Прасцей змяніць пол, чым ментальнасць

Мы жывем у рэальнасці, якая з заходняй рэальнасцю суадносіцца пры дапамозе прэфіксу «квазі» (як бы). У нас квазірынак, квазіграмадзянская супольнасць і квазіпалітыка, квазісаюзная дзяржава.



29 жніўня Уладзімір Пуцін, падчас размовы з удзельнікамі 10-га Усерасійскага мала­дзёжнага форуму «Селігер–2014», раскрытыкаваў «англасаксонскі» палітычны прагматызм у міжнародных адносінах: «Россия всегда поддерживает действующую власть. Мы не как некоторые наши партнеры. Может быть, в этом смысле они даже ведут себя более прагматично, они всегда яйца раскладывают в разные корзины. И более того (американцы так делают), даже если лояльна им где-то власть, они всегда работают с оппозицией. Всегда! <…> Но у нас, особенно на постсоветском пространстве, мы не можем так поступать. У нас другая ситуация, абсолютно просто. И мы, конечно, всегда опираемся на действующую власть, и всегда ее поддерживаем».

Для тых, хто ў Беларусі любіць разважаць на тэму прарасійскага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, больш даходліва, мабыць, і не скажаш. І справа тут не ў асобе расійскага прэзідэнта. «У нас, особенно на постсоветском пространстве», не было і быць не можа інакш. І нягледзячы на гэта, ні адна прэзідэнцкая кампанія не абыходзіцца без публічных абмеркаванняў шанцаў «прарасійскага кандыдата».

Не стане выключэннем і будучая кампанія. Супрацьстаянне па лініі Расія–Захад толькі падлівае алею ў агонь. «Беларусь знаходзіцца ў першай чарзе на «ўз’яднанне», на аншлюс», — перакананы экс-дарадца расійскага прэзідэнта Андрэй Іларыёнаў. Найбольш спрыяльнымі ўмовамі для ажыццяўлення такога кшталту дзеянняў, натуральна, будуць прэзідэнцкія выбары. А калі так, дык без свайго кандыдата Маскве не абысціся.

«Руку Масквы» як вырашальны фактар першых прэзідэнцкіх выбараў здолеў угледзець яшчэ Зянон Пазьняк. Галоўная ўмова папулярнасці міфа — прастата, а больш простага тлумачэння прычыны паразы нацыянальна-дэмакратычнага кандыдата ў 1994 годзе ніхто прапанаваць не змог і па гэты дзень.

Сярод родных бяроз і асін утапічны тып свядомасці выдатна ўжываецца з імкненнем да спрашчэння сацыяльнай рэальнасці. Былі беднымі — станем заможнымі, былі ў рабстве камуністычнага рэжыму — станем свабоднымі. А калі падзеі адмаўляюцца развівацца па напісаным намі сцэнары, дык вінаватыя ў гэтым знешнія ворагі.

Калі не ён, дык хто?

Базавымі адзінкамі арганізацыі Захаду з’яўляюцца рынак, грамадзянская супольнасць і палітыка. Для іх апісання і існуюць гуманітарныя навукі: эканоміка, сацыялогія, паліталогія. Яны даюць выдатныя вынікі ў вывучэнні паўночнаатлантычнага ядра капіталістычнай сістэмы. Але мы жывем у рэальнасці, якая з заходняй рэальнасцю суадносіцца пры дапамозе прэфіксу «квазі» (як бы). У нас квазірынак, квазіграмадзянская супольнасць і квазіпалітыка.

Як тут ні прыгадаць несмяротнае выказванне Барыса Грызлова: «Парламент — не месца для дыскусіі». Спікер расійскай Думы не памыліўся. У праваслаўнай культуры адсутнічае алгарытм узгаднення. Усё гэта перашкаджае канструктыўнаму ўзаемадзеянню прыватных інтарэсаў у публічнай сферы. Але палітыка — гэта дзейнасць па ўзгадненні інтарэсаў розных сацыяльных груп. А калі інтарэсы не сфармаваныя, дык што могуць узгадняць квазідэпутаты ў квазіпарламентах?

