«Права выбару»: выбары былі як ніколі брудныя

На прэс-канферэнцыі «Права выбару» адзначыла: выбары ў Палату прадстаўнікоў праходзілі з грубымі парушэннямі нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў.


На прэс-канферэнцыі кампаніі “Права выбару”, у якой удзельнічаюць шэраг дэмакратычных структур і арганізацый, выступілі нацыянальныя каардынатары кампаніі Ігар Барысаў, Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, Ірына Вештард ад БСДП(Г), Леў Марголін (АГП), Вольга Кавалькова (БХД).

Па словах нацыянальнага каардынатара “Права выбару” Дзяніса Садоўскага, па выніках татальнага назірання на 10 акругах краіны можна зрабіць выснову, што на ўсіх акругах выбары праходзілі з грубымі парушэннямі нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў. Кампанія не прызнае выбары сумленнымі і дэмакратычнымі

Выступоўца таксама адзначыў, што ўмовы правядзення выбарчай кампаніі, а таксама само выбарчае заканадаўства пагоршыліся. Маюцца на ўвазе як пераслед актывістаў, так і пагаршэнне фінансавання агітацыйных кампаній кандыдатаў, доступу кандыдатаў да дзяржаўных СМІ. Падчас агітацыйнай кампаніі прысутнічала цэнзура. Праўладныя кандыдаты актыўна выкарыстоўвалі адмінрэсурс.

Фарміраванне камісій таксама адбывалася пад поўным кантролем уладаў. Толькі 0,1% прадстаўнікоў дэмсілаў трапілі ў склад камісій акругаў, дзе праводзілася татальнае назіранне.

Падчас датэрміновага галасавання найбольшыя праблемы сёлетняй кампаніі наступныя: завышэнне (фальшаванне) яўкі і заніжэнне спісачнай колькасці выбарцаў (на некаторых участках колькасць выбаршчыкаў была заніжана на 40%). Таксама максімальна ўжываўся прымус да датэрміновага галасавання і так званыя “каруселі”, калі супрацоўнікі бюджэтных устаноў па загадзе начальства галасавалі на розных участках па некалькі разоў.

Улады ўсімі сродкамі намагаліся дасягнуць яўкі выбаршчыкаў у 50%. Тым не менш, паводле каардынатарў кампаніі “Права выбару”, у пяці мінскіх акругах, які трапілі пад назіранне, неабходнай яўкі выбарцаў дасягнута не было. Па ўсіх гэтых акругах вынікі выбараў будуць абскарджвацца кандыдатамі.

Падлік галасоў быў схаваны ад назіральнікаў на абсалютнай большасці ўчасткаў.

Нашых назіральнікаў, якія вялі актыўнае назіранне і перашкаджалі фальшаванням, масава выдалялі. За час выбараў выдалены 53 назіральнікі! Гэта рэкорд для кампаніі “Права выбару”, — адзначыў Дзяніс Садоўскі.

Удзельнікі кампаніі падалі 225 скаргаў падчас датэрміновага галасавання. Агульная колькасць скаргаў ад “Права Выбару” склала 768.

Сваімі ўражаннямі ад выбараў падзяліліся дэмакратычныя кандыдаты. Так, Аляксей Янукевіч заявіў, што спраўдзіліся самыя змрочныя прагнозы адносна выбараў.

“На датэрміновым была шалёная накрутка яўкі. Прыпіскі перавышалі ў 3 разы! Актыўна выкарыстоўваліся “каруселі”. Ёсць падазрэнні, што з пятніцы на суботу падмяняўся змест скрыняў з бюлетэнямі. У асноўны дзень галасавання назіральнікам не дазволілі бачыць падлік. Назіральнікі ад уладаў здзяйснялі правакацыя. Па падліках назіральнікаў, яўка на ўчастках была каля 40%”.

Паводле старшыні ПБНФ, сёння будзе пададзена скарга на тое, што выбары на ягонай — Аўтазаводскай — акрузе не адбыліся.

