Прагноз спраўджваецца: міру няма

У пятніцу, 5-га верасня, у выніку пасяджэння кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія — сепаратысты) у Мінску, як паведамілі афіцыйныя крыніцы, было дасягнута пагадненне аб спыненні агню на ўсходзе Украіны ад 18.00 таго ж дня. Тым не менш, ужо 7-га верасня пад Данецкам (і не толькі) зноўку чутны выбухі ды стрэлы. Так званае «замірэнне» не выконваецца. 



У Луганскай вобласці днём у нядзелю на паўночным усходзе ад пасёлку “Северный” былі заўважаныя калоны расійскай бранятэхнікі і грузавых аўтамабіляў. Пра гэта       паведаміў УНІАН прадстаўнік Інфармацыйна-тэхнічнага цэнтра Службы нацыянальнае бяспекі Украіны Уладзімір Палявой. Паводле ягоных словаў, калона прайшла на поўдзень Луганскай вобласці.

У складзе гэтае калоны заўважаныя расійскія танкі Т-72 ВМ, зенітна-ракетныя комплексы “Страла - 10”, а таксама найноўшыя расійскія зенітна-ракетныя комплексы тыпу “Віцязь”. Палявой паведаміў, што назіраецца актыўнасць расійскіх войскаў на Таганрожска-Марыупальскім накірунку. Ён дадаў, што расійцы ажыццяўляюць уладкаванне транспартных калідораў з тэрыторыі Расіі ва Украіну. Апроч таго, “расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць свае ўзброеныя сілы на поўначы часова акупаванага Крыма і ажыццяўляюць ратацыю асабістага складу і тэхнікі”. 

Хто б сумняваўся. Ужо адразу па паводзінах і перамоўцаў (прадстаўнікі сепаратыстаў нават у Мінску 5 верасня заяўлялі, што не адмовяцца ад сваёй мэты адлучыць “Наваросію” ад кантынентальнай Украіны), і тых, хто стаіць за іх спінамі, было зразумела, што дасягненне так званага "замірэння" ёсць блефам завадатара і рэалізатара вайны ва Украіне. Крэмль сапраўды робіць пературбацыі вайсковых сілаў і тэхнікі для новых, больш вывераных крокаў на Данбасе. Бо, відаць, ужо пачынаюць спраўджвацца прагнозы экспертаў, што занадта шмат “грузаў-200” пацягнулася назад на расійскія прасторы з тэрыторыі Украіны. І яшчэ больш “грузаў-300”. Камітэты салдацкіх мацярок у Расіі ўжо калоцяць ва ўсе званы.

І яшчэ адна акалічнасць. Замірэнне — не ёсць мір. У гісторыі замірэнне часта выкарыстоўвалася дзеля таго, каб ваюючыя бакі маглі забраць з палёў бітвы і больш-менш годна пахаваць целы сваіх загінулых жаўнераў. А цяпер што азначае абвешчанае быццам бы замірэнне? Перагрупоўку сілаў. Прычым, на карысць Расіі. А выбухі і працяг пертурбацыяй пасля “пакту 18.00” працягваюцца ў тактычным мэтах, каб трымаць усіх удзельнікаў канфлікту “ў тонусе”.

Я не веру ў працяглае замірэнне. Як і ў хуткае дасягненне міру ў гэтым самым жахлівым канфлікце на постсавецкай прасторы ў новым тысячагоддзі. Усходні агрэсар, як драпежнік, адчуўшы пах і смак мора чалавечае крыві, ужо проста так не спыніцца.

Драпежнікаў, якія нападаюць на людзей, нават кошак ці сабак, усыпляюць ці проста знішчаюць іншымі даступнымі метадамі. Калі драпежнік прачнуўся ў выглядзе галоднай да “подзвігаў” і прыніжанай жыццём і лёсам імперыі, то чакай гора. Спыніць яго можа толькі сіла, якая мацнейшая за гэтага монстра. А ці ёсць сёння ў свеце такая сіла? Паводзіны заходнікаў прымушаюць у гэтым сумнявацца.     

Каментаваць