Праваабаронцы ацэньваюць ход выбарчай кампаніі

Арганізатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары на прэс-канферэнцыі 19 лістапада далі ацэнку этапам прэзідэнцкай кампаніі, якія ўжо завяршыліся. Праваабаронцы адзначылі, што сёлетнія выбары праходзяць больш дэмакратычна параўнальна з мінулымі, але і гэтым разам назіраецца шмат парушэнняў выбарчага заканадаўства.



Арганізатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары на прэс-канферэнцыі 19 лістапада далі ацэнку этапам прэзідэнцкай кампаніі, якія ўжо завяршыліся. Праваабаронцы адзначылі, што сёлетнія выбары праходзяць больш дэмакратычна параўнальна з мінулымі, але і гэтым разам назіраецца шмат парушэнняў выбарчага заканадаўства.

Па словах намесніка старшыні зліквідаванага ўладамі Праваабарончага цэнтру “Вясна Валянціна Стэфановіча, нягледзячы на тое, што падчас сёлетняй выбарчай кампаніі былі створаны больш спрыяльныя ўмовы для правядзення выбарчай гонкі, аднак, меў месца цэлы шэраг парушэнняў выбарчага заканадаўства. Юрыст адзначыў, што збор подпісаў праходзіў у адпаведнасці з новай рэдакцыяй Выбарчага кодэкса, якая істотна спрасціла парадак запаўнення падпісных аркушаў і дапусціла правядзенне пікетаў па збору подпісаў без папярэдняга ўзгаднення з мясцовымі ўладамі, але пры ўмове, што пікеты будуць ладзіцца не ў забароненых мясцовымі чыноўнікамі месцах. 

У той жа час, паводле словаў Валянціна Стэфановіча, ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду працавалі ў няроўных умовах у параўнанні з ініцыятыўнай групай дзейнага кіраўніка дзяржавы. Падчас збору подпісаў за вылучэнне цяперашняга беларускага прэзідэнта актыўна выкарыстоўваўся адміністратыўны рэсурс, у той час як сябрам каманд астатніх прэтэндэнтаў у кандыдаты забаранялася заходзіць у інтэрнаты, а таксама на тэрыторыю дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў. Цэнтральная камісія не звярнула ўвагу на той факт, што подпісы за Аляксандра Лукашэнку часта збіралі людзі, якія не з’яўляліся сябрамі яго ініцыятыўнае групы.

Разам з тым, тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі забаранілі назіральнікам прысутнічаць пры правядзенні праверкі сапраўднасці подпісаў, што выклікае ў праваабаронцаў сумнеў у аб’ектыўнасці гэтай праверкі. 

Юрысты кампаніі дапамагалі ў складанні скаргаў на парушэнні выбарчага заканадаўства. Аднак, па словах Валянціна Стэфановіча, з 51 скаргі, якія былі накіраваны ў Цэнтрвыбаркам на парушэнне працэдуры збору подпісаў, задаволенымі сталі толькі 3, прычым усе яны датычыліся вызначэння месцаў для пікетаў па збору подпісаў. Іншыя скаргі, як, напрыклад, на нядопуск сяброў ініцыятыўных груп у інтэрнаты, на прадпрыемствы і ўстановы, а таксама на збор подпісаў за вылучэнне дзеючага прэзідэнта не сябрамі яго ініцыятыўнай групы, засталіся не задаволеныя.

Па словах старшыні Беларускага Хельсінскага камітэту Алега Гулака, нягледзячы на ўвесь адносны лібералізм пры зборы подпісаў, у праваабаронцаў застаецца шмат пытанняў. “Ёсць відавочным, што ўлады дзейнічалі па прынцыпу “мы вас не чапаем, вы нам не перашкаджайце, у тым ліку не перашкаджайце скарыстоўваць адміністратыўны рэсурс, — мяркуе кіраўнік БХК.

Алег Гулак закрануў і праблему асвятлення выбарчай кампаніі ў дзяржаўных СМІ. “Дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі практычна не гавораць аб кандыдатах — удзельніках прэзідэнцкай кампаніі, аб іх праграмах, хто яны такія, аб іх асобах, аб іх якасцях, а таксама аб ходзе выбарчае кампаніі, хто з якімі праблемамі сутыкаецца, — нічога гэтага мы не бачым. Затое вельмі шмат распавядаецца пра вылучэнне кандыдатаў на Усебеларускі народны сход. Гэта, канешне, таксама цікавая падзея, але ўсё ж такі калі мы параўноўваем па значнасці, то, безумоўна, прэзідэнцкія выбары — гэта галоўнае мерапрыемства. Зараз складваецца ўражанне, што гэта робіцца свядома, каб перацягнуць увагу ад выбараў на Усебеларускі народны сход, каб не спрыяць аб’ектыўнай палітызацыі насельніцтва падчас прэзідэнцкіх выбараў. Хацелася б, каб дзяржаўныя СМІ гаварылі пра прэзідэнцкія выбары як пра галоўную палітычную падзею, пра квінтэсенцыю ўсяго палітычнага працэсу, як пра працэс непасрэднай рэалізацыі грамадзянамі права на кіраванне сваёй краінай, што вынікае з Канстытуцыі. Пра гэта таксама практычна нічога не гаворыцца, так што тут у нас існуюць прэтэнзіі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, — падкрэсліў кіраўнік БХК.

Па словах Алега Гулака, апошнім часам з’яўляюцца прыклады аказання ціску на ўдзельнікаў выбарчага працэсу. Як падкрэсліў праваабаронца, заклапочанасць выклікае сітуацыя з арыштам рахункаў адзінай у Беларусі незалежнай сацыялагічнай лабараторыі НОВАК, з выключэннем з універсітэта аднаго з актывістаў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, а таксама зноў узнікшая цікавасць з боку падатковых органаў да аднаго з кіраўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары Валянціна Стэфановіча. “З набліжэннем выбараў адбываецца экслацыя напружанасці, —  падсумаваў старшыня БХК.  

 

Каментаваць