Пра збор 100 тысяч подпісаў абвясціла ініцыятыўная група яшчэ аднаго прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта

Трэцяй пра збор 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, заявіла сёння ініцыятыўная група старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) Сяргея Гайдукевіча.



Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе ЛДП, цяпер яны пачалі здаваць правераныя подпісы ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. 
 

У склад ініцыятыўнай групы Гайдукевіча ўваходзіць 2 тысячы 393 чалавекі. 


60-гадовы Сяргей Гайдукевіч удзельнічаў у прэзідэнцкіх кампаніях 2001, 2006 і 2010 гадоў. У 2001 годзе за яго, паводле даных ЦВК, прагаласавала 2,48%, у 2006-м — 3,5% выбаршчыкаў. У 2010 годзе Гайдукевіч абвясціў, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі яго кандыдатам у прэзідэнты, сабраны, але затым зняўся з выбараў, назваўшы іх "спектаклем, вынікі якога ўжо даўно ўсім вядомыя".
 

Сёння ж, некалькімі гадзінамі раней, пра збор 100 тысяч подпісаў заявіла ініцыятыўная група эканаміста Віктара Цярэшчанкі, які балатаваўся на пасаду прэзідэнта ў 2010 годзе. 


Яшчэ раней патрэбную колькасць подпісаў сабрала ініцыятыўная група дзейнага кіраўніка дзяржавы. Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына 6 жніўня паведаміла, што ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі здала ў тэрытарыяльныя камісіі больш за 500 тысяч подпісаў. 


Збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты пачаўся 23 ліпеня і падоўжыцца па 21 жніўня. 
 


Пятыя выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 11 кастрычніка.
 
 
Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць