Пра партыйнае будаўніцтва і Хілеля Вавілонца

Партыйным кіраўнікам, перш чым спрабаваць мабілізаваць грамадства, варта было б авалодаць мастацтвам мабілізацыі партыйных сябраў.



У папярэдняй азбуцы паліталогіі (гл. «Данос як форма палітычнай дзейнасці») мы разважалі пра беларускае грамадства. Нягледзячы на папулярную ў апазіцыйным асяродку думку, здольнасць грамадства засвойваць палітычную інфармацыю абмежаваная.

Звернемся да снежаньскага апытання НІСЭПД. Здавалася б, дзяржаўныя і незалежныя СМІ не пакрыўдзілі сваёй увагай тэму ліквідацыі назіральных саветаў на «Камунарцы» і «Спартаку». Аднак толькі 47% рэспандэнтаў пра такую неардынарную нават па беларускіх мерках падзею «штосьці чулі». Між іншым, штодня глядзіць тэлевізар 61% суайчыннікаў, яшчэ 18% аддаюцца гэтаму шаноўнаму занятку 4–6 дзён на тыдзень, колькасць жа карыстальнікаў інтэрнэту перавысіла 60%!

Грамадзяне адрозніваюцца паводле ўзроўню ўвагі да палітыкі. Пераважная большасць так званых «простых людзей» жыве праблемамі бліжэйшага асяродку (сям’я, праца) і не цікавіцца падзеямі, што адбываюцца па-за яго межамі. Асабістае жыццё так званых эстрадных «зорак» — адно з нешматлікіх выключэнняў, бо так прыемна ўсведамляць, што паводзіны «зорак» на побытавым узроўні практычна нічым не адрозніваюцца ад паводзін суседзяў па лесвічнай пляцоўцы!

На ўспрыманне/неўспрыманне палітызаванай інфармацыі ўплываюць таксама і палітычныя схільнасці грамадзян. Зразумела, што ў пенсіянераў, чыё выжыванне ў сучасных умовах залежыць ад дзяржаўнай падтрымкі, і ў эканамічна актыўных беларусаў яны не супадаюць.

Два прыклады. У маі 1995 года, калі я быў памочнікам кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага савета ад Народнага фронту, на сабе адчуў уплыў фільма «Нянавісць: дзеці хлусні» на прыхільнікаў АП (адзінага палітыка). На наступны дзень пасля паказу па тэлебачанні «шэдэўра» Азаронка бабулькі зачынялі перада мной дзверы з крыкам: «Ідзі адсюль, фашыст!»

А зараз перанясёмся праз Атлантычны акіян. У 1998 годзе рэспубліканцы паспрабавалі арганізаваць імпічмент прэзідэнту-дэмакрату Білу Клінтану ў сувязі з яго інтрыжкай з Монікай Левінскі. Скончылася ўсё гэта сумна для… рэспубліканцаў. Яны страцілі месцы ў Кангрэсе.

Каб растлумачыць парадокс, прывяду цытату з артыкула амерыканскага палітолага Мэрыян Джаст «Стварэнне вобразу лідарства: на прыкладзе Клінтана і Уотэргейта» (нагадаем, што за спробу рэспубліканцаў усталяваць праслухоўванне ў штабе дэмакратычнай партыі ў гатэлі «Уотэргейт» прэзідэнт Рычард Ніксан быў вымушаны пайсці ў адстаўку). «Да ключавых фактараў стварэння вобразу лідара варта аднесці ранейшыя чаканні і палітычныя дасягненні, якія прыпісваюцца лідару».

Монікагейту папярэднічалі 6 паспяховых у эканамічным плане гадоў прэзідэнцтва Клінтана. На гэтым і грунтаваліся «ранейшыя чаканні» амерыканцаў. Спробу адхілення «нашага Біла» ад улады яны ўспрынялі як пагрозу ўласнай бяспецы, і гэта пераважыла іх прыроднае пурытанства.

У 1995 годзе АП быў на піку сваёй папулярнасці. Дасягненнямі (запускам заводаў) ён яшчэ не паспеў адзначыцца, але ўзровень грамадскіх чаканняў пасля яго трыўмфальнай перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах быў надзвычай высокі. Адсюль і рэакцыя бабулек на ворагаў «нашага Бацькі».

