Працэс пайшоў, вынік непрадказальны...

Умяшанне ва ўкраінскія падзеі — рэакцыя палітычнай эліты на перадрэвалюцыйную смуту ў Расіі. У чэрвені 1929 года пралетарскі пісьменнік Максім Горкі звярнуўся да сваіх калег з пытаннем: «З кім вы, майстры культуры?». 



У год Вялікага пералому пытанне мела на ўвазе два варыянты адказу: або з дзяржавай, або са следчымі ОГПУ.

 

Пытанне Буравесніка рэвалюцыі па-ранейшаму актуальнае. Верагоднасць сустрэчы са следчымі і сёння зусім не роўная нулю. Тым не менш, яна мінімальная, чаго не скажаш пра шанцы застацца без ганарару. І ў Расіі, і ў Беларусі сама магчымасць яго атрымання прама прапарцыйная ступені лаяльнасці да ўлады.

 

Лаяльнасць мае патрэбу ў пастаянным пацверджанні — такая ўжо яе прырода. Акупацыя расійскай арміяй Крыма дала Міністэрству культуры РФ дадатковы шанец аддзяліць вартых дзяржаўнага фінансавання дзеячаў культуры ад нявартых. Тэхналогія аддзялення простая, нібы граблі: міністэрства размясціла на сваім афіцыйным сайце ліст «Дзеячы культуры Расіі — у падтрымку пазіцыі прэзідэнта па Украіне і Крыме», які падпісалі сотні чалавек.

 

Але ў чым палягае пазіцыя прэзідэнта Расіі? Звернемся да тэксту прэс-канферэнцыі, якую ён даў 4 сакавіка. Яго ключавое слова — «абарона»: «Это соответствует нашим национальным интересам защитить этих людей. И это гуманитарная миссия. Мы не претендуем на то, чтобы кого-то порабощать, кому-то диктовать что-то. Но, конечно, мы не сможем остаться в стороне, если увидим, что их начинают преследовать, уничтожать, подвергать издевательствам».

 

Ісціна пазнаецца ў параўнанні. Набярэм у Google «Дагестан, цагельныя заводы, рабы». Ужо першая спасылка (www.pravda.ru) праінфармуе нас, што ў Дагестане каля 600 цагельных заводаў, і на кожным другім працуюць рабы. На адно прадпрыемства прыпадае ад 10 да 50 палонных. І без калькулятара зразумела, што колькасць рабоў ідзе на тысячы. Але ці ўваходзяць прымусовыя «спецыялісты» па вытворчасці цэглы ў лік «этих людей», чыя абарона «соответствует нашим национальным интересам»? Пытанне рытарычнае.

 

 

Аднагалосна і без абмеркаванняў

 

 

Прызнаюся, яшчэ за суткі да акупацыі Крыму я і ўявіць сабе не мог, што такое магчыма. Не, я не меў ілюзіяў наконт прыроды расійскай улады і грамадства. За гады, якія прайшлі пасля Перабудовы, яна прынцыпова не змянілася. Аднак прынцыпова змянілася ступень залежнасці расійскай эканомікі ад Захаду.

 

Ужо наколькі Савецкі Саюз быў самадастатковы, але шасціразовага падзення цэнаў на нафту ў 1985 годзе перажыць ён не змог. Аднак не гэта галоўнае. Савецкая партыйная эліта не скупляла нерухомасць на Блакітным Беразе і дзяцей сваіх на вучобу ў Оксфард і Кембрыдж не накіроўвала. Максімум, на што яна была здольная, дык гэта пасылаць сваіх нашчадкаў... у Маскоўскі дзяржаўны інстытуту міжнародных адносін і тым самым далучыць іх да заходняга ладу жыцця.

 

За два дзесяцігоддзі будаўніцтва рынку з расійскай спецыфікай палітычная эліта (у тым ліку і сілавікі) ператварылася ў агентаў камерцыйнага працэсу, у аснове якога ляжыць пераразмеркаванне прыроднай рэнты. Сваю частку рэнты (халявы) атрымлівала і грамадства. «Абедзве групы, — паводле справядлівай заўвагі Юліі Латынінай, — адна, якая хоча адміністрацыйным рэсурсам пераразмяркоўваць на сваю карысць багацці краіны, і іншая, якая хоча халяву, — выдатна ўжываюцца адна з адной, яны проста падыходзяць адна да адной, як палавінкі аднаго арэха».

