“Прагматычна-прынцыповая” Швецыя

Падрыхтоўка рашэння пра адмену або працяг санкцый для Беларусі пачнецца ў кастрычніку, а само рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе прынята ў лістападзе. Пра гэта паведаміў пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку старшынства Швецыі ў Еўрасаюзе ў бліжэйшыя шэсць месяцаў.



Падрыхтоўка рашэння пра адмену або працяг санкцый для Беларусі пачнецца ў кастрычніку, а само рашэнне, хутчэй за ўсё, будзе прынята ў лістападзе. Пра гэта паведаміў пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пачатку старшынства Швецыі ў Еўрасаюзе ў бліжэйшыя шэсць месяцаў.

“Мы спадзяемся, што беларускі бок зробіць належныя крокі, каб Еўрасаюз змог прыняць правільнае рашэнне», — зазначыў Стэфан Эрыксан. — Нармалізацыя стасункаў у інтарэсах як Еўрасаюза, так і Беларусі. Галоўнае — гэта дыялог і рух». Дыпламат адзначыў, што ЕС вітае перамены ў беларускім грамадстве. “Мы будзем надалей працаваць, каб працягваўся дыялог і кантакты. Важна весці дыялог адначасова з уладамі і грамадзянскай супольнасцю краіны, — падкрэсліў кіраўнік пасольства Швецыі. — Нас лічаць прагматычнай нацыяй, аднак у некаторых пытаннях мы займаем прынцыповую пазіцыю. Паводле слоў спадара пасла, падчас старшынства ў ЕС Швецыя будзе надаваць увагу аспектам абароны правоў чалавека і прававой дзяржавы.

“Еўрапейскі Саюз стаіць на парозе вырашальнага часу. Разам мы павінны справіцца з эканамічным крызісам і беспрацоўем, а таксама аб’яднаць свет для барацьбы са змяненнямі клімату. Шведскае старшынства прымае гэтыя выклікі, — такімі словамі акрэсліў мэту старшынства прэм’ер-міністр Швецыі Фрэдрык Райнфельд.

Сярод прыярытэтаў ЕС пад старшынствам Швецыі — развіццё стасункаў з краінамі Балтыйскага рэгіёну, Еўрапейскай палітыкі добрасуседства, і ў прыватнасці праграмы “Усходняе партнёрства. У межах апошняй на 27 ліпеня запланаваная сустрэча «тройкі» Еўрасаюза (у якую цяпер уваходзяць генеральны сакратар Рады ЕС Хаўер Салана, еўракамісар па знешніх сувязях Беніта Ферэра-Вальднер і кіраўнік МЗС Швецыі Карл Більт) з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Сяргеем Мартынавым. 7 снежня мусіць адбыцца сустрэча кіраўнікоў МЗС у рамках праграмы «Усходняга партнёрства».

Справа налева: амбасадар Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан
Эрыксан; часовы прадстаўнік іспанскага старшынства, якое пачнецца
ў першай палове 2010 года, — амбасадар Вялікабрытаніі Найджэл
Гулд-Дэвіс; часовы павераны ў справах Еўрапейскага Саюза ў Беларусі,
амбасадар Жан-Эрык Хольцапфель


Двухбаковых сустрэч паміж кіраўніцтвам Беларусі і Швецыі пакуль не плануецца. Што тычыцца вырашэння для беларусаў візавага пытання, то спадар Эрыксан зазначыў, што “спадзяванні мусяць быць, і яны ёсць. Аднак, хутчэй за ўсё, гэтая праблема за час старшынства Швецыі вырашаная не будзе. “У Бруселі ўжо прынятае новае заканадаўства адносна візаў, якое ўступіць у дзеянне праз шэсць месяцаў. Яно прадугледжвае зніжэнне коштаў на візы для дзяцей да 12-ці гадоў, — паведаміў дыпламат.

Што тычыцца эканамічнай падтрымкі Беларусі, то, як паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, рашэння наконт вылучэння Еўрасаюзам крэдыту Беларусі пакуль няма. «Беларусь зрабіла гэты запыт зусім нядаўна, і дакладна сказаць, калі будзе вынесенае рашэнне, пакуль немагчыма. Трэба чакаць», — зазначыў дыпламат.

Каментаваць