Пра выбары і выбар

Раніца 12 кастрычніка для кожнага пачнецца па-рознаму, і толькі для краіны — як заўсёды. Выбараў у Беларусі няма даўно. Выбар ёсць у кожнага і заўсёды. Галоўнае, каб робячы яго, вы канчаткова не згубілі шлях да сябе.
 



Чым бліжэй 11 кастрычніка, тым больш мітусні. Больш розных заяваў, непрыхаванага прымусу, крыўдаў і абвінавачванняў. Агенты і няўдачнікі. Прыстасаванцы і байкатысты. Сапраўдныя патрыёты і здраднікі. Усё як заўсёды. Толькі, можа, больш сумна і прадказальна.

Згодна апытанню партала ТУТ.БАЙ, больш за 60 працэнтаў рэспандэнтаў не сочаць за гэтай кампаніяй, бо не бачаць у гэтым сэнсу. Каля 30 — сочаць, але не вельмі ўважліва. І толькі каля 7 працэнтаў сочаць за ўсім, што адбываецца. Зразумела, гэта не рэпрэзентатыўнае апытанне, але яно дае ўяўленне пра адносіны даволі актыўнай часткі насельніцтва да таго, што называецца выбарамі–2015.

Прынцыпова гэта прэзідэнцкая кампанія нічым не адрозніваецца ад тых, што былі раней. Не будзе прынцыпова іншым і вынік галасавання. Дзеючы кіраўнік Беларусі атрымае не менш за 75–80 працэнтаў. Менш папросту нельга. Менш — значыць народ раптам пачаў любіць не так моцна, а значыць, і ўвогуле можа разлюбіць. У выніковых пратаколах ЦВК проста не можа не адлюстравацца ўсенародная падтрымка бяззменнага правадыра.

Таму крыху па-дзіцячы выглядае заклік Таццяны Караткевіч да сябраў выбарчых камісій правесці сумленны падлік галасоў. Было б дзіўна, каб адны і тыя ж людзі спачатку лічылі, як казалі, а потым нечакана пачалі практыкавацца ў арыфметыцы.

Не больш пераканаўча гучаць і заклікі да байкоту. Байкот — справа сур’ёзная і патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Да байкоту трэба было заклікаць адразу пасля фармавання выбарчых камісій, калі стала вядома, што апазіцыі ў іх не будзе, а зна­чыць, і кантролю таксама не будзе. І не проста заклікаць, а праводзіць шырокую тлумачальную кампанію. Ну і паколькі байкот паставілі па-за законам, гэта кампанія патрабавала яшчэ і пэўнай мужнасці. А так, прабачце, атрымаўся байКот.

Зрэшты, і ў гэтым нічога прынцыпова новага няма. Кожную кампанію ёсць хтосьці, хто з рознай ступенню гучнасці заклікае да байкоту, і хтосьці, хто кажа, што калі ўсе прагаласуюць, улада не зможа сфальсіфікаваць вынік.

Спадарства, з 1996 года ўжо даўно ніхто нічога не лічыць. Ні адны выбары, што прайшлі за 19 гадоў (за рэдкім выключэннем мясцовых) не выяўлялі сапраўднай выбарчай сітуацыі. З таго часу, як выбарчыя камісіі шчасна пазбавіліся прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскага кантролю, толькі наіўны рамантык мог разлічваць на перамогу ці хаця б сумленны вынік галасавання. Аднак удзельнікі мінулых прэзідэнцкіх кампаній маглі разлічваць на пратэст тых, чый голас не ўлічылі. І вось толькі гэтым кампанія–2015 адрозніваецца ад папярэдніх.

Гэтым разам ніхто з апазіцыйных палітыкаў на Плошчу не заклікае. І ад таго гэта выбарчая кампанія выглядае самай сумнай і бязвыхаднай. Прынамсі для тых, хто добра ўсведамляе, 12 кастрычніка ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы нічога не зменіцца. Ну хіба што пасля прызнання вынікаў галасавання ўлады больш не будуць спакойна назіраць, як у цэнтры сталіцы праходзяць народныя сходы і сустрэчы з выбаршчыкамі.

Можа, ад гэтай безвыходнасці ўсё больш маладых ды актыўных з’язджае з краіны? Вось і вязень Плошчы–2010 Алесь Малчанаў, які з’ехаў ва Украіну, нядаўна заявіў, што вернецца толькі ў вольную Беларусь.

А адкуль жа яна возьмецца, вольная, калі адны з’едуць, а другія з’ядуць адзін аднаго? Калі ўсе будуць казаць пра адзінства і ніхто не саступіць другому? Калі кожны захоча стаць лідарам і ніхто не зможа ўзяць адказнасць? Калі замест таго, каб змагацца з уладай, мы будзем змагацца паміж сабой у сваёй малавядомай пясочніцы?

Такім чынам, выбраў у Беларусі няма даўно. Але выбар ёсць увесь час. І справа не ў тым, колькі кандыдатаў (дэмакратычных ці не вельмі, агентаў ці стаўленікаў) спрабуюць стварыць сваю альтэрнатыву дзейснай уладзе: два, тры ці дзе­вяць. Справа ў тым, што кожны з нас можа і павінен штодня (а не толькі ў дзень якіх-небудзь выбараў) вызначацца, дзе яго месца, што трэба рабіць і дзеля чаго ахвяраваць.

Вярнуцца ў Беларусь ці з’ехаць адсюль. Казаць праўду ці тое, што хочацца камусьці пачуць. Змагацца за свае правы ці прыстасоўвацца і маўчаць. Быць прынцыповым і шчырым хаця б з сабой ці шукаць апраўданні сваім учынкам. Падпарадкоўвацца законам ці бязглуздым загадам. І, нарэшце, пайсці галасаваць ці выказаць свой пратэст.

Свой сапраўдны выбар нам прыйдзецца рабіць не 11 кастрычніка, а ўжо пасля. Тады, калі нам будуць навязваць чужыя вайсковыя базы і здаваць аскепкі незалежнасці. Калі ў чарговы раз залезуць у кішэню, каб пракарміць натоўп чыноўнікаў і сілавікоў. Калі будуць вырашаць, чаму вучыць нашых дзяцей і на якой мове нам размаўляць.

Выбар ёсць у кожнага і заўсёды. Галоўнае, каб робячы яго, вы канчаткова не згубілі шлях да сябе. Бо нават самая маленькая здрада беззваротная.

Каментаваць