ПП заўважыла Мілінкевіча

Палата прадстаўнікоў адказала на зварот Аляксандра Мілінкевіча наконт унясення ў Выбарчы кодэкс папраўкі, якая гарантуе прадстаўнікам кандыдатаў у дэпутаты ўдзел у падліку галасоў.

Палата прадстаўнікоў адказала на зварот Аляксандра Мілінкевіча наконт унясення ў Выбарчы кодэкс папраўкі, якая гарантуе прадстаўнікам кандыдатаў у дэпутаты ўдзел у падліку галасоў.

У адказе на зварот Мілінкевіча, накіраваны ў Палату прадстаўнікоў 9 жніўня, намеснік старшыні пастаяннай камісіі ніжняй палаты парламента па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Міхаіл Орда паведаміў, што дэпутаты «з’яўляюцца паслядоўнымі прыхільнікамі забеспячэння адкрытасці і галоснасці выбараў і гатовыя працаваць у гэтым кірунку». У той жа час ён адзначыў, што члены камісіі «вельмі слаба ўяўляюць механізмы прававой рэалізацыі» прапановы Мілінкевіча аб абавязковым уключэнні ў камісіі ўсіх узроўняў прадстаўнікоў кандыдатаў на пасаду дэпутата ці прэзідэнта.

Орда папрасіў палітыка больш дэталёва падзяліцца сваімі думкамі па рэалізацыі яго прапановы.

Мілінкевіч накіраваў разгорнутыя прапановы ў Палату прадстаўнікоў 24 жніўня. Так, згодна з прапановай палітыка, прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты накіроўвае свайго прадстаўніка ў тэрытарыяльную ці акруговую камісію. Гэты прадстаўнік мае ўсе правы члена камісіі, за выключэннем права голасу. У выпадку рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты гэты прадстаўнік становіцца паўнапраўным членам камісіі.

Кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі ці кандыдат у дэпутаты таксама атрымлівае права вылучыць па адным прадстаўніку ў кожную ўчастковую камісію. Органы, якія фарміруюць участковыя камісіі, павінны ўключыць такога прадстаўніка ў камісію ў бясспрэчным парадку.

Мілінкевіч упэўнены, што рэалізацыя гэтых нормаў не паставіць пад пагрозу працу камісій, бо яны адразу фарміруюцца ў поўным складзе і толькі потым дапаўняюцца з ліку дэлегаваных у камісію прадстаўнікоў тых, хто збіраецца стаць кандыдатам у дэпутаты.

Таксама ў адказе Мілінкевіч падкрэсліў, што Палата прадстаўнікоў здольная прыняць змены ў выбарчае заканадаўства падчас аднадзённага пленарнага пасяджэння адразу ў двух чытаннях — такія прэцэдэнты ўжо былі.

Паводле прэс-службы Руху «За свабоду»

Каментаваць