Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Усё ў імя чалавека, усё дзеля чалавека!

Адно з адрозненняў сучаснага аўтарытарызму ад свайго савецкага папярэдніка палягае ў няздольнасці кіруючага класа сфармаваць вобраз будучыні. Таму мы не ведаем, да чаго імкнуцца. І таму не можам скласці план рэформаў. Што рэфармаваць — зразумела. Але якая канчатковая мэта пажаданых пераўтварэнняў?

І вось з нявызначанасцю было скончана. Па меншай меры, так мне спачатку падалося. Падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць АП вызначыў канцэпцыю развіцця Беларусі. Слова «вызначыў» я запазычыў з афіцыйнага прэс-рэлізу. Яно здзівіла мяне сваёй невыразнасцю, сваёй неадпаведнасцю велічы моманту.

Я адчуў тое, што ў псіхалогіі прынята называць «кагнітыўным дысанансам». На шчасце, працягваўся ён нядоўга. Ужо на наступны дзень самая салідная газета краіны выправіла хібу рэдактара прэс-рэлізу: АП не «вызначыў», а «абвясціў» новую канцэпцыю развіцця. Накіраваная яна будзе «на стварэнне ў населеных пунктах рознага ўзроўню якасных умоваў для жыцця людзей».

Усё ў імя чалавека, усё дзеля чалавека! Ну як тут ні запляскаць у ладкі! Я ж яшчэ памятаю 1961 год i XXII з'езд партыі з яго выдатным лозунгам. Шкада, што перайсці ад слова да справы тады не атрымалася. Віной таму, як пазней высветлілася, быў валюнтарызм Хрушчова. Але мы не паўторым яго памылак і не наступім другі раз на тыя ж граблі. Дый адкуль у Беларусі ўзяцца палітыку-валюнтарысту (з граблямі, дзякуй Богу, праблем няма)?

Яшчэ адзін важны момант: генеральны сакратар КПСС ішоў ад абстрактных схем, а мы ідзем ад жыцця, мы ідзем ад вынікаў эксперыменту ў гарадскім пасёлку Копысь, старт якому АП даў сваім распараджэннем у лістападзе 2016 года. Вынікі ўражваюць. За няпоўны год удалося ўладкаваць інжынерна-транспартную інфраструктуру, у тым ліку зрабіць рэканструкцыю вулічна-дарожнай сеткі; стварыць новыя сацыяльныя, гандлёвыя, турыстычныя і спартыўныя аб'екты; правесці мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў. «Пры гэтым, — падкрэслена ў прэс-рэлізе, — улічваліся пажаданні мясцовых жыхароў».

Карціна ўражвае. Заплюшчваю вочы — і бачу сярэднестатыстычнага жыхара гарадскога пасёлка, які даводзіць да спецыялістаў з Мінска свае пажаданні наконт уладкавання інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

Вось такі ўзор для пераймання ўсёй краіне. І ўсё гэта ў максімальна сціслыя тэрміны, якасна і нядорага! І ўсё гэта ў год навукі! Такі наш адказ на выклік чацвёртай прамысловай рэвалюцыі!

Інтрыгоўная назва

Узор («прыклад для пераймання») створаны. Што далей? А далей кожны год у кожным раёне плануецца ў двух падобных пасёлках наводзіць парадак, і праз пяць гадоў «такім чынам замыкаецца вертыкаль аднаўлення краіны: Мінск — абласныя цэнтры — райцэнтры — пасёлкі гарадскога тыпу — аграгарадкі — вёскі, якія раней былі цэнтрамі гаспадарак».

Але тут у мяне нечакана кальнула ў левым боку. Копысь у якасці ўзору быў абраны не таму, што гэта месца нараджэння АП. Выбар быў звязаны перш за ўсё з тым, што АП «добра ведае гэтыя месцы і можа асабіста пракантраляваць якасць, неабходнасць і запатрабаванасць тых ці іншых мер па развіцці населенага пункта».

Але такіх пасёлкаў у нас 60–70. Другога АП у нас няма, а для арганізацыі якаснага кантролю патрэбна больш за паўсотні такіх «адзіных палітыкаў». Вось дзе праблема! Да «замыкання вертыкалі аднаўлення краіны» засталося пяць гадоў. Дзе гарантыя, што яна замкнецца ў тэрмін і з належнай якасцю?

Жартаваць можна і далей. Але я два разы перачытаў прэс-рэліз і тры разы — інтэрнэт-варыянт газетнага артыкула, аднак так і не зразумеў навізны канцэпцыі. Сваё неразуменне я выказаў у каментары да артыкула на сайце, аднак не меў спадзяванняў на персанальнае тлумачэнне. Якія там спадзяванні! Маё пытанне рэдакцыя нават не адважылася размясціць на сайце.

Каб падвесці тэарэтычную базу пад новую канцэпцыю, нам спатрэбіцца кніга амерыканскага сацыёлага Дж. Скота «Добрымі намерамі дзяржавы. Чаму і як правальваліся праекты паляпшэння ўмоў чалавечага жыцця». Інтрыгоўная назва, пагадзіцеся.

Адразу павінен папярэдзіць, што ў кнізе абагульнены вопыт дзяржаўных праектаў прынцыпова іншага маштабу. У прыватнасці, «Вялікага скачка» ў Кітаі, калектывізацыі ў СССР, прымусовага збору людзей у вёскі ў Танзаніі, Мазамбіку і Эфіопіі. Тым не менш я паспрабую перанесці высновы паважнага навукоўца на родную зямлю.

