Праймерыз: спроба нумар раз

Першая спроба вызначыць лідэра незадаволеных палітыкай афіцыйнага Мінска ўнутры краіны пройдзе ў Бабруйску. Мэты вызначаныя, планы сфармавныя, праца пачынаецца. 



Першая спроба правесці ў краіне праймерыз фактычна пачалася. Пра гэта пераконвалі журналістаў удзельнікі «Экспертнага клуба», якія сабраліся ў сераду ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.
 
 
Пачынаючы сустрэчу, прысвечанаю магчымасці правесці ў Беларусі праймерыз, лідэр АГП Анатоль Лябедзька адразу адзначыў: сярод экспертаў прысутнічаюць толькі прыхільнікі гэтай ініцыятывы. Не тое, каб крытыкаў правядзення праймерыз на сустрэчу не запрашалі: проста прыхільнікі ўсенароднага абрання адзінага дэмакратычнага лідэра вырашылі патлумачыць журналістам, а праз іх — і скептыкам, што гэта такое і з чым гэты праймерыз ядуць. Адправедна, удзельнікі сустрэчы больш засяроджваліся на адказах на нявыказаныя пытанні, чым спрачаліся адзін з адным. Хаця і без гэтага не адбылося.
 
 
Першае пытанне, гэта ж. канешне, пытанне пра тое, ці ёсць увогуле неабходнасць у вызначэнні адзінага лідэра для тых, хто прагне ў Беларусі зменаў. Так, ёсць, пераконваў усіх журналіст Вадзім Казначэеў. На ягоную думку, попыт на «адзінага лідэра пераменаў» існуе з таго моманту, калі ўпершыню ўзнікла пытанне: «Калі не Лукашэнка, то хто?». Як толькі народ пачаў гэтае пытанне задаваць, «крэдыт даверу» у Аляксандра Рыгоравіча скончыўся. Але палітычная апазіцыя, абіраючы «адзінага» сярод сябе, так і не здолела адказаць на гэтае пытанне.
 
 
На самой справе, па словах Лябедзькі, праймерыз — гэта не «ўсенароднае абранне» адзінага кандыдата ў прэзідэнты апазіцыі. Гэта менавіта выбар лідэра прыхільнікаў зменаў у краіне. То бок, спачатку лідэр, які павінен атрымаць у выніку праймерыз, як мінімум, тры рэчы: унутраную легітымнасць (давер непасрэдна беларускага грамадства), магчымасць мабілізаваць дэмакратычную супольнасць у свой перадвыбарчы штаб, і выйсці за вузкае «палітычнае гета» аппазіцыі, паручкаўшыся з народам пад час таго самага праймерыз.
 
 
Для прыкладу прыводзілася такая лічба: перадвыбарчая каманда кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Ганчарыка ў 2001 годзе, нягледзячы на тое, што ён быў лідэрам мільённых прафсаюзаў, складала каля 5 тысяч чалавек. У абранні кандыдатаў на Кангрэсы дэмакратычных сілаў прымала ўдзел менш за 10 тысячаў чалавек. У той жа час, у «альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах» 1999 года, якія арганізоўваў Віктар Ганчар, розным чынам узяло ўдзел ад 240 да 380 тысяч чалавек. Гэтта пры тым, што там кандыдатаў у лідэры было двое, прычым адзін з іх знаходзіўся стала за мяжою (Зянон Пазняк). Таму прыхільнікі праймерыз лічаць, што ім удасца заманіць беларусаў на вызначэнне лідэраў пераменаў.
 
 
Увогуле, для некатрых прыхільнікаў праймерыз спроба выбраць такім чынам лідэра пераменаў нават не самая важная. Прыкладам, лідэру беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргею Калякіну асоба лідэра пераменаў у праймерыз ледзьве не абсалютна фіялетавая. Галоўнае ў іншым. «Сёння мы кажам пра тое, што апазіцыі патрэбны адзіны кандыдат, лідэр пераменаў і гэтак далей? Але ці патрэбны гэты лідэр людзям? Так, людзі хочуць пераменаў, пра гэта кажуць усе сацыёлагі. Але як яны гэтых пераменаў хочуць? Прыйдзе замест Лукашэнкі нехта новы, і будзе рабіць нейкія перамены, альбо людзі самі жадаюць нешта зрабіць дзеля пераменаў?», — задаўся пытанем ён.
 
