Пра свабоду і бульбяныя абіркі

Эканамічны крызіс, які накрыў Беларусь, — толькі водгук крызісу грамадства, яго неканкурэнтаздольнасці.



Эканамічны крызіс, які накрыў Беларусь, — толькі водгук крызісу грамадства, яго неканкурэнтаздольнасці.

Вераснёўскае апытанне НІСЭПД зафіксавала гістарычны мінімум электаральнага рэйтынгу “адзінага палітыка (АП) — 20,5%. Пры такім узроўні інфляцыі нічога іншага чакаць і не даводзілася. Сакавіцкі “рэкорд 2003 года, што быў справакаваны запаволеннем тэмпаў росту рэальных прыбыткаў насельніцтва пасля галавакружнага ўзлёту ў год другіх прэзідэнцкіх выбараў, зараз перакрыты на 5,7 пункта. Бо сёння гаворка ідзе не пра зніжэнне тэмпаў росту, а пра падзенне рэальных прыбыткаў.

З другой паловы 2003 года рэйтынг АП зноў пайшоў угару — дзякуй амерыканскім біржавым спекулянтам. Яны разагналі кошты на нафту. Расія перапоўнілася нафтадоларамі. Попыт на беларускія тавары павялічыўся, а тут яшчэ “нафтавы афшор дазволіў запоўніць да краёў бюджэтныя засекі. Ну як тут было не пацешыць электарат чарговай порцыяй сацыяльных выплат!

Не ў ролі віцязя, а ў ролі самарыцяніна

Галоўны твор Леніна — “партыя новага тыпу. Яе навізна палягала ў тым, што яна была арганізавана на ваенны ўзор. Загады вышэйстаячых ніжэйшым у партыі не абмяркоўваліся. Такая структура была ідэальнай для прыняцця “кульгавых рашэнняў ва ўмовах расколатага грамадства. У гэтай сувязі ўспамінаецца анекдот: “Вы вагаліся калі-небудзь? — Так, але толькі разам з лініяй партыі. Любое сваё рашэнне “партыя новага тыпу магла змяніць на процілеглае. Пры гэтым абодва ўзаемавыключальных рашэнні заставаліся ў рэчышчы генеральнай лініі. Падпісанне германа-савецкай дамовы пра сяброўства і межы — адзін з прыкладаў такога развароту на 180 градусаў.

А зараз з савецкага мінулага перанясемся ў беларускую сучаснасць. “Основная задача на ближайшие пять лет — довести качество жизни наших граждан до уровня, сравнимого с западноевропейским. Гэта цытата з перадвыбарнай праграмы галоўнага прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду ў 2006 годзе. Праходзіць чатыры гады. Усё той жа прэтэндэнт на ўсё тую ж пасаду карэктуе асноўную задачу: “К 2015 году уровень жизни в Беларуси приблизится к европейскому. Але ўсё цячэ, усё змяняецца. І 30 верасня ў Маладзечне ўжо не прэтэндэнт, а чатырохкратны АП упэўненымі мазкамі малюе чарговую перспектыву: “Главное, чтобы был покой, чтобы было что поесть и во что одеться.

Такая дынаміка, як няцяжка здагадацца, разглядаецца ў якасці адказу тым, “кто утверждает, что белорусская модель себя исчерпала. Гэта глыбока памылковае ўяўленне, а таму “никакого отхода от того курса, который определен нами и утвержден на Всебелорусском народном собрании, нет и быть не может.

Курс, зададзены зверху, нягледзячы на ўсе яго неймаверныя піруэты, — заўсёды правільны. Прынамсі, так мяркуюць тыя, хто яго фармуе. Але, як ужо адзначалася вышэй, усё цячэ, і ўсё змяняецца. Калі ў сталінскія часы перад знешняй пагрозай грамадства было гатовае трываць любыя цяжкасці, то сучасны беларус хоча спажываць. Ён інфікаваны бацылай утылітарызму, і ўлада яму патрэбная не ў ролі віцязя ў тыгравай шкуры, а ў ролі добрага самарыцяніна.

Улада гэта разумее. Прыводжу адпаведную цытату: “Мы будем делать все для того, чтобы не снизить тот уровень поддержки народа, который мы всегда демонстрировали. Мы ни в коем случае от этой политики не отойдем. Хто б пярэчыў, праблема, аднак, палягае ў тым, што мяркуе беларус пра ўладу не па словах, а па справах, гэта і зафіксавала вераснёўскае апытанне НІСЭПД.

Калі б не адно “але

Публікацыя вынікаў вераснёўскага апытання НІСЭПД суправаджалася актыўнымі каментарамі ў сеціве. Як звычайна, спрэчка разгарэлася вакол праблемы давяраць/ не давяраць апытанню. Шмат хто пры гэтым спасылаўся на “фактар страху, які нібы істотна завышае рэйтынг АП. Нічога новага ў гэтым няма. Справа не ў фактары страху і не ва ўзроўні ангажаванасці сацыёлагаў, а ў неразуменні прыроды аўтарытарнай улады ў яе беларускім варыянце. Прадстаўнікі “меншасці — а гэта, як правіла, людзі адукаваныя — усё ніяк не могуць вызваліцца ад асноўнай памылкі інтэлігенцыі. Яны ўяўляюць сабе народ у якасці “ахвяры рэжыму. Памылка гэта нарадзілася не сёння. Дастаткова ўзгадаць уступныя радкі “Варшавянкі, аўтарам рускай версіі якой з’яўляецца выпускнік Санкт-Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Глеб Кржыжаноўскі: “Вихри враждебные веют над нами, темные силы нас злобно гнетут.

Згодна з асноўнай памылкай інтэлігенцыі, “народ заўсёды з’яўляецца гатовым, спелым і дасканалым, і трэба толькі разбурыць стары дзяржаўны лад, каб для народа адразу ж сталася магчымым ажыццявіць самыя карэнныя рэформы, самую грандыёзную працу грамадскай свядомасці (Павел Наўгародцаў, рускі філосаф). Калі казаць больш спрошчана, то народу бракуе Свабоды. Задача інтэлігенцыі якраз у тым і палягае, каб паказаць народу самы кароткі шлях да яе, а яшчэ лепш — народу яе проста даць.

Калі пад Свабодай разумець адсутнасць прыгнёту з боку “цёмных сіл, то напачатку 90-х гадоў менавіта такую сітуацыю мы і назіралі. Але адбылося гэта не ў выніку высілкаў інтэлігенцыі. Улада, як заўважыў АП, “оказалась в грязи. Яна страціла здольнасць да самаўзнаўлення, і разам з яе падзеннем у бруд на беларусаў абрынулася Свабода, г. зн. адказнасць за свой уласны лёс, лёс сваіх блізкіх і за краіну ў цэлым.

Далей я даю слова сацыёлагу Юрыю Леваду: “Як толькі чалавека вызвалілі, ён кінуўся назад, нават не да ўчорашняга, а да пазаўчарашняга дня. Ён стаў традыцыйным, ён пачаў уяўляць сабой чалавека дапятроўскага, а не проста дасавецкага. Вось гэты дасавецкі, дапятроўскі чалавек і атрымаў права выбіраць на першых свабодных і дэмакратычных выбарах. І ён свой выбар зрабіў на карысць таго, хто вызваліў яго ад далейшага выбару, такім чынам, і ад асабістай адказнасці.

Вернемся ў Маладзечна і працягнем цытату: “…и мы накормим свой народ. Одеть — мы народ оденем. В школу детишек надо было отправить — мы их отправили, как бы сложно ни было, поддержали многодетные семьи. Калі і бывае ў жыцці ідэал, дык вось ён, перад вамі. “Сустракайце! — як кажуць вядоўцы гала-канцэртаў. І ўсё было б выдатна, калі б не адно “але. Ніводная ўлада накарміць, а да таго ж яшчэ і апрануць народ працяглы час не ў стане.

У кароткатэрміновым рэжыме такое магчыма. Але для гэтага неабходная знешняя крыніца фінансавання. У якасці такой крыніцы для Беларусі першапачаткова выступалі расійскія датацыі, пасля таго, як яны пачалі перасыхаць, гэта паспрабавалі кампенсаваць крэдытамі. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі: з пачатку года па 1 верасня аб’ём дзяржаўнай запазычанасці павялічыўся на 96,6%. Дзе тыя залатыя часы, калі з трыбуны чарговага “ўсенароднага веча АП мог не хітруючы заявіць: “Мы не разбазарили народное богатство, не влезли в обременительные долги?

Сёння дзяржаўная запазычанасць наблізілася да адзнакі ў 50% ВУП. І не варта сябе суцяшаць тым, што да пераддэфолтнай Грэцыі з яе 150% нам яшчэ далёка. Пры нашых тэмпах за пару гадоў мы яе дагонім і перагонім. Дарэчы, прычына грэчаскай трагедыі падобная да беларускай. У эпоху танных крэдытаў тамтэйшая ўлада праводзіла “моцную сацыяльную палітыку, г. зн. карміла і апранала народ. Але ў 2008 годзе грымнуў сусветны фінансавы крызіс, і нечакана высветлілася, што ўлада не толькі апранула народ, але і абула…

Вось у вось гэтым і праблема!


Падараваная свабода — гэта заўсёды пераход з адной формы несвабоды ў іншую. Была несвабода савецкага ўзору, стала ўзору АП. Эканамічны крызіс, дадзены нам у надзвычай канкрэтных адчуваннях, насамрэч з’яўляецца толькі водгукам крызісу грамадства. Неканкурэнтаздольнасць “беларускай эканамічнай мадэлі — гэта толькі следства неканкурэнтаздольнасці грамадства. Таму наборам стандартных эканамічных мераў, якія свае і заезджыя ліберальныя эканамісты прапануюць оптам і ў розніцу, сітуацыю не выправіць.

Паспяховыя эканамічныя рэформы праводзяцца не эканамістамі, а палітыкамі, г. зн. людзьмі, чыя прафесійная дзейнасць палягае ва ўзгадненні інтарэсаў розных сацыяльных груп. Але самі гэтыя інтарэсы палітыкі стварыць не ў стане. Яны ці ёсць, ці іх няма. Даю слова эстонскаму дыпламату Мацці Маасікасу: “Без усеагульнай падтрымкі народа рэформы былі б не магчымыя. І такая падтрымка была. Эстонцы ў часы аднаўлення незалежнасці часта карысталіся фразай: “За свабоду мы гатовыя есці нават бульбяныя абіркі. Зразумела, сацыяльныя выдаткі мелі месца. <…> Аднак большасць людзей верыла ў тое, што цяжкасці гэтыя часовыя. Па дадзеных сацыялагічных апытанняў, на працягу ўсіх 1990-х гадоў траціна насельніцтва краіны лічыла, што да рэформаў жыць было лягчэй. Але гэта не значыць, што людзі хацелі вярнуцца ў мінулае. Не хацелі. А цяпер большасці тых праблем даўно ўжо не існуе. Эстонская эканоміка дынамічна развіваецца, што істотна адбіваецца на ўзроўні жыцця насельніцтва.

А зараз уявіце сабе беларускага палітыка, які прапануе дзеля свабоды харчавацца бульбянымі абіркамі. Уявілі? Калі атрымалася, то змясціце гэтага палітыка ў інтэр’ер свабодных і дэмакратычных выбараў. На які ўзровень падтрымкі ён зможа разлічваць? Вось у гэтым і праблема!

Безумоўна, я згушчаю фарбы і раблю гэта свядома, але праблема Беларусі палягае не ў тым, каб змяніць палітычны рэжым, а ў тым, каб падчас гэтай замены краіна не зруйнавалася. Калі на Захадзе рэформы — гэта заўсёды адказ эліты на ціск пэўных пластоў, і адказ гэты фармуецца падчас дыялогу, то ў расколатым грамадстве эліты распачынаюць рэформы ў выніку пагрозы хаосу. Пры гэтым рознымі часткамі расколатага грамадства рэформы, натуральна, успрымаюцца неаднолькава.

Дадзяржаўная “большасць, як паказвае гістарычны досвед, чакае ад рэформаў цуду. Але цуд не можа быць прадметам дыялогу, таму ўсе папярэднія рэформы, якія праводзяцца зверху, нягледзячы на добрыя намеры іх ініцыятараў, вельмі хутка прымалі адміністрацыйна-бюракратычны характар. Ці здагадваюцца пра гэта тыя, хто сёння наперабой прапануе свае рэцэпты беларускай эканоміцы?
 

Каментаваць