Першы, другі, трэці, чацвёрты

Трагічным фіналам пералічаных вышэй дзяржаўных праектаў спрыяла спалучэнне чатырох элементаў. Першы з іх — адміністрацыйнае памкненне, накіраванае на прывядзенне ў парадак прыроды і грамадства. Адкрыем прэс-рэліз ад 4 чэрвеня. Слова «парадак» згадваецца ў ім чатыры разы: тры разы з дзеясловам «навесці» і адзін раз — з дзеясловам «падтрымаць».

Такія суадносіны не павінны здзіўляць. Перш, чым заняцца падтрыманнем парадку, яго неабходна спачатку навесці. А вось з гэтым праблема! У ліпені пайшоў 24-ы год, як распачаўся працэс «навядзення парадку».

Другі элемент — гэта вера ў навукова-тэхнічны прагрэс, у магчымасць панавання над прыродай і — галоўнае — у рацыянальнасць сацыяльнага парадку. Важна падкрэсліць, што гаворка ідзе менавіта пра веру, якую не варта блытаць з сур'ёзнай навуковай практыкай. Так, АП не толькі верыць у магчымасць адкрыцця ў невялікіх населеных пунктах вытворчасцяў на ўзроўні лепшых сусветных стандартаў, але і ў тое, што «мы ўжо больш чым палову шляху ў гэтым плане прайшлі».

Аднак — падкрэслівае Дж. Скот — спалучэнне фактараў становіцца смяротна небяспечным, толькі калі да першых двух элементаў далучаецца трэці. Гэты элемент — аўтарытарная дзяржава, якая жадае і здольная выкарыстоўваць усю сваю ўладу, каб увасобіць у жыццё ёю ж распрацаваныя праекты.

За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Спадзяюся, беларусы не забыліся трохразовую дэвальвацыю і трохзначную інфляцыю ў 2011 годзе, справакаваныя жаданнем «дзяржавы для народа» ашчаслівіць беларусаў сярэднім заробкам у 500 долараў. Дарэчы, вінаватыя за гэту высакародную ініцыятыву не толькі не былі прыцягнутыя да адказнасці, аднак нават пайменна не названыя.

Чацвёрты элемент, цесна звязаны з трэцім, — слабая грамадзянская супольнасць, няздольная супраціўляцца планам аўтарытарнай дзяржавы. Супраць лому няма прыёму! Але для падаўлення ўсяго, што праяўляе жаданне самастойна рухацца (незалежныя прафсаюзы, СМІ і г.д.), дзяржава прымяняе не толькі лом, але і псеўдаструктуры грамадзянскай супольнасці. Як тут ні прыгадаць афіцыйныя прафсаюзы з іх фенаменальнай здольнасцю «гнеўна маўчаць».

У Танзанію па досвед

Мегапраекты практычна заўсёды заканчваюцца праваламі, бо, задуманыя і рэалізаваныя з адзінага цэнтра, яны не здольныя ўлічваць разнастайнасць рэальнасці. Аўтарытарныя спецыялісты па падвядзенні ўсяго, што варушыцца, да агульнага назоўніка не ў стане адказваць на выклікі свету, што імкліва змяняецца. Заклік «ісці ад жыцця» добра гучыць з трыбуны, аднак на практыцы ідзе ад схем і узораў, прычым самых прымітыўных.

Гарадскі пасёлак Копысь — чарговы ўзор, створаны кулібінымі ад бюракратычнай вертыкалі. У бліжэйшыя пяць гадоў яго трэба будзе растыражаваць на ўсю краіну. Але перш чым распачаць чарговае марнаванне грошай падаткаплацельшчыкаў, я б рэкамендаваў звярнуцца да досведу Танзаніі.

Сацыяльны праект па павелічэнні дабрабыту 5 мільёнаў чалавек шляхам перасялення ў вёскі, пабудаваныя паводле аднаго праекту, праводзіўся ўрадам Танзаніі з 1973 па 1976 гады. Чыноўнікі, што кіраваліся ўласнымі інтарэсамі (у першую чаргу — спрашчэннем кантролю), заняліся будаўніцтвам не проста вёсак, а правільных вёсак.

Візуальная эстэтыка такіх вёсак злучала ў адно цэлае элементы адміністрацыйнага парадку, ахайнасці і выразнасці. У поўнай адпаведнасці з бюракратычным стылем мыслення, уздоўж прамых дарог выстраіліся на мінімальнай адлегласці адзін ад аднаго дамы. Вырошчванне сельгаскультур было арганізавана блокавым метадам, пры якім кожны блок адпавядаў дакладна вызначанаму тыпу культуры, што істотна спрашчала кантроль з боку чыноўнікаў.

Вынікам адміністрацыйнага планавання стала сацыяльная і экалагічная катастрофа. Абмяжуюся адной цытатай з кнігі: «Для надзвычай рухомых масаеў стварэнне буйных фермерскіх гаспадарак з выпасам быдла на адным месцы апынулася абсалютным бедствам — стала проста немагчыма здабываць сродкі да існавання».

Беларусь — не Танзанія. Тым не менш, пералічаныя вышэй чатыры элементы, хай і з улікам нацыянальнай спецыфікі, здольныя звесці на нішто любыя добрыя намеры кіраўніцтва беларускай дзяржавы.



Каментаваць