Польшча перакідвае танкі да беларускай мяжы? Чаму гэта не так

Раніцай 28 снежня ў стужках з'явілася навіна пра тое, што Польшча перакідвае да беларускай мяжы танкі Leopard 2A5. Пра гэта стала вядома з паведамлення міністра нацыянальнай абароны Польшчы Антонія Мацярэвіча на сайце TVP Info.
Танкі Leopard 2A5 — прадукт нямецкай ваеннай прамысловасці. Гэта сучасная і сур'ёзная зброя. «Леапард» можа развіваць хуткасць да 72 км/г па шашы і валодае запасам ходу ў 550 км. Польскія Leopard 2A5 уваходзяць у склад першага батальёна 1-й Варшаўскай танкавай брыгады.

Вядома, што брыгада зараз рэарганізуецца. У яе склад плануецца ўключыць два танкавыя батальёны, два механізаваныя, артылерыйскі дывізіён і дывізіён супрацьпаветранай абароны. Па словах Мацярэвіча, другі танкавы батальён неўзабаве будзе сфарміраваны і укамплектаваны танкамі Leopard 2.

Навіна пра перадыслакацыю польскіх танкаў Leopard 2A5 выклікала пэўную занепакоенасць у Беларусі. Але ці трэба хвалявацца? Новае месца дыслакацыі танкаў знаходзіцца ў мястэчку Вясола... пад Варшавай. Да Брэста адтуль 170 км наўпрост, а па дарогах — блізу 200 км.

Прыкладна на такой жа адлегласці ад Брэста, толькі ў іншы бок, знаходзяцца Баранавічы. Але не тое, каб палякі непакоіліся пра беларускае ўзбраенне, якога пад Баранавічамі больш чым дастаткова.

Пра пераброску танкаў з заходніх рубяжоў углыб Польшчы было вядома яшчэ ў красавіку 2017 года. Самі палякі называюць новую брыгаду часткай «ściany wschodniej» — усходняй сцяны. Каментуючы неабходнасць знаходжання танкаў у Вясоле, Мацярэвіч кажа, што Польшча «павінны рыхтавацца не да таго, каб адваёўваць згубленую зямлю, а да таго, каб абараняць польскія межы».

Паводле Еўрарадыё

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць