Праваабаронцы за свабодныя выбары: Прагрэсу ў фарміраванні акруговых камісіяў няма

Ніякага асаблівага прагрэсу ў фарміраванні акруговых выбарчых камісіяў падчас парламенцкай кампаніі — 2012 не назіраецца. Пра гэта журналістам 11 ліпеня паведамілі прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары, якія падрыхтавалі справаздачу па выніках першага этапу сёлетніх выбараў.



Ніякага асаблівага прагрэсу ў фарміраванні акруговых выбарчых камісіяў падчас парламенцкай кампаніі — 2012 не назіраецца. Пра гэта журналістам 11 ліпеня паведамілі прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары, якія падрыхтавалі справаздачу па выніках першага этапу сёлетніх выбараў.

Па словах намесніка старшыні зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтру “Вясна Валянціна Стэфановіча, камісіі былі створаны з колькасцю сяброў ад 9 да 13 чалавек, сярэдні конкурс на месца склаў 1,5 чалавекі на месца, у некаторых абласцях — да 2 чалавек. З апазіцыйных палітычных партыяў 48 чалавек патрапілі ў акруговыя выбаркамы, гэта складае 24% ад вылучаных імі партыйцаў. Агульная вага апазіцыйных чальцоў у акруговых камісіях складае 3,3%.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ў межах кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары падлічваліся кандыдатуры, якія вылучаліся выключна ад партыяў. “Хоць трэба адзначыць, што тыя апазіцыйныя рухі і арганізацыі, якія не маюць рэгістрацыі, маглі вылучаць сваіх сябраў шляхам збору подпісаў ад грамадзянаў. Аднак нам вядома, што БХД свае кандыдатуры не вылучала, бо выступае за байкот выбараў. Грамадскае аб’яднанне “Рух “За свабоду сваіх прадстаўнікоў таксама не вылучала, грамадзянская кампанія “Гавары праўду ў вылучэнні актыўна не ўдзельнічала, яны заявілі толькі восем кандыдатур, — паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Што да структур камісіяў, то тут, па словах юрыста і праваабаронцы, параўнальна з мінулымі выбарамі стала менш вылучэнцаў ад працоўных калектываў, большасць вылучаліся ад грамадскіх аб’яднанняў і груп грамадзянаў.

“Як і раней, абазначыліся асноўныя “арганізатары выбараў. Гэта чатыры буйныя праўладныя грамадскія арганізацыі: ФПБ, “Белая Русь, БРСМ, Беларускае аб’яднанне ветэранаў. Усе яны разам вылучылі ледзь не 92% кандыдатур ад усіх прадстаўленых грамадскіх арганізацыяў. Калі параўноўваць лічбы з папярэднімі выбарамі, можна сказаць, што працэнт кандыдатаў ад апазіцыйных партыяў, якія ўвайшлі у камісіі, меншы, чым у 2008 годзе, хаця на тых выбарах была стратэгія, што вылучалі не менш як па адным прадстаўніку ад апазіцыі ў кожную акруговую камісію. То бок на 110 акруговых камісіяў было вылучана 118 кандыдатур. Але ўвайшло ў камісіі толькі 34% — на 8% больш, чым сёлета, — канстатаваў Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік “Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак адзначыў адсутнасць прагрэсу ў фарміраванні акруговых камісіяў параўнальна з мінулай парламенцкай кампаніяй.



“На гэтых выбарах мы не пабачылі амаль нічога, што б адрознівалася ад папярэдніх выбараў. Па-ранейшаму пасяджэнні выканкамаў і прэзідыюмаў Саветаў прайшлі ў вельмі хуткім рэжыме, яны вар’іраваліся ад пятнаццаці мінут да адной гадзіны. Мелі невялікае адрозненне і працэдуры пасяджэнняў: у некаторых абласцях можна было задаваць пытанні і пачуць нейкія адказы. У Брэсце старшыня выканкаму нават прапанаваў уключыць апазіцыянераў у склад камісіяў, — адзначыў старшыня БХК. — Але агульная карціна засталася ранейшай. Па словах Гулака, падчас пасяджэнняў не было ніякага публічнага абмеркавання кандыдатур, нават не зразумела, па якіх крытэрыях людзі траплялі ў склад акруговых камісіяў. Алег Гулак падкрэсліў, што ў беларускім заканадаўстве не прапісаны менавіта крытэрыі, паводле якіх асоба можа трапіць у склад выбарчай камісіі. 

Паводле Валянціна Стэфановіча, “адсутнасць такіх крытэрыяў  дазваляе дзяржаўным органам суб’ектыўна фарміраваць камісіі. “Напрыклад,  “Белая Русь вылучыла 117 чалавек, з якіх 106 прайшлі ў камісіі, а гэта 98,5% ад вылучаных. У той час як ад апазіцыйных партыяў вылучалася 199 чалавек, а ўключана ў камісіі 48 — толькі 24%, — падкрэсліў праваабаронца. Ён адзначыў, што гэтым разам у спісах акруговых камісіяў з’явіліся прадстаўнікі адміністрацый раёнаў, праўрадавых арганізацыяў. Аднак сёлета яны падавалі заяўкі не ад грамадскіх аб’яднанняў, але ад групы грамадзянаў і вылучаліся шляхам збору подпісаў.

Падводзячы рысу, Алег Гулак адзначыў, што, як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, цікавасць да восеньскіх выбараў вельмі невялікая, а гэта праблема і выклік, які павінны разумець і беларускія ўлады. “На маю думку, такое стаўленне насельніцтва вынікае з таго, што і самі выбарчыя працэдуры ў іх справядлівасці людзей не моцна пераконваюць, а яшчэ больш тое, што роля парламента ў нашай краіне не вельмі вялікая, — сказаў праваабаронца.

Адказваючы на пытанне, ці патрэбныя такія непразрыстыя і прадказальныя выбары ўвогуле і ці не лепш бы іх было абмяніць увогуле і тым самым зэканоміць бюджэтныя сродкі, Алег Гулак падкрэсліў: “Калі б гэтых выбараў не было, то гэта было б прамое парушэнне Канстытуцыі, і мне падаецца, што праблему трэба вырашаць не адменай выбараў, а тым, каб рабіць парламент рэальнай уладай, а выбары — рэальнымі працэдурамі.  

 

Каментаваць