Пошукі будучыні

Каб захаваць сябе пры ўладзе, Аляксандр Лукашэнка гатовы прыцягнуць знешнія сілавыя рэсурсы. Арабскія рэвалюцыі і ўласнае, цяпер ужо не безагаворачна ўпэўненае становішча на палітычным алімпе спарадзіла ў беларускага лідара ідэю надаць Калектыўным сілам аператыўнага рэагавання АДКБ функцыю гаранта ўлады.



Каб захаваць сябе пры ўладзе, Аляксандр Лукашэнка гатовы прыцягнуць знешнія сілавыя рэсурсы. Арабскія рэвалюцыі і ўласнае, цяпер ужо не безагаворачна ўпэўненае становішча на палітычным алімпе спарадзіла ў беларускага лідара ідэю надаць Калектыўным сілам аператыўнага рэагавання АДКБ функцыю гаранта ўлады.

Калі ў 2009 годзе Лукашэнка зацягваў падпісанне дамовы аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання, то цяпер ён заяўляе пра неабходнасць надаць гэтай структуры правы для ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў-удзельніц АДКБ. Нагадаю, што ў чэрвені 2009 года члены АДКБ, апроч Беларусі, падпісалі дакументы па КСАР, Лукашэнка з-за “малочнай вайны з Расіяй тады адмовіўся гэта рабіць. У выніку дамова з боку Беларусі была падпісаная толькі ў кастрычніку 2009-га.

Вайсковы гарант гаранта

Пра тое, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання мусяць стаць на варце палітычных рэжымаў дзяржаў-падпісантаў, кіраўнік Беларусі гаварыў яшчэ ў 2010 годзе. Ён называў бесперспектыўнай далейшую дзейнасць АДКБ, бо арганізацыя не рэагуе на «дзяржаўны пераварот у адной з краін-сябраў».

На нефармальным саміце лідараў краін-удзельніц АДКБ, які праходзіў у Маскве, Лукашэнка прадставіў заяву Курманбека Бакіева (у Кыргызстане вясной 2010 года адбылася рэвалюцыя, і Бакіў збег з краіны) з заклікам увесці ў Кыргызстан вайсковы кантынгент. Аднак гэтая прапанова была адхіленая. Была прынятая заява кіраўнікоў дзяржаў-сябраў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у якой «падзеі красавіка 2010 года ў Кыргызскай Рэспубліцы, што прывялі да неканстытуцыйнай змены ўлады», разглядаюцца членамі АДКБ як “унутраныя справы гэтай краіны.

Цяпер, калі патэнцыйная пагроза звяржэння палітычнага рэжыму навісла над Беларуссю, яе палітычны лідар зноў выказваецца за наданне КСАР паліцэйскай функцыі.

“Фронтам, вайной ніхто сёння на нас не пойдзе, а вось канстытуцыйны пераварот здзейсніць рукі свярбяць у многіх, — растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам 30 жніўня бягучага года. — Мы павінны абараніць цэласнасць і незалежнасць краін АДКБ. “Што тычыцца пытання ўзбраення для КСАР, то Мядзведзеў падтрымаў беларускі бок у тым, што трэба тэрмінова даўзброіць, даўкамплектаваць гэтыя сілы, калі мы хочам мець гэтую цэласную арганізацыю, — заявіў беларускі лідар, спасылаючыся на вынікі апошніх перамоваў з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым у Сочы. — Мы сур’ёзна абмеркавалі дадзеную праблему, і гэта будзе значная падтрымка краінам, якія ўваходзяць у АДКБ.

Па словах Лукашэнкі, ён абмеркаваў з прэзідэнтам Расіі падчас нефармальнага саміту АДКБ пытанне аб тым, што ваенныя базы замежных дзяржаў у краінах АДКБ будуць размяшчацца са згоды савета кіраўнікоў дзяржаў арганізацыі.

