Лешак Шарэпка: Усё залежыць ад Беларусі

Традыцыйна з нагоды Дня незалежнасці пасол Польшчы дае прэс-канферэнцыю. Гэты год выключэннем не стаў.



І наўрад ці гэтая прэс-канферэнцыя адрознівалася ад мінулагодняй. Нашыя адносіны з Польшчай амаль не развіваюцца. А не развіваюцца таму, што Беларусь сама не рэагуе на шматлікія сігналы суседзяў. Пра гэта збольшага казаў Лешак Шарэпка. Склалася ўражанне, што праз прэсу ён паспрабаваў падштурхнуць беларускія ўлады да вырашэння тых праблемаў, якія б ён мог вырашыць з дапамогай нашай дзяржавы.
 
 
Найпераш, канешне, Шарэпка адзначыў, што некаторы штуршок у двухбаковых адносінах ёсць. У гэтым годзе Польшчу наведалі два нашых намеснікі міністра — сельскай гаспадаркі і эканомікі. Але такім узроўнем адносінаў Шарэпка не задаволены. А вось зрабіць нічога не можа.
 
 
Самае балючае пытанне шараговых беларусаў — шэнгенскія візы, якія выдае амбасада Польшчы. У гэтым кірунку, па словах пасла, “Польшча амаль вычарпала свае магчымасці”. Польскае пасольства за мінулы год выдала 350 тысячаў шэнгенскіх візаў — гэта 42% усіх візаў ЕС. Да таго ж 3,5% беларусаў маюць зараз нацыянальныя польскія візы. “Эфектыўнасць візавай палітыкі залежыць і ад прымаючага боку”, — намякнуў Шарэпка.
 
 
Паводле словаў пасла, ён не супраць, каб Беларусь і Польшча падпісалі дамову пра “абмен візамі” і вярнуліся да “дашэнгенскага перыяду”, калі для наведвання Польшчы візы было не трэба. Але… “Калі мы кажам аб мяжы, мы заўсёды кажам і аб малым памежным руху. У 2007 годзе, на першай сваёй прэс-канферэнцыі я пажартаваў, што з Расіяй мы пачалі перамовы аб такім памежным руху з Калінінградскай вобласцю, і дасягнем іх хутчэй, чым з Беларуссю. Так яно і сталася”, — адзначыў Шарэпка.
 
 
Па словах пасла, шмат што ў адносінах Беларусі і Польшчы залежыць ад адносінаў Беларусі і ЕС. “Напрыклад, мы не можам адрамантаваць памежны мост, бо няма закону аб прававым парадку на мяжы, мы проста не ведаем, як гэта зрабіць”, — казаў Шарэпка.
 
 
“Шмат людзей ездзяць у Польшчу, набываюць там тавары. Каб у Беларусі быў нармальны інвестыцыйны клімат, каб польскія прадпрымальнікі адчынілі крамы тут, можа, і не трэба было б ездзіць. Але ўсе пытанні ўпіраюцца ў пазіцыю Беларусі. Беларусь не мае жадання да паўнамаштабнага дыялогу”, — лічыць пасол.
 
 
Праблемы добрасуседства, перасячэння мяжы, інвестыцый і гандлю — усё гэта ўпіраецца ў тое, што Беларусь пакуль, здаецца, не мае намеру мець адпаведныя дачыненні і пагадненні з Польшчай і з ЕС. А без жадання Беларусі нічога зрабіць не атрымаецца.

Каментаваць