 

У працэсе стварэння прыроднай рэнты Захад адыгрывае ключавую ролю. Таму канфліктаваць з Захадам — усё роўна, што пілаваць сук, на якім сядзіш. І нягледзячы на відавочнасць аналогіі, Пуцін на канфлікт пайшоў. Самае простае тлумачэнне такіх нелагічных паводзінаў Пуціна прапанавала канцлер Германіі Ангела Меркель. Паводле інфармацыі «The New York Times», 2 сакавіка ў размове з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам яна выказала меркаванне, што прэзідэнт Расіі страціў сувязь з рэальнасцю і «знаходзіцца ў нейкім іншым свеце».

 

Руская ўлада, пра прыроду якой я пісаў неаднаразова, не валодае механізмамі, што абмяжоўваюць волю першай асобы. Таму не варта здзіўляцца, што на зварот Пуціна наконт дазволу ўвесці войскі ў Крым Савет Федэрацыі адгукнуўся аператыўна і аднагалосна. І не важна, што за два дні да прыняцця рашэння старшыня Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка магчымасць акупацыі Крыму выключала. Я веру ў яе шчырасць. Пра спецаперацыю, якая рыхтавалася, яна магла і не ведаць. Статус чальца Савета бяспекі тут нічога не мяняе. У адпаведнасці са шматвяковай традыцыяй, лёсавызначальныя для краіны рашэнні першая асоба дзяржавы, як правіла, прымае ў нефармальнай абстаноўцы.

 

 

Расійскі народ «за»

 

Але якім бы вузкім не было кола асобаў, што прынялі рашэнне, само гэтае рашэнне расійскае грамадства падтрымала. Мне могуць запярэчыць, што тут не абышлося без магутнай порцыі прапаганды. Сапраўды, гэта так. Не варта, аднак, перабольшваць ролю прапаганды. Якой бы масіраванай прапаганда не была, максімум, на што яна здольная, — гэта ўзмацніць настроі, якія ўжо ахапілі грамадства. Нічога не ўзнікае з нічога. Тут напрошваецца прамая паралель з каталізатарам: ён здольны паскараць хімічную рэакцыю, але толькі пры наяўнасці адпаведных інгрэдыентаў.

 

7–8 сакавіка «Лявада-цэнтр» правёў чарговае апытанне. Ён зафіксаваў пачатак пераходу расійскага грамадства са стану палітычнай апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння (эфект мабілізацыі). Узровень ухвалення дзейнасці Пуціна склаў 72% (65% у студзені). Індэкс правільнасці курса (розніца станоўчых і адмоўных ацэнак курсу развіцця краіны) за гэты ж перыяд павялічыўся з 2 да 21 адзінкі.

 

За прыняцце Крыма ў склад Расіі, калі за гэта прагаласуе насельніцтва паўвострава на рэферэндуме (хто б сумняваўся), у сакавіку 79% расіян выказаліся «так / хутчэй так». Віну за цяперашняе абвастрэнне сітуацыі ў Крыме 67% рэспандэнтаў усклалі на радыкальныя ўкраінскія нацыяналістычныя арганізацыі і толькі 2% — на кіраўніцтва Расіі.

 

У якасці каментара да вынікаў апытання прывяду цытату палітолага Уладзіміра Пастухова: «Крым — гэта кодавае слова ў рускай гістарычнай памяці. Таму Пуцін не проста паслаў войскі ў Крым. Ён павярнуў ключ запальвання ў нацыянальнай падсвядомасці, імгненна ўвёўшы насельніцтва велізарнай краіны ў стане афекту. Як толькі былі вымаўленыя сакральныя словы «Крым» і «вайна», у душах дзясяткаў мільёнаў людзей уключыўся «асноўны інстынкт» і пачуўся «роў племені». І зараз гэты «роў племені» стаў аб'ектыўным фактарам, што вызначае грамадска-палітычную абстаноўку ў краіне».