Ад розуму індывідуальнага да калектыўнага

Неразуменне механізмаў фармавання грамадскай думкі спараджае палітыку «простых рашэнняў». Звернемся да слоўніка гісторыка Аляксандра Ахіезера: «фетышызм — ілюзорнае ўяўленне, якое часам набывае масавы характар, пра тое, што тая ці іншая з’ява ці дзеянне здольныя самі па сабе ў адрыве ад іншых з’яў быць ключом да рашэння вузлавых наспелых задач грамадства».

Віды фетышызму бясконца разнастайныя. Палітыкам, як правіла, уласціва ўпадаць у арганізацыйны фетышызм. Шмат хто з іх шчыра верыць у бязмежную сілу арганізацыйных мерапрыемстваў. Не пазбаўлены арганізацыйнага фетышызму і АП. Як тут ні прыгадаць студзеньскую спробу павялічыць эфектыўнасць дзяржаўных чыноўнікаў за кошт скарачэння іх колькасці на 25 працэнтаў.

У апазіцыйных палітыкаў свой фетыш — вера ў магчымасць здзяйснення скачку з аўтарытарызму ў дэмакратыю шляхам арганізацыі Плошчы. Замінае такому скачку адсутнасць адзінства сярод апазіцыі. На распрацоўку арганізацыйных мерапрыемстваў па згуртаванні апазіцыі (у першую чаргу гаворка ідзе пра выбар «адзінага») прафесійныя барацьбіты з рэжымам накіроўваюць свае асноўныя інтэлектуальныя рэсурсы. Як тут ні згадаць ідэю праймерыз, здольную, нібы, не толькі вызначыць «адзінага», але і павялічыць палітычную актыўнасць грамадства.

Прыхільнікам гэтай экзатычнай працэдуры хацелася б нагадаць, што за практычным досведам па арганізацыі праймерыз не трэба далёка хадзіць. Пры дапамозе праймерыз у Расіі апазіцыя абрала Каардынацыйны савет (КС). У выніку атрымалася чарговая пляцоўка для высоўвання ўзаемных прэтэнзій. Прывяду свежы прыклад, запазычаны са стужкі навін: «Масква, 23 студзеня. Дэмакратычная фракцыя з’явілася ў Каардынацыйным савеце апазіцыі. Пра гэта паведамляе адзін з сябраў КС, сустаршыня РПР—ПАРНАС Барыс Нямцоў. «Фракцыйнасць — гэта раскол. Улічваючы тое, што аб’ектыўна КС пакуль не набраў сілу, разбіць яго ўжо цяпер на фракцыі — самагубства. Пачнецца бардак», — лічыць Ігар Тэндзітны».

Дамарослы прыклад арганізацыйнага фетышызму — прапанова засяродзіцца не на абранні «адзінага», а на фармаванні адзінай каманды, якая выконвае ролю «адзінага цэнтра, з адзінай дактрынай, стратэгіяй і тактыкай барацьбы». Як тут ні працытаваць палітолага Глеба Паўлоўскага з нагоды расійскага варыянту адзінай каманды (КС): «Яшчэ раз пацвердзілася тэза Лявады, за якую яго ў свой час выгналі з інстытута, а інстытут зачынілі, што група людзей заўсёды адносна дурнейшая за індывідаў, якія яе складаюць. І ў суме ўяўляе сабой калектыўнага ідыёта».

Чые інтарэсы адстойваюць партыі?

Але час ад крытыкі пераходзіць да канструктыўных прапаноў. З нагоды адсутнасці ўласных, звярнуся па дапамогу да заканадаўца эпохі Другога Храма (I стагоддзе да нашага часу) Хілеля Вавілонца: «Калі я не дзеля сябе, дык дзеля каго я? Калі толькі дзеля сябе, дык навошта я? Калі не цяпер, дык калі?»

Перанясём ідэі мысляра мінулага на сучасныя палітычныя арганізацыі. Пры ўсёй разнастайнасці тыпаў, формаў і памераў, ці маецца адзіная для ўсіх арганізацый мэта іх стварэння? Адказаць на пастаўленае пытанне нам дапаможа прызнаны аўтарытэт у пытаннях калектыўных дзеянняў эканаміст Мансур Олсан: «Мэтай амаль усіх тыпаў арганізацый з’яўляецца падтрыманне ці прасоўванне інтарэсаў сваіх сябраў. Гэта відавочна, прынамсі з эканамічнага пункта гледжання. Аднак магчыма існаванне арганізацый, якія могуць ігнараваць неабходнасць спрыяння інтарэсам сваіх удзельнікаў; некаторыя арганізацыі могуць служыць інтарэсам толькі вышэйшага кіраўніцтва».

