Палітыка «перапрацоўкі насельніцтва ў асабісты дабрабыт», якую праводзіць Пуцін і Кº, блізкая да вычэрпвання.

Паводле ЦВК, 4 сакавіка за Пуціна прагаласавала 45 602 075 расіян, аднак ніводны з іх не выйшаў павітаць свайго прэзідэнта ў дзень інаўгурацыі на вуліцы Масквы. А калі б і выйшаў, то меў рэальны шанец атрымаць дубінкай па галаве. Аналагічным чынам 200 гадоў таму ў Крэмль уязджаў Напалеон.

Палітыка «перапрацоўкі насельніцтва ў асабісты дабрабыт», якую праводзіць Пуцін і Кº, блізкая да вычэрпвання.

Паводле ЦВК, 4 сакавіка за Пуціна прагаласавала 45 602 075 расіян, аднак ніводны з іх не выйшаў павітаць свайго прэзідэнта ў дзень інаўгурацыі на вуліцы Масквы. А калі б і выйшаў, то меў рэальны шанец атрымаць дубінкай па галаве. Аналагічным чынам 200 гадоў таму ў Крэмль уязджаў Напалеон.

У адной з апошніх «азбук паліталогіі» я адзначаў, што палітычныя рэжымы кшталту расійскага можна смела адносіць да акупацыйных. Многія аналітыкі 7 мая звярнулі на гэта ўвагу. Абмяжуюся адной цытатай: «Інаўгурацыя Пуціна зрабіла вельмі сумнае ўражанне: відовішча цяжкага картэжу, які пераможна нясецца па пустых сталічных вуліцах, занадта нагадвала акупацыйнае мерапрыемства — прычым у майскія святочныя дні гэта асабліва навязліва кідалася ў вочы» (Сяргей Егішанц, фінансавы аналітык).

Дзяржава бюджэтных патрыётаў

Прэзідэнт Расіі — «гарант Канстытуцыі, правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна». Так абвяшчае 80-ы артыкул асноўнага закона краіны. Але ці ў стане Пуцін даць рады ролі гаранта? Існуе сур’ёзная нагода ў гэтым усумніцца. Сам факт абрання Пуціна на трэці тэрмін супярэчыць Канстытуцыі. Паводле артыкула 81-га, адна і тая ж асоба не можа знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта Расіі больш за два тэрміны запар. Гэтыя два тэрміны для Пуціна мінулі ў 2008 годзе. Яшчэ 5 лістапада 1998 года Канстытуцыйны суд растлумачыў, што два тэрміна запар — гэта мяжа, і ніякага трэцяга тэрміну пасля перапынку быць не можа. У 2001 годзе 25 студзеня Вярхоўны суд пацвердзіў гэта. У 2009 годзе быў апублікаваны каментар пад рэдакцыяй Зоркіна, цяперашняга старшыні Канстытуцыйнага суда, і прафесара Лазарава, найбуйнейшага спецыяліста па канстытуцыйным праве Расіі. Каментар змяшчае тыя ж высновы.

24 мая Цэнтр стратэгічных распрацовак (ЦСР) апублікаваў свой чарговы даклад. Неабходна растлумачыць, што гэтая аналітычная структура не была заўважана ў схільнасці падыгрываць апазіцыі. Яе Назіральную раду ўзначальвае не апошні чалавек ва ўладнай іерархіі — кіраўнік Ашчадбанка Герман Грэф. Асноўная ідэя шматстаронкавага дакладу — у расійскім грамадстве актыўна фармуецца запыт на змены, спіс якіх узначальвае забеспячэнне асабістай бяспекі і вяршэнства закона.

 Закон, нароўні з Сілай і Верай, належыць да базавых элементаў, якія кансалідуюць вялікія супольнасці. Спецыфіка Расіі палягае ў тым, што ў згаданай тройцы Закон заўсёды адыгрываў дапаможную ролю. Пры гэтым ён так і не ператварыўся ў інструмент абароны натуральных — г. зн. дадзеных ад прыроды — правоў і свабодаў грамадзян, а працягвае служыць прыладай абароны кіроўнага класа.

Яго прадстаўнікі і віталі Пуціна ў Крамлі апладысментамі. Там не было выпадковых людзей з вуліцы. Як адзначыў нядаўна адхілены ад галоўнага «цела» паліттэхнолаг Глеб Паўлоўскі, Пуцін стварыў умовы для ўзбагачэння людзей, значная частка з якіх — яго знаёмыя. Ён асабіста прымаў рашэнні, каго прызначаць мільярдэрамі. Свае капіталы яны нажылі галоўным чынам за кошт засваення бюджэтных рэсурсаў. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што «яны, — паводле трапнай заўвагі Паўлоўскага, — палюбілі дзяржаву, яны — бюджэтныя патрыёты, яны — вялікія бюджэтныя патрыёты».