Ініцыятыву Лукашэнкі зразумець можна. У беларускім грамадстве нарастае сацыяльная незадаволенасць, выкліканая істотным пагаршэннем эканамічнай сітуацыі. Але ці напраўду гатовыя члены АДКБ на практыцы падтрымаць увядзенне войскаў на тэрыторыю суверэннай дзяржавы, бо гэта патрабуе моцнай палітычнай волі і рашучасці, да ўсяго негатыўна ўплывае на імідж дзяржавы?

“Звярніце ўвагу, што Масква гэта афіцыйна амаль не каментуе. Патрэбы ўводзіць расійскія войскі ў Беларусь няма. У нас тут не Чачня, — гаворыць палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. — Я больш асцерагаўся б таго, каб тут не з’явіўся расійскі спецназ, і не скінуў дзеючага кіраўніка на манер Афганістану. А Лукашэнка проста напалоханы афрыканскімі, лівійскімі справамі. Я насамрэч не ўяўляю, што кіргізскія войскі будуць тут, ці нашы — там. Дарэчы, кіргізы папрасілі NАТO ўзмацніць мяжу з Афганістанам. Бо гэта ёсць рэальны дзеючы інструмент, а не АДКБ. І яшчэ звярніце ўвагу: заявы Лукашэнкі ніхто не тое, што не падтрымаў, але і не каментуе. Маскве ўсё гэта нагнятаць папросту няма сэнсу.

Расійская газета “Известия прыводзіць словы сваёй крыніцы ў Крамлі. Там патлумачылі, што беларускі лідар хоць і лічыцца саюзнікам Расіі, аднак ідэю дапамогі з боку АДКБ «выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў». Сама ініцыятыва нарадзілася ў ходзе нефармальнага саміту, які прайшоў 12 жніўня ў Астане, і аўтарства належыць Маскве, хоць агучваў яе Лукашэнка. “Размова ідзе пра выкарыстанне патэнцыялу АДКБ для абароны канстытуцыйнага ладу. Калі нацыянальныя сілы папросту не ў стане справіцца з сітуацыяй, калі сітуацыя ідзе ў разнос, існуе пагроза жыццю і бяспецы грамадзян, адбываюцца масавыя рабаванні і марадзёрства, тады АДКБ можа ўмяшацца. Тое, што адбылося ў снежні 2010 года ў Мінску, — гэта ўнутраная справа дзяржавы, — патлумачыў “Известиям Мікалай Бардзюжа.



У папа быў сабака...

Падчас сочынскіх перамоў паміж кіраўнікамі Беларусі і Расіі ў чарговы раз была ўзнятая тэма “партнёрства двух народаў. “Лідары дзвюх краін крытычна падышлі да ацэнкі стану беларуска-расійскіх адносін і канстатавалі, што яны не адпавядаюць статусу стратэгічнага партнёрства. Былі названыя пэўныя праблемы, якія па ўзаемнай думцы павінны быць знятыя ў бліжэйшай перспектыве. Прэзідэнты дамовіліся, што, пачынаючы з гэтай сустрэчы, яны распачнуць шэраг практычных крокаў па аднаўленні высокага ўзроўню партнёрства паміж дзвюма краінамі, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні. — У сувязі з гэтым кіраўнік расійскай дзяржавы асабліва падкрэсліў, што мы — беларусы і расіяне — брацкія народы, звязаныя цеснымі вузамі, і мы ведаем, што трэба распачаць, каб не дапусціць разрыву брацкіх адносін.

“Прэзідэнт Беларусі асабліва адзначыў, што неабходна забяспечыць безумоўнае паўнавартаснае функцыянаванне Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі з 1 студзеня 2012 года. Беларусь панесла сур’ёзныя выдаткі, далучыўшыся да гэтага праекту, але ідэя АЭП была свядома падтрыманая, бо важна стварыць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў і грамадзян на гэтай прасторы. Расійскі прэзідэнт выказаў прынцыповую згоду з пазіцыяй беларускага калегі, — паведаміла прэс-служба Лукашэнкі.