 

На працягу амаль трох дзесяцігоддзяў вялізная прастора ад Балтыйскага мора да Ціхага акіяна аказалася вольнай ад ідэалогіі. Спробы дамарослых лібералаў з дапамогай заходніх спонсараў запоўніць ідэалагічны вакуум ідэямі дэмакратыі і рынкавай эканомікі чаканага выніку не прынеслі.

 

Па-ранейшаму большасць расіян аддаюць перавагу савецкай палітычнай сістэме — 39% (студзень 2014 года). Дэмакратыю як лепшы ўзор разглядае 21% апытаных, колькасць прыхільнікаў цяперашняй палітычнай сістэмы стабільна і трымаецца на адным узроўні — 19%. Лаяльнасць да савецкай мадэлі павышаецца на фоне крызісных сітуацый пры адначасовым захаванні непрымання большай часткай насельніцтва заходняй дэмакратыі.

 

Спробы «западэнцаў» адгарадзіцца ад «рускага лёсу» на Майдане нечакана актывізавалі ў Расіі настроі, якія можна характарызаваць як адказнасць за «рускі лёс». У раскрадзенай краіне, у краіне, фактычна падзеленай мясцовымі элітамі на ўдзельныя княствы, ідэалагічны вакуум нечакана стаў запаўняцца ідэалогій, сутнасць якой можна перадаць словамі: «Мы рускія!».

 

 

Эфект зрушанай рэакцыі

 

Гісторык Аляксандр Ахіезер увёў у гуманітарную навуку паняцце «крок навізны». Магчымасці любой сацыяльнай сістэмы засвойваць інавацыі абмежаваныя. Калі ў сілу якіх-небудзь прычын крок навізны перавышае дапушчальны ўзровень, то ў грамадстве пачынаецца рост унутраных напружанняў. У расколатых грамадствах (беларускі, расійскі і ўкраінскі выпадкі) пазітыўныя каштоўнасці адной часткі грамадства (напрыклад, каштоўнасці мадэрнізацыі) становяцца негатыўнымі каштоўнасцямі для большасці насельніцтва.

 

Колькасць негатыву ў Расіі хавалася на працягу дваццаці гадоў. Працэс гэты не быў прамалінейны. У «тлустыя нулявыя» ён прытармазіў. Але ў 2009 годзе, які завяршыўся зніжэннем ВУП на 7,8%, прагучаў першы званок. Ні эліты, ні грамадства яго не пачулі.

 

Мільёны рускіх жылі на Украіне, і нікога ў Расіі іх лёс не цікавіў, як нікога не цікавіў і не цікавіць лёс тысяч рускіх рабоў у Дагестане. Але сітуацыя стала развівацца лавінападобна пасля таго, як на тэрыторыі Украіны паўстала альтэрнатыва «саўка». У вачах расіян братэрскі ўкраінскі народ тут жа падзяліўся на сваіх і фашыстаў-бандэраўцаў.

 

Псіхолагам добра вядомы эфект зрушанай рэакцыі, калі ламаюць мэблю, хоць незадаволеныя сямейным жыццём. Умяшанне Расіі ва ўкраінскія падзеі выкліканае не столькі знешнімі прычынамі, колькі прычынамі ўнутранымі. Агрэсія — гэта рэакцыя палітычнай эліты Расіі на перадрэвалюцыйныя смуту ва ўласнай краіне.

 

На думку Пастухова, «Пуцін запусціў у Расіі рэвалюцыйны працэс, арганізаваўшы падпал «крымскага рэйхстага». Ён вырашыў не чакаць, пакуль хтосьці паставіць пад пытанне аўтарытарную легітымнасць існуючай улады, а стаў сам разбураць яе па ўласнай ініцыятыве, каб замяніць новай таталітарнай легітымнасцю. Вынікам гэтага працэсу стане змена грамадскага ладу сучаснай Расіі (калі, вядома, усё будзе даведзена да канца)».

 

Але чалавек плануе, а Бог здзяйсняе. Сучаснае расійскае грамадства не здольнае знаходзіцца ў стане мабілізацыі на працягу доўгага часу. Стан палітычнага ўздыму пройдзе, а ўстойліва развіваць эканоміку ва ўмовах канфрантацыі з Захадам яшчэ нікому не ўдавалася.

Каментаваць