Паспяховасць палітыкі Пуціна па вырошчванні бюджэтных патрыётаў дэманстраваў склад папярэдняй Думы, сярод 450 дэпутатаў якой было 49 мільянераў і 6 мільярдэраў. Няцяжка здагадацца, якой якасці прававы прадукт выходзіў з-пад асадак выразнікаў народных інтарэсаў, падабраных такім арыгінальным чынам. Але калі законы не маюць усеагульнага характару, то яны ператвараюцца ў інструмент самаўпраўства. Расійскаму грамадству спатрэбілася 12 пуцінскіх гадоў, каб усвядоміць гэту аксіёму.

Хто ж адмовіцца ад дармаўшчыны?

Сярод аналітыкаў існуе папулярнае меркаванне, што пасля «ліхіх дзевяностых» Пуцін здолеў умацаваць дзяржаву, і гэтым ён заваяваў падтрымку «большасці». Прызнаюся, і мне імпанаваў такі погляд на прычыну палітычнага даўгалецця Пуціна. Палітолаг Ірына Бусыгіна дапамагла мне па-новаму зірнуць на, здавалася б, агульнапрынятую ісціну. Дам слова ёй: «Мы часта кажам, што з моманту прыходу Пуціна ў нас змяніўся характар дзяржавы. У нас дзяржава была слабай, неэфектыўнай, дзяржава наогул не мела рычагоў кантролю за тым, што адбываецца ў рэгіёнах. З прыходам Пуціна дзяржава стала моцнай, эфектыўнай і інш. Гэта зусім не так. У нас змяніўся не характар дзяржавы, яна такая ж слабая, такая ж неэфектыўная і яшчэ больш карумпаваная. Што змянілася? Змяніўся аб’ём тых рэсурсаў, якія апынуліся ў распараджэнні гэтай дзяржавы».

Ельцын прапанаваў мясцовым элітам браць суверэнітэту столькі, колькі яны змогуць пераварыць. А што ён мог прапанаваць ім пры кошце нафты не больш за 10 долараў за барэль? У Пуціна прынцыпова іншыя магчымасці, але максімум, чаго ён сёння здольны дамагчыся, — гэта электаральнай лаяльнасці. Формула яе простая: рабі на выбарах вынік такім, як я хачу, і каб у рэгіёнах было «ціха». На астатняе я гатовы заплюшчыць вочы.

Калі рост прыбыткаў беларусаў у «нулявыя» гады забяспечваўся за кошт расійскіх датацый і знешніх запазычанняў (да апошніх дзяржава стала актыўна звяртацца пасля 2007 года), то расійскія зарплаты і пенсіі раслі на прыроднай рэнце. З 1999 па 2008 гады сярэднегадавыя тэмпы росту нафтагазавай рэнты ў Расіі складалі 26,6%. У студзені 2012 года на сыравіну і неапрацаваныя прадукты прыйшлося 88% экспарту. Вось вынік будаўніцтва Энергетычнай дзяржавы. Як гаворыцца, за што змагаліся…

Такая крыніца росту матэрыяльнага дабрабыту ўсіх задавальняла. Хто ж адмовіцца ад дармаўшчыны! Вынік апынуўся прадказальным: у дзяржавы і грамадства паўстала своеасаблівая «нарка(рэнта)залежнасць». Для далейшага росту прыбыткаў (а без яго сацыяльную стабільнасць не ўтрымаць) неабходныя дадатковыя дозы сыравіннай рэнты. Аднак сусветны эканамічны крызіс не дае надзей на звыклы прагрэс з гадавой амплітудай у 26,6%.

Але гэта яшчэ паўбяды. Эфектыўнасць выкарыстання прыроднай рэнты імкліва зніжаецца (не без дапамогі бюджэтных патрыётаў), здабываць жа яе даводзіцца пры дапамозе абсталявання, якое засталося ў спадчыну ад СССР. У выніку падаражанне нафты ў 2011 годзе на 40% упершыню не прывяло да паскарэння росту ВУП, а рэальныя прыбыткі насельніцтва выраслі ўсяго толькі на 0,8%.

Неабходная перазагрузка

Крот гісторыі рые павольна, але без перакураў і выходных. Прыведзеная вышэй эканамічная статыстыка не магла не запусціць адпаведныя сацыяльна-палітычныя працэсы. Зноў звернемся да дакладу ЦСР: «Атрыманы намі матэрыял сведчыць пра тое, што крызіс набыў незваротны характар. Незалежна ад сцэнараў яго далейшага развіцця, захаванне палітычнай устойлівасці, а тым больш зварот да дакрызіснага статус-кво, ужо не ўяўляецца магчымым».

