Прадпрымальнікі патрабуюць адстаўкі кіраўніка ўрада

Больш за 200 індывідуальных прадпрымальнікаў сабраліся апоўдні ў панядзелак на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры беларускай сталіцы.



Дробныя гандляры працягваюць патрабаваць ад уладаў адмены заканадаўчых і падзаконных актаў, якія зрабілі іх дзейнасць практычна немагчымай. Сілавікі зноў амаль не перашкаджалі правядзенню несанкцыянаванай акцыі.

Прыкладна ў гэты ж час каля прыёмнай адміністрацыі прэзідэнта сабраліся з дзясятак чалавек, у тым ліку Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Максім Вінярскі ды іншыя. Надоечы экс-кандытат у прэзідэнты і былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікаў людзей прыйсці менавіта туды. «Тут тое месца, куды можна прыходзіць, і эфект ад прыходу сюды можа быць шматкроць большым, чымся збор нават на Кастрычніцкай плошчы, — адзначыў палітык. — Мы сёння празандавалі гэтае месца і ўпэўненыя, што яно самае бяспечнае і эфектыўнае».

У панядзелак у Мінск зноў прыехалі прадпрымальнікі з рэгіёнаў Беларусі.

Юлія, індывідуальная прадпрымальніца з Гомеля, адзначыла, што на акцыі пратэсту яна і яе калегі выходзяць ад безвыходнасці. «У нас няма банкаўскіх рахункаў, каб можна было сядзець паўгода і нічога не рабіць. Нам трэба карміць свае сем’і. Мы працуем кожны дзень, мы кожны дзень зарабляем капейчыну, каб пражыць. Нам улады абяцалі стварыць аптовы рынак, дзе мы маглі б набываць тавары. І дзе гэтая аптовая база?» — задаецца рытарычным пытаннем маладая жанчына.

Прадпрымальнікі, як і на акцыі тыдзень таму, зноў настойвалі на адмене прэзідэнцкага ўказа № 222, які зрабіў немагчымаю працу іпэшнікаў. Але ў панядзелак дадаліся і новыя патрабаванні. Адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў агучыў звароты рэгіянальных дробных бізнесоўцаў аб адстаўцы кіраўніка ўраду, міністра эканомікі і кіраўніка ведамства аб падатках і зборах.

Алесь Макаеў 

У сваю чаргу, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец прапанаваў выказаць недавер Аляксандру Лукашэнку і паведаміў, што 25 лютага будзе створаны грамадскі камітэт у абарону прадпрымальнікаў.

Алесь Макаеў распавёў «Новаму Часу», што ў панядзелак на акцыю сабраліся больш мінскіх прадпрымальнікаў параўнальна з мінулым тыднем. У той жа час Макаеў не пажадаў абмяркоўваць дзеянні грамадскага аб’яднананя прадпрымальнікаў «Перспектыва» на чале з Анатолем Шумчанкам, як і адмовіўся ад вулічных акцыяў пратэсту. «Нам самае галоўнае зараз — салідарнасць, а не ўнутраныя спрэчкі», — падкрэсліў Макаеў.

Пра салідарнасць казаў і Павел Севярынец, матывуючы гэта тым, што без салідарнасці ў грамадстве ніякай перспектывы не будзе не толькі ў беларускіх прадпрымальнікаў, але і ў нашай краіне ўвогуле.

Дарэчы, гэтым разам удзельнікі акцыі не цураліся моцна выгукваць «Жыве Беларусь!» і тое ж слова «Салідарнасць». Толькі вось колькасць удзельнікаў акцыі, нават зважаючы на кепскае надвор’е — дождж са снегам і мярзотны вецер, — на вялікі на жаль, пакідае адчуванне, што гэтыя акцыі прадпрымальнікаў і спачуваючым ім людзям, стануцца чарговым «пшыкам». Таму, відаць, і сілавікі глядзяць на адбыванае з усмешкай ці прыхаванай злобай, што іх вымушаюць знаходзіцца пад дажджом і снегам замест цёплай казармы ці ўтульных кабінетаў.

Каментаваць