенсіі.

Але пенсіянеркі на лавачках і «Новы Час». не чытаюць. Гэта іх праблемы. Для астатніх жа патлумачу, што, згодна з Тойнбі, «дзеючыя сілы гісторыі не з’яўляюцца нацыянальнымі, але вынікаюць з больш агульных прычын. Узятыя ў сваёй прыватнай, нацыянальнай праяве, яны не могуць быць правільна зразуметыя». Гэта значыць, любая спроба асэнсавання праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі апынецца бясплоднай, калі мы беларускую культурную прастору будзем разглядаць як самадастатковую.

Тойнбі пералічвае асноўныя вехі ў гістарычным развіцці Англіі: прыняцце хрысціянства — VI ст.; усталяванне феадальнай сістэмы — XI ст.; Рэнесанс — XV ст.; рэфармацыя — XVI ст.; марская экспансія — XVI ст.; усталяванне адказнага парламентарнага ўрада — XVII ст.; усталяванне індустрыяльнай эканамічнай сістэмы — XVIII ст. І што тут выключна англійскага? Нават астраўное становішча не змагло ізаляваць туманны Альбіён ад магістральных гістарычных працэсаў, што разыграліся на агульнаеўрапейскай сцэне.

Другое адкрыццё — беларуская цывілізацыя з усіх бакоў акружаная ворагамі. Яе самабытнай культуры, аказваецца, пагражаюць не толькі з Усходу (без каментараў), але і з Захаду. Для многіх удзельнікаў «круглага стала» Захад асацыяваўся выключна з аднаполымі шлюбамі. Як тут ні прыгадаць Пасланне–2013: «Не заставляйте, дорогие, нас вводить однополые браки. Не будет этого в Беларуси, по крайней мере в ближайшее время, ну пока я президент, точно! Не будет здесь «голубизны» и «розовых» и прочих».

Мне зразумела, чаму адзіны палітык (АП), калі параўноўвае заходнюю дэмакратыю з беларускай, абмяжоўваецца развагамі пра аднаполыя шлюбы. Але чаму дактары і кандыдаты гуманітарных навук ідуць яго шляхам — для мяне засталося загадкай.

Між тым, звяртаючыся да слаўнага мінулага (у тым, што яно было слаўным, ніхто не сумняваўся), удзельнікі «круглага стала», быццам змовіўшыся, прыгадвалі Магдэбургскае права, Статуты, універсітэт у Вільні, першадрукара Францыска Скарыну.

Аднак што з прапанаванага пераліку з’яўляецца запазычаным, а што «тутэйшым»? ВКЛ у сярэднявеччы, як я разумею, было часткай заходнехрысціянскай цывілізацыі, як і Англія, актыўна асвойвала яе дасягнення. Але сёння ці то мы развучыліся асвойваць дасягнення Захаду, ці то Захад іх ужо не генеруе.

У няздольнасці беларускага грамадства і яго інтэлігенцыі адназначна вызначыцца са сваім месцам на цывілізацыйнай карце, і хаваецца адна з галоўных пагроз гуманітарнай бяспекі Беларусі.

Для дыктатуры патрэбныя рэсурсы

Трэцяе адкрыццё — заклік да абароны «традыцыйных каштоўнасцяў». Адзначу, што ніхто з тых, хто заклікаў, не прапанаваў нават кароткага іх пераліку. Але тое, што ўсе «традыцыйныя каштоўнасці» ўваходзяць у катэгорыю «белыя і пухнатыя», ніхто не аспрэчваў. А дарма.

Тут патрэбны каментар. З сотняў вызначэнняў культуры абмяжуюся адным, але максімальна прыдатным для нашага выпадку: культура — пазабіялагічны спосаб для вырашэння агульнабіялагічных праблем. Галоўная агульнабіялагічная праблема — гэта праблема выжывання. Адсюль імкненне кожнага біялагічнага віду да павелічэння колькасці і пашырэння арэалу свайго пражывання. Зразумела, што рэалізоўваць свае памкненні даводзіцца ва ўмовах канкурэнцыі.

І культуры ў гэтым сэнсе не з’яўляюцца выключэннем. З дагістарычных часоў яны змагаюцца за павелічэнне колькасці сваіх адэптаў, у тым ліку і за кошт насельніцтва, што пражывае на суседніх тэрыторыях. Так, рускія стагоддзямі прасоўваліся на Усход і асімілявалі абарыгенаў. Працэс гэты працягваўся да тых часоў, пакуль яны не дайшлі да межаў дзяржаў, чые культуры ў сваім стадыяльным развіцці не саступалі рускай культуры, а то і апярэджвалі яе (Карэя, Кітай).

Культура мадэрну ў Еўропе ўзнікла не на пустым месцы. Яна — прадукт натуральнага самаразвіцця (мадэрнізацыі) лакальных традыцыйных культур заходнехрысціянскай цывілізацыі. Асвоіўшы каштоўнасці мадэрну, Захад рэзка павысіў сваю канкурэнтаздольнасць на рынку культур. Тым жа, хто не паспеў і спазніўся, давялося даганяць.