Кампанія “Права выбару” адзначыла, што гэтыя выбары былі як ніколі брудныя.

Па словах Льва Марголіна, на акрузе №107 актывісткі АГП Вольгі Маёравай уладамі выкарыстоўваліся дзве тактыкі: 1-я — прыпіскі яўкі кожны дзень датэрміновага галасавання, 2-я — сумленны падлік выбарцаў на ўчастку, але татальнае выдаленне назіральнікаў у дзень выбараў і фальшаванне выніковага пратаколу. Выкарыстоўвалі правакацыі п’яных людзей у дачыненні да назіральнікаў. У дзень галасавання звесткі назіральнікаў і камісій разыходзіліся на 200–300 чалавек.

 “Такой брыдкай, нахабнай і брутальнай кампаніі цяжка прыгадаць. У нас было 28 назіральнікаў. З іх выдалілі 15. Назіральнікі налічылі 15,4%, а афіцыйна напісалі 32,8% датэрмінова”, — пацвердзіла Ірына Вештард, якая сачыла за выбарамі на Чкалаўскай выбарчай акрузе Мінска.

З ёй пагадзілася Вольга Кавалькова: “Выбары становяцца больш жорсткімі і цынічнымі.

Асноўныя фальшаванні сёлетняй выбарчай кампаніі — прыпіска яўкі. Кожны дзень у пратаколах дадавалі па 100–200 чалавек. Па 425-м выбарчым участку яўка паводле пратаколу на датэрміновым галасаванні складала 568. Калі наш прадстаўнік у складзе камісіі падлічыў пазнакі выбаршчыкаў у спісах, іх было толькі 200”.

Паводле Кавальковай, назіральнікі пры падліку нічога не бачылі, бо знаходзіліся на адлегласці  ў 3–4 метры. На назіральнікаў аказваўся беспрэцэдэнтны псіхалагічны ціск.

Шмат дзе фіксаваліся  “каруселі”. Вольга Кавалькова падрыхтавала скаргу аб непрызнанні вынікаў выбараў на Дамброўскай акрузе.

Паводле слоў нацыянальнага каардынатара кампаніі “Права выбару” Алеся Сілкова, назіральнік становіцца галоўным ворагам сістэмы. ЦВК спешна прыняла пастанову пра тое, што на выбарчым участку не могуць знаходзіцца 2 прадстаўнікі аднаго кандыдата, а таксама дазволіла выдаляць назіральніка распараджэннем старшыні камісіі без правядзення пасяджэння камісіі, прыраўняшы назіральніка па правах да п’янага дэбашыра.

Што ж трэба зрабіць, каб  палепшыць умовы правядзення выбараў?

Дзяніс Садоўскі агучыў наступныя рэкамендацыі ад імя кампаніі “Права выбару”:


У выбарчыя камісіі абавязкова ўключаць прадстаўніка кандыдата.

Спрасціць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый.

Стварыць адзіны нацыянальны рэестр выбаршчыкаў.

Разгледзець магчымасць скасавання датэрміновага галасавання.

Спыніць практыку пераследу кандыдатаў і журналістаў недзяржаўных СМІ.

Стварыць роўныя ўмовы для кандыдатаў у пытаннях фінансавання, агітацыі і доступу да СМІ.

Забяспечыць назіральнікам рэальную магчымасць назірання за галасаваннем і падлікам галасоў.

Вызваліць і рэабілітаваць палітвязняў.



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-09-12 13:51:25
Кампанія як кампанія... Якраз, здаецца, крыху менш было цынізму, чым у 2004-2012 гг. - таму, відаць, і Анісім з Канапацкай праскочылі ў ПП НС. А Вользе Кавальковай я б задаў пытанне - чаму ў перадвыбарных плакатах яна была пазначана як член АГП? Як можна з поўнай аддачай працаваць на дзве партыі (БХД ж таксама пазіцыянуе сябе як партыя, хоць і незарэгістраваная)?

Каментаваць