Для нашай ментальнасці чужы дыялог, яна маналагічная: маналог бацькоў, маналог начальніка, маналог падначаленага і, зразумела, маналог адзінага палітыка (АП). Уключыце тэлевізар. Вось ён стаіць у атачэнні світы. Ён кажа. Світа слухае.

Адсутнасць дыялогу спараджае апасенні хаосу і энтрапіі. А што адбываецца, калі людзі (перш за ўсё эліты) імкнуцца пазбегнуць энтрапіі? З’яўляецца запыт на аўтарытарную асобу, і гэта замацоўваецца, у тым ліку, і ў канстытуцыі. Адсюль адвечнае пытанне: «Калі не ён, дык хто?» Адказ для большасці беларусаў відавочны: альтэрнатыва АП — хаос. Чаму? Таму што мы ведаем, што дамаўляцца па-ранейшаму не ўмеем.

Цяпер нам зразумелая катэгарычнасць Пуціна наконт Расіі, якая заўсёды падтрымлівае дзеючую ўладу. Для адначасовага ўзаемадзеяння і з уладай, і з апазіцыяй патрэбны пераход са сферы квазіпалітыкі ў сферу рэальнай палітыкі, што ў сваю чаргу патрабуе ад квазіпалітыкаў адмовіцца ад асабістага прэфіксу «квазі» — гэта значыць, змяніць ментальнасць. Але прасцей памяняць пол, чым змяніць ментальнасць.

Безальтэрнатыўная падтрымка дзеючых уладаў з боку Масквы прыводзіць да таго, што апазіцыя на постсавецкай прасторы (і не толькі на постсавецкай) прыходзіць да ўлады з антырасійскімі лозунгамі і адпаведнай праграмай. Усе ранейшыя адносіны пры гэтым падпадаюць пад перагрузку.

Пішыце лісты

Не бывае правіл без выключэнняў. 29 жніўня 2011 года на нарадзе педагагічнага актыву АП нечакана загаварыў пра неабходнасць наладзіць дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі: «Как Глава государства я предлагал и предлагаю всем здравомыслящим и любящим свою страну людям, к какому бы политическому лагерю они ни принадлежали, садиться за стол. Круглый... Квадратный стол... Посмотреть друг другу в глаза и реально оценить, кто чего стоит и что может сделать для эффективного улучшения ситуации в стране, а не топать и кричать на площадях».

У асяродку апазіцыянераў тут жа знайшліся тыя, хто хацеў паглядзець у вочы АП і паверыў шчырасць яго заявы. 6 верасня «група таварышаў», якія ў сілу незразумелых прычын лічаць сябе сацыял-дэмакратамі, праз «Советскую Белоруссию» заклікала ўсе «канструктыўна настроеныя палітычныя сілы краіны адсунуць палітычны меркантылізм і групавыя амбіцыі ўбок», «салідарызавацца з дзяржавай» і пераадолець крызіс.

Відавочна, пагарачылася «група таварышаў». Вось што значыць не глядзець вячэрнія навіны на дзяржаўных тэлеканалах. Яшчэ 3 верасня ў эфіры АНТ старшыня праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал» Рыгор Кісель даходліва патлумачыў, што меў на ўвазе АП, калі агучваў сваю ідэю: «Собирайтесь левые, правые, непримиримые, сторонники, вырабатывайте предложения даже без участия власти и вносите их. Если предложение стоящее, то ни одна нормальная власть, которая ощущает проблемы в экономике или финансах, не может его игнорировать, поскольку для власти оно выгодно».

Улада ў нас нармальная. Хто б сумняваўся! Яна гатовая прымаць у пісьмовай форме (выслухоўваць з-за занятасці ў яе часу няма) прапановы нават ад сваіх непрымірымых супернікаў. Галоўнае, каб прапановы былі вартыя і арыентаваныя на ўзмацненне... улады. Як тут ні прыгадаць героя рамана «Дванаццаць крэслаў» Астапа Бэндэра: «Тише, дурак, говорят тебе русским языком — завтра, значит, завтра. Ну, пока! Пишите письма!»