Як гаворыцца ў вядомай дзіцячай гульні: «Цяплей, яшчэ цяплей». Калі палітычныя партыі ствараюцца не дзеля сваіх сябраў, дык дзеля каго яны? Адказ Олсана: каб рэалізаваць інтарэсы сябраў партый. Для гэтага ў партыях і выбіраецца кіраўніцтва. На справе ж мы назіраем адваротную карціну, калі шараговыя сябры рэкрутуюцца ў партыі, каб служыць інтарэсам партыйных «лідараў».

Адсюль прывязка палітычнай дзейнасці да выбарчых кампаній, падчас якіх «лідары» рэалізуюць свае асабістыя інтарэсы. Менавіта таму пытанне пра «адзінага» і робіцца невырашальным. Спадзяюся, яшчэ не забытыя 2010 год і мноства кандыдатаў у прэзідэнты.

Тут самы час узгадаць пра тактыку «малых спраў», якая ўваходзіць у моду. Ва ўмовах няроўнасці сіл улады і апазіцыі, апошняй, маўляў, варта адмовіцца на час ад бадання з уладай і засяродзіцца на падвышэнні свайго рэйтынгу пазнавальнасці. Дзеля гэтага варта «ўздымаць тыя пытанні, на якія ўлада адказаць не ў стане». З гэтай жа серыі заклікі засяродзіць высілкі апазіцыі на «новай большасці», якая нібыта сфармавалася ў Беларусі пад уздзеяннем эканамічнага крызісу.

Словам, якую прапанову ні вазьмі, яна будзе накіраваная на ўзаемадзеянне са знешнімі адносна партыйных структур суб’ектамі/аб’ектамі. Прапаноў жа па працы «дзеля сябе» і днём з агнём не адшукаць.

Але калі партыі замкнуцца самі на сабе, то хто тады будзе змагацца з рэжымам? Каб адказаць на гэта пытанне, я ў чарговы раз працытую амерыканскага палітолага Адама Пшэворскага: «У Польшчы за некалькі тыдняў верасня 1980 года да «Салідарнасці» далучыліся 10 мільёнаў чалавек. Пра сваю незалежнасць заявілі нават арганізацыі, што былі створаныя рэжымам і знаходзіліся пад яго кантролем».

Дзейнасць прафсаюзу «Салідарнасць» у момант свайго стварэння абмяжоўвалася суднаверф’ю ў Гданьску. Але пры чым тут мільёны палякаў? Няўжо ўсе яны ўладкаваліся працаваць на суднаверф?

Звернемся да інтэрнэту. Усё пачалося са страйку ў абарону кранаўшчыцы Ганны Валенціновіч, звольненай дырэкцыяй суднаверфі («Калі я не дзеля сябе, дык дзеля каго я?»). Ад абароны пэўнай працаўніцы страйкавы камітэт на чале з Лехам Валенсам перайшоў да эканамічных і палітычных патрабаванняў, адрасаваных ужо не дырэкцыі верфі, а ўладам Польшчы («Калі толькі дзеля сябе, дык навошта я?»).

У рэжыме «тут і цяпер»

Увечары 19 снежня 2010 года я не змог адшукаць аднапартыйцаў на Кастрычніцкай плошчы. Сярод дзясяткаў тысяч пратэстоўцаў знайсці «сваіх» было не так проста. Ужо падчас руху па праспекце я сустрэў кіраўніка гарадской арганізацыі Анатоля Паўлава. Да плошчы Незалежнасці мы ішлі разам.

Пагадзіцеся, кіраўнік такога рангу натуральна глядзеўся б на чале калоны гарадской партыйнай арганізацыі. Здавалася б, прыватны выпадак, але характэрны. Калі кіраўніцтва партыі ў гадзіну «Ч» не здолела мабілізаваць сваіх сябраў, дык які ў яго шанец мабілізаваць грамадства?

«Калі не цяпер, дык калі?» Жыццё — бесперапынны працэс. У дзяржаве, якая лічыць сваіх палітычных апанентаў ворагамі народа, існуе попыт на арганізацыі, у якіх апазіцыйна настроеныя грамадзяне мелі б магчымасць адчуць сябе сярод аднадумцаў. І не толькі ў момант выбарчых кампаній, а ў рэжыме «тут і цяпер».

Каментаваць