Плявок у твар еўропы

У нядзелю 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя  прадпрымальнікі, былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў, а таксама Уладзімір Асіпенка. Шэраг праваабаронцаў і палітыкаў бачаць у гэтым адмысловую правакацыю і называюць затрыманых новымі палітвязнямі Беларусі.



У нядзелю 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя  прадпрымальнікі, былыя палітвязні Мікалай Аўтуховіч і Юрый Лявонаў, а таксама Уладзімір Асіпенка. Шэраг праваабаронцаў і палітыкаў бачаць у гэтым адмысловую правакацыю і называюць затрыманых новымі палітвязнямі Беларусі.



Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка падазраюцца ў наўмысным знішчэнні маёмасці, што выклікала страты ў буйным памеры, а дакладней, у падпале дома супрацоўніка Ваўкавыскага РАУС у 2004 годзе. Паводле інфармацыі БелаПАН, ім інкрымінуецца артыкул 218, частка 2 Крымінальнага кодэкса Беларусі — наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, якое ўчынена агульнанебяспечным спосабам або пацягнула прычыненне стратаў у буйным памеры. Артыкул прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі тэрмінам ад трох да дзесяці гадоў.

 Затрымлівалі Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку байцы падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз. Да таго ж супрацоўнікі спецпадраздзялення правялі вобшукі — шукалі наркотыкі, зброю і дакументы. У Аўтуховіча канфіскавалі кампутар і прыватныя лісты. Праваабаронца Алег Волчак паведаміў, што следства быццам бы знайшло сведкаў па справе. З адным з іх праваабаронца змог сустрэцца. Сведка расказаў, што апошні раз сустракаўся з Аўтуховічам гады чатыры таму і не мае чаго паведаміць па справе. У нядзелю ў яго мусіла адбыцца вочная стаўка з Аўтуховічам. Палітыкі і праваабаронцы мяркуюць, што гэтая крымінальная справа — помста прадпрымальнікам за актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Былыя палітвязні — Андрэй Кім, Сяргей Парсюкевіч і Аляксандр Казулін, вызвалення якіх настойліва дабіваўся летась Захад, распаўсюдзілі заяву, у якой патрабуюць неадкладна выпусціць на свабоду ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. “Выстаўленыя Лявонаву, Аўтуховічу і Асіпенку абвінавачанні абсурдныя і не вытрымліваюць ніякай крытыкі, — гаворыцца ў заяве. — Гэты арышт — плявок у твар афіцыйнай Еўропе і добрая дэманстрацыя гэтак званай “лібералізацыі.

“Супрацоўніцтва з гэтым рэжымам не толькі амаральнае, але і небяспечнае. Еўрапейскі бізнес і афіцыйны Брусель павінны памятаць, што гульня з чалавекам без прынцыпаў заўсёды ідзе згодна з яго правіламі. І наступнай ахвярай можа апынуцца кожны, незалежна ад колеру яго пашпарта, — падкрэсліваюць у сваёй заяве былыя палітвязні.

Праз некалькі дзён пасля затрымання прадпрымальнікаў з заявамі ў падтрымку сваякоў, з заклікам вызваліць Аўтуховіча, Лявонава, Асіпенку выступілі беларускія палітыкі. Яны ж акцэнтавалі ўвагу на тым факце, што затрыманні, якія носяць палітычную афарбоўку, адбыліся ў часы так званай “лібералізацыі. Былы палітвязень Аляксандр Казулін выказаў меркаванне, што гэта можа азначаць пераломны момант у дыялогу з Захадам. “Відавочна, Аляксандр Лукашэнка ведае, што адбываецца, і разам з тым устрымліваецца ад якіх-кольвек каментараў. Мяне здзіўляе, што Еўропа дагэтуль ніяк не адрэагавала на падобныя правакацыйныя дзеянні ўладаў, — сказаў палітык. — Адной з умоў Захаду для дыялогу з беларускім рэжымам было вырашэнне праблемы з палітвязнямі, адмова ад палітычных рэпрэсій. Пытанне: з якім намерам да гэтага дыялога ідзе ўлада. Мы, як і Захад, павінныя быць шчырымі. І ў першую чаргу гэта тычыцца Лукашэнкі. Я спадзяюся, што бліжэйшым часам затрыманыя прадпрымальнікі выйдуць на свабоду. Аналагічную пазіцыю агучыў і Аляксандр Мілінкевіч. “Не можа быць дыялога там, дзе адбываецца пераслед людзей па палітычных матывах. Дыялог трэба пачынаць тады, калі ўсе спрэчныя пытанні зведзеныя на нуль, — падкрэсліў кіраўнік руху “За свабоду. — Я выступаю за эвалюцыйны шлях развіцця, за дыялог з уладамі, але не такой мовай. Бліжэйшым часам палітыкі і праваабаронцы плануюць звярнуцца з адпаведнай заявай у органы кіравання Еўрасаюза.

Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна ў Мінску. Час затрымання з санкцыі пракурора падоўжаны да сямі сутак.
 

Каментаваць