 
Гэта, па ягоных словах, і павінна адрозніваць праймерыз ад сацыялагічнага апытання. Адна справа, гэта правесці агітацыю «ад дзвярэй да дзвярэй», каб людзі паставілі недзе «галачку». Гэта сапраўды нескладана, падчас мясцовых выбараў не забаронена і нічым не адрозніваецца ад сацапытання. Іншая справа — калі людзі самі, груба кажучы, паварушаць нейкімі часткамі цела для таго, каб альбо прыйсці прагаласаваць у нейкае вызначанае месца, альбо скіраваць свой выбар па пошце, альбо яшчэ неяк актыўна паўдзельнічаць у альтэрнатыўным галасаванні. Дзеянні людзей і пакажуць, наколькі яны гатовыя да грамадзянскіх учынкаў. А калі не гатовыя, дык і лідэру пераменаў, хай ён і сто разоў адзіны кандыдат у прэзідэнты, анічога не дапаможа.
 
 
Карацей, справа не толькі ў выбарах адзінага лідэра ці кандыдата ў прэзідэнты, а справа яшчэ і ў нейкім «зандажы грамадскай актыўнасці». На што гатовыя пайсці людзі, каб выказаць сваю прагу да пераменаў.
 
 
Як лічаць прыхільнікі праймерыз, у асноўным гэтая ініцыятыва выклікае два аргументы супраць. Першы: у сучасных беларускіх умовах правесці праймерыз немагчыма. Другі: гэта людзям проста нецікава.
 
 
Абодва аргументы не з’яўляюцца аргументамі, упэўнены Сяргей Калякін. Магчыма ці немагчыма правесці праймерых у беларускіх умовах — гэта яшчэ невядома, таму што зрабіць гэтага ніхто не спрабаваў. Тое ж самае з «нецікаўнасцю для народа». Калі народу сапраўды гэта будзе нецікава, то праймерыз сарвецца, і трэба будзе шукаць новыя формы вызначэння адзінага. Таму проста неабходна паспрабаваць зрабіць «спробу праймерызу» хаця б у асобным узятым горадзе. Гэтым горадам выбраны Бабруйск.
 
 
Чаму Бабруйск? Горад выбраны невыпадкова. Ён, па-першае, павінен быць не вялікі, альбо і не маленькі, каб была дастатковая «рэпрэзентатыўная выбарка». У Бабруйску каля 150.000 выбаршчыкаў, што дастаткова для правядзення «міні-праймерыз». Па-другое: горад павінен быць не блізка, але і не далёка ад Мінска, каб самі кандыдаты ў праймерыз маглі лёгка да яго даехаць і правесці там агітацыйную працу.
 
 
Адначасова гатоўнасць зняцца з наседжанага месца і паехаць у рэгіён будзе выпрабаваннем і для кандыдатаў, што засведчыць іх сур’ёзныя амбіцыі на лідэрства сярод дэмсілаў. Трэцяе: у горадзе павінен быць дэмакратычны актыў, які зоймецца арганізацыяй праймерыз, і зарэгістраваныя офісы палітычных структураў, дзе можна было б паставіць скрыні для галасавання.
 
 
Усё гэта ёсць у Бабруйску. Для абыходу хаця б 30.000 выбаршчыкаў трэба прайсці каля 15.000 кватэраў. Мінімальная каманда праймерыз — 50 дэмакратычных актывістаў. За мясцовую выбарчую кампанію адзін «агітатар» абыходзіць каля 300 кватэраў. Такім чынам і маецца 15.000 кватэр, каля 30.000 «апытаных» грамадзянаў. Калі хаця б 20% з іх падтрымае праймерыз, гэта ўжо 6.000 гатовых да хоць нейкага дзеяння людзей.
 
 
Хто будзе мець права ўдзелу ў праймерыз? Арганізатары мерапрыемства плануюць, што гэта будзе «і жук, і жаба». То бок, у спіс патэнцыйных лідэраў уключаюцца ўсе, хто мае прэзідэнцкія амбіцыі, незалежна ад магчымасці ўдзелу ў выбарах і ад іх згоды на той самы праймерыз. Прыкладам, Мікола Статкевіч, які сядзіць зараз у турме, Андрэй Саннікаў і Зянон Пазняк, што знаходзяцца за мяжой, Улідзімір Някляеў, якому па законе з-за нязнятай судзімасці забаронена балатавацца на пасаду прэзідэнта. Удзельнікі праймерыз падкрэсліваюць, што абіраецца найперш лідэр прыхільнікаў пераменаў, а не кандыдат на прэзідэнцкую пасаду.
 
