Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Прадстаўнікі апазіцыі падалі заяўку на правядзенне 25 сакавіка шэсця з нагоды Дня Волі

Прадстаўнікі чатырох апазіцыйных арганізацый 6 студзеня падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі.

Сярод заяўнікаў акцыі прадстаўнік руху "За Свабоду" Аляксандр Русевіч, аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Дзяніс Садоўскі, Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ягор Віняцкі і Партыі БНФ Дзмітрый Каспяровіч.

Арганізатары прапаноўваюць Мінгарвыканкаму дазволіць наступны маршрут правядзення акцыі (з 14.00 да 15.30): збор на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, шэсце па праспекце Незалежнасці да парку Янкі Купалы. Мітынг не запланаваны.

Меркаваная колькасць удзельнікаў акцыі 950 чалавек.

«Раней былі пытанні ад удзельнікаў акцыі, чаму арганізатары заклікаюць ісці на плошчу Бангалор. На гэты раз мы вырашылі адхіліцца ад стандартнага маршруту і прапанавалі іншы варыянт — шэсце па цэнтры горада», — цытуе прэс-служба руху "За Свабоду" старшыню арганізацыі Юрыя Губарэвіча.

Паводле яго слоў, арганізатары разлічваюць, што такі маршрут будзе санкцыянаваны ўладамі, бо раней падставай для адмовы быў мітынг, для правядзення якога дазволена толькі пляцоўка на плошчы Бангалор.

«Шэсцем святкаванне Дня Волі не абмяжуецца, пройдуць і іншыя мерапрыемствы. Цяпер ідуць перамовы пра правядзенне 25 сакавіка святочнага канцэрта. Месца і склад выступоўцаў будуць агучаны напярэдадні мерапрыемства», — адзначыў Губарэвіч.

Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Паводле БелаПАН

Каментаваць