“Праваабарончы альянс” прэзентаваў “Хроніку парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе”

Прэзентацыя “Хронікі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе адбылася 6 студзеня ў сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Аўтарам “Хронікі… з’яўляецца старшыня зарэгістраванай у Літве арганізацыі “Праваабарончы альянс Людміла Гразнова.



Прэзентацыя “Хронікі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў 2009 годзе адбылася 6 студзеня ў сядзібе Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Аўтарам “Хронікі… з’яўляецца старшыня зарэгістраванай у Літве арганізацыі “Праваабарончы альянс Людміла Гразнова.

“Цягам 2009 года ўлада не абцяжарвала сябе заявамі аб чарговым аднаўленні спраў зніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і журналіста Змітра Завадскага, а таксама забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай. У верасні Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні літоўскіх СМІ, выказаў сумнеў у тым, што Віктар Ганчар быў апазіцыянерам, а таксама высунуў меркаванне, што знікненне Юрыя Захаранкі звязана з вядзеннем яго бізнесу ва Украіне, — адзначыла Людміла Гразнова.  

У “Хроніцы… канстатуецца, што Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе захоўваецца смяротнае пакаранне. Летась да расстрэлу былі прыгавораны два чалавекі.

Па словах Людмілы Гразновай, нягледзячы на некаторыя паслабленні ў Законе “Аб СМІ, на магчымасць распаўсюду праз шапікі “Саюздруку некалькіх незалежных газет, застаюцца нявырашанымі праблемы з распаўсюдам трынаццаці незалежных грамадска-палітычных выданняў, доступу да інфармацыі і акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі мас-медыя. Мінінфарм летась адмаўляўся рэгістраваць новыя газеты. 

У Беларусі і ў 2009 годзе меліся палітзняволеныя. “У лютым былі затрыманы ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў (якога пазней адпусцілі) і Уладзімір Асіпенка, за кратамі застаецца маладафронтавец Арцём Дубскі, — нагадала Людміла Гразнова.

Трагічнай падзеяй году стала самагубства праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай, якая была асуджана на два з паловай гады абмежавання волі за быццам бы ілжывы данос на міліцыянта. Пасля суда жанчына заявіла, што ніколі не будзе “зэчкай, а праз тыдзень пасля суда Яна Палякова пайшла з жыцця. “За два дні да самагубства ў газеце “СБ — Беларусь сегодня з’явіўся абразлівы артыкул, у якім згадвалася Яна Палякова разам з іншымі праваабаронцамі. За паўгода на Яну Палякову было зладжана цкаванне — невядомыя пагражалі ёй па тэлефону, штурхалі на вуліцы, абражалі ў пад’ездзе, што і давяло маладую жанчыну да такога трагічнага фіналу, — падкрэсліла старшыня “Праваабарончага альянсу.

У 2009 годзе крымінальныя справы былі распачаты ў дачыненні да 4 актывістаў дэмакратычнага руху, звольнены альбо не знайшлі працы па палітычных матывах 13 чалавек, з вышэйшых навучальных устаноў па палітычных прычынах выключаны 3 моладзевыя актывісты. 

Па словах Людмілы Гразновай, у 2009 годзе з’явіліся новыя формы пераследу і ўціску на дэмакратычных актывістаў. Напрыклад, так званы “палітычны прызыў, калі лідэраў апазіцыйных моладзевых арганізацый, нягледзячы на нездавальняючы стан іх здароўя, прызываюць на тэрміновую вайсковую службу. Летась такое здарылася з актывістамі зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога фронту  Іванам Шылам, Зміцерам Федаруком, Яўгенам Скрабцом, старшынёй “Моладзі БНФ Франакам Вячоркам, сябрам Руху “За свабоду Ігарам Салаўём. 

Яшчэ адной “новай формай пераследу сталіся кароткатэрміновыя выкраданні невядомымі асобамі моладзевых актывістаў, калі іх па некалькі гадзін вазілі з завязанымі вачамі, а потым выкідвалі за межамі гораду. Такія выпадкі ў 2009 годзе мелі месца з лідэрам МФ Зміцерам Дашкевічам, актывістамі гэтай арганізацыі Настай Палажанкай і Дзянісам Карновым, лідэрам кампаніі “Еўрапейская Беларусь Яўгенам Афнагелем.

Летась да адміністратыўных арыштаў былі прыгавораны 10 дэмакратычных актывістаў (для параўнання — у 2008 годзе “суткі адбывалі 107 чалавек), на буйныя штрафы былі асуджаны 82 актывісты беларускага дэмакратычнага руху. 

“У 2009 годзе “Хронікай… зафіксавана 83 факты запалохвання актывістаў і шэрагоўцаў дэмакратычных арганізацый. Пад найбольшы ціск падпадалі актывісты Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якой двойчы было адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі, - паведаміла Людміла Гразнова.  

Апроч БХД, Мінюст летась адмовіў у рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша вясна, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных  арганізацый, правабарончаму грамадскаму аб’яднанню “Брэсцкая вясна, Партыі свабоды і прагрэсу, Беларускай партыі працоўных, некаторым іншым структурам; пэўныя партыі і няўрадавыя арганізацыі пазбавіліся сваіх сядзіб.

Што датычыцца свабоды веравызнання, то найбольшы ціск аказваўся на пратэстантаў, вернікаў царквы “Новае жыццё, адзначаецца ў “Хроніцы….

“Варта адзначыць, што 2009 год вызначаўся некаторым паслабленнем напружанасці ў галіне выканання правоў чалавека. Але змяншэнне колькасці пераследаў актывістаў, артыштаў звязана з тым, што апазіцыя летась не праводзіла буйных вулічных акцый… Калі пачынаюцца выбарчыя кампаніі, дзейнасць апазіцыі актывізуецца, і ўлада таксама пачынае дзейнічаць больш актыўна і жорстка, таму 2010 год у гэтым плане будзе, верагодна, больш складаным, — адзначыла Людміла Гразнова.  

Каментаваць