Аднак высокае партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю ў разуменні Лукашэнкі, відаць, не знаходзіць практычнага ўвасаблення. Інакш кажучы, моцнай фінансавай падтрымкі Беларусі з боку Расіі цяпер не назіраецца. І кіраўнік Беларусі зноў спрабуе наладзіць разарваныя адносіны з Еўрасаюзам. І ёсць знакі таго, што ЕС не выдаў незваротна чорную метку беларускаму рэжыму. На пачатку жніўня на свабоду выйшлі дзевяць фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня мінулага года.

Напрыканцы жніўня з’явілася інфармацыя, што міністр замежных спраў Балгарыі Мікалай Младэнаў меў сустрэчу ў Мінску з Лукашэнкам. Пасля чаго былі вызваленыя яшчэ чацвёра палітвязняў. Была агучаная ідэя зладзіць дыялог (любімае слова еўрапейскіх палітыкаў) аб будучыні Беларусі з прадстаўнікамі апазіцыі. У якасці назіральнікаў быццам бы нават будуць запрошаныя прадстаўнікі Расіі і ЕС. Але еўрапейскія палітыкі пасля таго, як абняславілі сябе даверлівасцю і недальнабачнасцю ў гульнях у лібералізацыю з Лукашэнкам, пакуль публічна займаюць цвёрдую пазіцыю.

Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пакуль не бачыць істотных зрухаў на знешнепалітычным полі Беларусі. “Балгарскі міністр выканаў ролю санітаркі на мінным полі, калі выказвацца словамі Васіля Быкава. І, калі меркаваць па заявах палітыкаў з Брусэлю, нічога ён не дамогся. Мяркую, што вызваленне палітвязняў будзе, але своеасаблівае. Не выключаю, што іх могуць проста выслаць з краіны. Не бачу іншага варыянта, напрыклад, для Саннікава, які гавораць, што ёсць толькі адзін варыянт перамоў з Лукашэнкам — перадача ўлады, — разважае спадар Якаўлеўскі.

Так, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Розмары Томас (Вялікабрытанія цяпер старшынствуе ў ЕС) у інтэрв’ю агенцтву “Інтэрфакс-Захад заявіла, што найперш ад беларускіх уладаў чакаюць не толькі вызвалення, але і рэабілітацыі асуджаных па справе «19 снежня». Каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб дыялогу з апазіцыяй пры ўдзеле ЕС і Расіі, спадарыня Размары Томас заўважыла, што афіцыйнага запрашэння пакуль не паступіла. Дзяржавы ЕС хацелі б пачуць у часе гэтага дыялогу «аб фармаванні ў Беларусі шматпартыйнай дэмакратыі». “Еўрапейскі саюз так і не ачуняў ад глыбокага шоку і засмучэння», якія зазнаў пасля падзеяў 19 снежня ў Беларусі, — дадала брытанскі дыпламат.
-----------------------------------------------------------------------

Для даведкі:

Гісторыя АДКБ бярэ свой пачатак ад 15 мая 1992 года, калі ў Ташкенце Арменія, Казахстан, Кіргізія, Расія, Таджыкістан і Узбекістан падпісалі Дамову аб калектыўнай бяспецы, якая ўступіла ў сілу 20 красавіка 1994 года. Беларусь далучылася да дамовы 31 снежня 1993 года ўслед за Грузіяй (9 верасня 1993 г.) і Азербайджанам (24 верасня 1993 г.). У красавіку 1999 года прэзідэнты Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі і Таджыкістана падпісалі пратакол аб працягненні тэрміну яго дзеяння на наступны пяцігадовы перыяд, у той час як Азербайджан, Грузія і Узбекістан адмовіліся ад далейшага ў ім удзелу. 14 мая 2002 года ў Маскве было вырашана стварыць паўнавартасную міжнародную арганізацыю і пасля падпісання ў кастрычніку гэтага ж года Статута і Пагаднення аб прававым статусе (уступілі ў сілу 18 верасня 2003 г.) з’явілася Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бяспецы, якая ўжо ў снежні 2004 года атрымала статус назіральніка ў Генеральнай Асамблеі ААН. На сённяшні дзень у склад АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія, Расія, Таджыкістан і Узбекістан (аднавіў свой удзел у жніўні 2006 года).

Каментаваць