Натуральна, неканкурэнтаздольнасць традыцыйных культур да пачатку Новага часу ўсвядомілі не сяляне, а ўладныя эліты, і ўсведамленне гэта прыйшло праз ваенныя паразы. Адказам на натуральную мадэрнізацыю Захаду стала мадэрнізацыя Усходу (Расійская і Асманская імперыі), якая праводзілася наўздагон і зверху (як правіла, сілавымі метадамі).

Мадэрнізацыя ад АП — класічны прыклад такога тыпу мадэрнізацыі. Чакаць вяртання да часоў сталінскіх рэпрэсій, зразумела, не варта. Для ўсталявання поўнамаштабнай дыктатуры, як неаднаразова тлумачыў сам АП, «надо иметь ресурсы». А вось якраз рэсурсаў, дзякуй Богу, у дастатковай колькасці Беларусь не мае. Таму і давялося ў мінулым годзе абмежавацца дэкрэтам №9. Працытую Пасланне–2013: «Вы все знаете о моих решениях, порой непопулярных, принятых по результатам посещения основных деревообрабатывающих предприятий. Это вызвано необходимостью успешно завершить начатую там модернизацию».

Новы час, згодна з АП, высоўвае тры галоўныя патрабаванні: хуткасць, гнуткасць і творчасць. Дэкрэт № 9 і падобныя рашэнні — гэта беларускі адказ на галоўныя выклікі, які мусяць павысіць канкурэнтаздольнасць нашай самабытнай мадэлі развіцця.

Рыс у Беларусі, на жаль, не расце

Для традыцыйных грамадстваў, дзе кожны ведае кожнага, гатоўнасць да супрацоўніцтва з’яўляецца правілам, а не выключэннем (прыгадаем талаку). Заходні чалавек, які развітаўся з традыцыйным мінулым па ўласнай ініцыятыве, перанёс здольнасць да супрацоўніцтва ў вялікае грамадства. Для гэтага яму давялося навучыцца ўзаемадзейнічаць з незнаёмымі яму людзьмі з дапамогай універсальных нормаў (законаў).

У гады сталінскай індустрыялізацыі наш традыцыяналіст быў вырваны са звыклага сельскага свету і ў масавым парадку накіраваны на будаўніцтва магнітак і днепрагэсаў. Так нарадзіўся «чалавек атамізаваны», якога не варта блытаць з «чалавекам аўтаномным». Першы, у адрозненне ад другога, няздольны аб’ядноўвацца з незнаёмымі яму людзьмі для ўзаемадзеяння з дзяржавай. Калі ж неабходнасць у такім узаемадзеянні ўзнікае, то «чалавек атамізаваны» вырашае свае праблемы за кошт асабістых сувязяў (блату).

«Сялянская ментальнасць, — на думку гісторыка Уладзіміра Булдакова, — якую вытраслі са свайго натуральнага цела, стала бесперашкодна паўзці ўверх па ўсіх паверхах уладнай піраміды». Зірніце на нашу «вертыкаль» і «вертыкальшчыкаў». Гэта ж архаіка ў чыстым выглядзе! Таму прынцып асабістых дамоўленасцяў пануе ў нас не толькі на нізавым узроўні, але і на ўзроўні міждзяржаўным (гл. «Дзяржава прыватных дамоўленасцяў», НЧ, №10, 2012).

Базавыя характарыстыкі традыцыйнай беларускай культуры фармаваліся ў зусім іншых умовах і для адказаў на іншыя выклікі. Сёння большасць з іх не падвышае, а зніжае канкурэнтаздольнасць беларускага грамадства.

Абмяжуюся адным прыкладам. Толькі 5 краін за апошнія 50 гадоў здолелі перайсці з трэцяга свету ў першы: Ганконг, Сінгапур, Тайвань, Паўднёвая Карэя і Японія. Нескладана заўважыць, што ўсе гэтыя краіны гістарычна звязаныя з вырошчваннем рысу.

У чым тут сакрэт? Традыцыйныя культуры ў большасці сваёй з’яўляюцца культурамі экстэнсіўнымі. Нездарма ўстойлівы рост ВУП на душу насельніцтва ў Еўропе стаў магчымы толькі пасля пераходу да культуры мадэрну (да 1800 года ВУП на сярэднестатыстычную душу ў Еўропе быў такім жа, як і ў Рымскай імперыі). Што да народаў, якія вырошчваюць рыс, дык яны навучыліся выціскаць максімум з кожнага кавалачка зямлі задоўга да наступлення Новага часу. Інакш яны б не выжылі. Да інтэнсіўнага земляробства іх падштурхоўвала і неабходнасць стварэння арашальных сістэм.

Сучасная масавая вытворчасць з’яўляецца інтэнсіўнай па азначэнні. Таму і стаў магчымы выбухны эфект у працэсе спалучэння заходніх тэхналогій са шматвяковай традыцыяй інтэнсіўнага працы ў краінах Паўднёва-Усходняй Азіі.

Носьбітам традыцыйнай беларускай культуры ў гэтым сэнсе пахваліцца няма чым. На жаль, у рэспубліцы-партызанцы яны складаюць большасць. Гэта яны ў 1994 годзе дружна прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і паставілі дэмакратычны крыж на спробах меншасці перайсці ад экстэнсіўнай эканамічнай мадэлі савецкага ўзору да мадэлі інтэнсіўнай.

Каментаваць