Сур’ёзная выснова. На мове Міхаіла Гарбачова гэта называецца «працэс пайшоў». Ці можна спыніць яго, калі звярнуцца да традыцыйнага для Расіі спосабу — «закручвання гаек»? Сёння пра гэта шмат хто кажа. Баюся, аднак, у ахвотнікаў узяць у рукі гаечны ключ (а такія, безумоўна, маюцца) наўрад ці нешта атрымаецца.

Не варта пераацэньваць магчымасці традыцыйнага для Расіі спосабу. Яго эфектыўнасць вызначаецца не рашучасцю і прафесіяналізмам «слесара», а адпаведным запытам з боку грамадства. Ельцын спыніў свой выбар на Пуціне, бо ўсведамляў, што ў грамадстве сфармаваўся запыт на «моцную руку». Гайдары і Нямцовы засталіся ў мінулым, таму свайго наступніка ён шукаў выключна сярод сілавікоў. Папярэднікамі штатнага супрацоўніка Ленінградскага ўпраўлення КДБ Пуціна на кастынгу пераемнікаў былі Мікалай Бардзюжа (дырэктар Федэральнай памежнай службы), Яўген Прымакоў (ён у якасці супрацоўніка Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін цесна супрацоўнічаў з выведкай, таму далёка не выпадкова быў прызначаны ў 1996 годзе дырэктарам Знешняй выведкі Расіі) і Сяргей Сцяпашын (кіраўнік Ленінградскага ўпраўлення КДБ).

У 2003 годзе, паводле Левада-цэнтра, 64% расіян пагаджаліся з тым, што ФСБ будзе ўзмацняцца, і гэта пойдзе на карысць Расіі. Іх апанентамі выступілі толькі 9%. Але сёння, як ужо адзначалася вышэй, у грамадстве фармуецца запыт не на «моцную руку», а на вяршэнства закона. Мне ўжо неаднаразова даводзілася апісваць расійскі ківач, які вагаецца паміж аўтарытарызмам і лібералізмам. У момант максімальнага набліжэння да ліберальнага полюсу і распаўся таталітарны Савецкі Саюз, і на першых прэзідэнцкіх выбарах у 1991 годзе перамог «ліберал» Ельцын. Але за апошняе дзесяцігоддзе XX стагоддзя ківач паспеў вярнуцца на зыходную пазіцыю, і людзі ў пагонах занялі ўсе ключавыя пасады ў дзяржаве і бізнэсе.

Безумоўна, адной просценькай схемай страту палітычнай устойлівасці краіны з насельніцтвам звыш 140 мільёнаў чалавек не растлумачыць. Не варта забываць, што ў жыццё актыўна ўступае пакаленне «заплечнікаў». Яго сацыялізацыя прайшла ў прынцыпова іншых умовах. Джынсы і аўтамабілі «Лада» не з’яўляюцца ўжо мяжой мараў большасці, і ва ўмовах масавага распаўсюджвання інтэрнэту ад сакральнага арэолу ўлады мала што застаецца.

Апытанні Левада-цэнтра сведчаць, што «вобраз Пуціна згасае ўстойліва і незваротна». У 2000 годзе дзелавыя якасці Пуціна адзначалі 49% рускіх, у 2008 — 62%, сёння — 39%. Губляюць прывабнасць нават найбольш істотныя якасці — «моцны, валявы, мужны», на якіх заўсёды трымаўся яго імідж. Цяпер ім надаюць значэнне 18% апытаных. 12 гадоў таму было 25%, чатыры гады таму — 34%.

За заможныя «нулявыя» гады расійская ўлада, паводле выслоўя эканаміста Міхаіла Дзялягіна, захапілася «перапрацоўкай насельніцтва ў асабістыя дабрабыт». Нечакана высветлілася, што ў такой палітыкі ёсць мяжа. Неабходная перазагрузка. Ці зможа лідар, які згасае, вярнуць сабе былую папулярнасць? У расійскай гісторыі такога прэцэдэнту не было.
 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-10-08 17:12:50
Пафас аўтара падзяляю. Адзінае месца, якое хочацца аспрэчыць, - пра "забаўляльныя мерапрыемствы Цэнтральнага раёна сталіцы". Я думаю, фармальна тут не адміністрацыя шчыруе, а
якая-небудзь Белая Русь ці БРСМ, Хаця іх грамадзяне таксама сваімі падаткамі падкормліваюць, вядома ж. Але даражэй, відавочна, абышліся нам каляровыя "паштоўкі" "За будучыню
незалежнай Беларусі" з партрэтам аднаго кандыдата (іх надрукавалі 2,5 млн; сёння мне паштальёнка адну ўкінулі).

Каментаваць