 
Тыя, хто будзе ўключаны ў праймерыз-ліст, павінны даказаць, што іх прэзідэнцкія амбіцыі маюць абгрунтаванне, і што яны сапраўды лідэры сярод насельніцтва, а не сярод сваёй вузкай групоўкі аднадумцаў. А значыць, з’ездзіць у Бабруйск, прыняць удзел у абыходзе кватэраў, размаўляць з людзьмі. Хто гэта зробіць, той, зразумела, атрымае больш галасоў на «папярэднім праймерыз».
 
 
І, канешне ж, у лістах для галасавання будзе рысачка, дзе народ можа ўпісаць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта. Віктар Карняенка, напрыклад, не выключыў, што дэмакратычна настроеныя грамадзяне могуць быць і сярод прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі, і што яны могуць упісаць у бюлетэнь і ягонае прозвішча. А чаму не? Чаму б Лукашэнку таксама не паўдзельнічаць у праймерыз?
 
 
Самае складанае ў час правядзення праймерыз — галасаванне. Пакуль што прадугледжваецца некалькі магчымасцяў для гэтай працэдуры. Першая: 23 сакавіка, пад час мясцовых выбараў, хто хоча, здолее наведаць офісы дэмструктураў і апусціць бюлетэнь у скрынку персанальна. Можна будзе запрасіць да сябе дадому «выязную скрыню» для галасвавання. Прагаласаваць можна будзе і па пошце, адправіўшы запоўнены бюлетэнь, які будзе раздавацца пад час абыходу кватэраў, на нейкую адрэсу. Прадугледжваецца магчымасць галасавання па тэлефоне: пад час абыходу кватэраў валанцёры запісваюць у чалавека нумар тэлефона і нумар пашпарту, потым у час «Ч» тэлефануюць яму, звяраюць імя-прозвішча і нумар пашпарту, і атрымліваюць адказ на пытанне, за каго ён.
 
 
Ад інтэрнэт-галасавання пакуль што адмовіліся. Па-першае, інтэрнэт не патрабуе нейкіх звышасаблівых дзеянняў і праяваў грамадзянскай актыўнасці, а па-другое, вельмі складана вызначыць дзе пражывае той, хто галасуе ў інтэрнэце. З праймерыз у асобна ўзятым горадзе гэта сапраўды не пракоціць.
 
 
І, канешне ж, арганізатары будуць радыя, калі народ абярэ не аднаго, а тройку-пяцёрку дэмакратычных лідэраў, якім ён давярае. Гэта значна звузіцца кола тых, каго можна вызначыць адзіным кандыдатам на пасаду прэзідэнта ў 2015 годзе.
 
 
Калі «бабруйскі досвед» апынеца ўдалым, то тады можна будзе правесцці і сапраўдныя праймерыз — у масштабах краіны. Адзінае, чаго палохаюцца ініцыятары праймерыз, — тое, што гэта сапраўды будзе нецікавым народу. Усе іншыя не лепшыя варыянты (слабы ўдзел палітыкаў і дэмакратычных актывістаў, адмова ад удзелу ў праймерыз і гэтак далей) вынік не пагаршаюць: проста становіцца зразумела, хто тут лідэр, а хто толькі надзьмувае шчокі.
 
 
А некаторыя і ўвогуле будуць удзельнічаць у праймерыз без аніякіх прэзідэнцкіх амбіцый. Як паведамілі «па сакрэце» арганізатары сустрэчы, Беларуская партыя «Зялёныя» мае намер узяць удзел у праймерыз, каб проста папрацаваць з насельніцтвам і распаўсюджваць сярод народа «зялёныя» ідэі. Размова пра кандыдата ў прэзідэнты ад БПЗ пакуль што не ідзе.
 
 
Такім чынам, папярэдняя спроба праймерыз пройдзе 23 сакавіка ў Бабруйску. А там паглядзім, хто што ад гэтага выйграе.

Каментаваць