Не бывае правіл без выключэнняў, але ў кожнага выключэння ёсць свая прычына. Знайшлася яна і ў вераснёўскай ініцыятывы АП. 20 верасня ў незалежных СМІ быў растыражаваны ліст міністра замежных спраў Балгарыі Мікалая Младзенава вярхоўнаму прадстаўніку Еўрасаюза Кэтрын Эштан. Прыводжу адпаведны фрагмент: «У пачатку наступнага тыдня Лукашэнка павінен выступаць на нацыянальнай канферэнцыі настаўнікаў, на якой ён закліча да нацыянальнага «круглага стала» паміж уладамі, грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй. «Круглы стол» павінен забяспечыць сапраўдны дыялог, накіраваны на ўзгадненне палітычнай будучыні і дэмакратызацыі Беларусі».

Фармальную частку гэтай дамоўленасці АП выканаў. Абяцаў заклікаць — і заклікаў, але абмяркоўваць з апазіцыяй палітычную будучыню і дэмакратызацыю Беларусі ён, зразумела, не збіраўся. Удзельнікам дыялогу, які мае іншую мэту, акрамя ўмацавання асабістай улады, ён можа стаць толькі пад ціскам надзвычайных абставінаў.

У жніўні 2011 года, нягледзячы на эканамічны крызіс, АП не ацэньваў сітуацыю ў краіне як надзвычайную, што пацвердзіла рашэнне кіраўнік а Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея распусціць Грамадска-кансультатыўны савет. А да снежня ў Нацыянальны банк паступілі сродкі ад продажу 50% акцый ААТ «Белтрансгаз» у памеры 2,5 мільярда долараў. Жыццё наладзілася. Патрэба ў дыялогу з апазіцыяй адпала.

Пакуль атрымліваецца

Дыялог — гэта форма існавання грамадства, якое завяршыла мадэрнізацыю. У рамках жа традыцыйнай культуры, носьбітам якой з’яўляецца АП і беларуская «большасць», згода на дыялог выступае ў якасці часовай саступкі знешняму ціску, і на дыялог калі і згаджаюцца, дык выключна для таго, каб перачакаць, назапасіць сілы і зноў ударыць па ворагу. Таму не варта здзіўляцца, што слова «дыялог» у выступах АП мы сустракаем рэгулярна. Гаворка ідзе пра дыялог з ворагамі, але не ўнутранымі, а знешнімі, без эканамічнага супрацоўніцтва з якім беларуская мадэль функцыянаваць не можа.

Нашы знешнія ворагі — на Захадзе. АП, паводле ўласнага прызнання, не з’яўляецца летуценнікам. Ён разумее, што «никто никогда не позволит государству в центре Европы ходить в «белых перчатках» и радоваться жизни. Конечно, будут атаковать и слева, и справа — уж слишком лакомый кусок и в материальном, и в геостратегическом отношении наша страна. Наша Беларусь».

Прынадным кавалкам традыцыяналістам можа падацца і Крым. Выдаткі на яго ўтрыманне абыдуцца Расіі ў 2014 годзе ў 7–8 мільярдаў долараў, а кожны наступны год пацягне яшчэ на 5–6 мільярдаў. І гэта — без уліку інвестыцый. Калі б у Крамлі рашэнні прымалі рацыянальныя (у еўрапейскім сэнсе) людзі, якія мараць зрабіць Крым сваім, то за 10–15 мільярдаў долараў яны б набылі ўсю нерухомасць і палову зямлі паўвострава.

Паводзіны Пуціна можна ацаніць як ірацыянальныя. Але я б ён не спяшаўся з такой ацэнкай. Да пачатку Новага часу сіла любога кіраўніка знаходзілася ў прамой залежнасці ад колькасці кантраляванай тэрыторыі. Усё лагічна: больш тэрыторыі — больш насельніцтва — больш салдат — больш шанцаў адваяваць у суседзяў дадатковую тэрыторыю і г.д.

Гэта логіка носьбітаў традыцыйнай — а значыць, экстэнсіўнай — культуры. У рамках гэтай логікі заснавальнікі Саюзнай дзяржавы і спрабуюць канкураваць з носьбітамі культуры інтэнсіўнай. Пакуль атрымліваецца. Дзякаваць за гэта варта «трубу» і высокія цэны на энерганосьбіты.

Каментаваць