Праваабаронцы падсумавалі першыя вынікі парламенцкай кампаніі

Цяперашняя кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу істотна не адрозніваецца ад папярэдніх парламенцкіх кампаній. Пра гэта 15 жніўня заявілі прадстаўнікі ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую складаюць Беларускі Хельсінскі камітэт і зачынены ўладамі Праваабарончы цэнтр «Вясна». 


Як адзначыў прадстаўнік “Вясны” Уладзімір Лабковіч, на першым этапе кампаніі — фармаванні выбаркамаў — нічога новага не адбылося: абсалютную большасць месцаў у выбарчых камісіях усіх узроўняў занялі прадстаўнікі праўладных грамадскіх арганізацый — “Белая Русь”, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, саюзы жанчын і ветэранаў.

Па словах юрыста, сёлета ў склад участковых камісій, а менавіта яны вядуць непасрэдны падлік галасоў, увайшло нават менш прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый параўнальна з парламенцкімі выбарамі 2012 года. Тады апазіцыянераў у выбаркамах (участковых) было 0,1 адсотка, цяпер — толькі 0,8. І гэта нягледзячы на тое, што міжнародная супольнасць настойвала на больш празрыстым і дэмакратычным працэсе фармавання выбаркамаў.

Апроч таго, адзначыў праваабаронца, не чакаецца, што адбудуцца прынцыповыя змены ў працэсе падліку галасоў. Тое, што, паводле новых інструкцый Цэнтрвыбаркаму, сябры падліковых камісій будуць стаяць ужо не філейнымі часткамі да назіральнікаў ды журналістаў, але дадуць ажно траціну стала, на які вываляць бюлетэні са скрыняў, для агляду, нічога істотнага не зменіць. Усё роўна падлікоўцы будуць паасобку лічыць аддадзеныя выбарцамі галасы, а не дэманстраваць кожны бюлетэнь назіральнікам. “Пры такіх умовах зноў не толькі назіральнікі, але і самі чальцы ўчастковых камісій не будуць ведаць сапраўдную карціну, за каго і колькі галасоў аддалі грамадзяне”, — падкрэсліў Лабковіч.

Да таго ж, дадаў праваабаронца, цяперашняя кампанія адбываецца на негатыўным фоне з’яўлення ў Беларусі новага палітвязня — Уладзіміра Кондруся, затрыманага сёлета спецслужбамі па абвінавачанні ва ўдзеле ў масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў. “Мы настойваем на тым, каб улады выпусцілі Кондруся, і заклікаем міжнародных назіральнікаў і міжнародную супольнасць патрабаваць таго ж”, — сказаў Уладзімір Лабковіч.

У сваю чаргу, старшыня БХК Алег Гулак звярнуў увагу на факт спынення дзейнасці ў нашай краіне зачыненага ў Беларусі і зарэгістраванага ў Вільнюсе (Літва) Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПІ). Днямі яго заснавальнік прафесар Алег Манаеў заявіў, што цкаванне гэтай структуры з боку дзяржаўных тэлеканалаў і пераслед супрацоўнікаў робяць немагчымым далейшае правядзенне сацыялагічных апытанняў на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, з сумам адзначае Алег Гулак, назіральнікі і грамадства ўвогуле пазбаўляюцца магчымасці атрымаць аб’ектыўную інфармацыю пра ўдзел беларусаў у выбарах і пра іх стаўленне да самой парламенцкай кампаніі. Тым больш што экзітпулы ў Беларусі не дазволеныя.    

У выніку праваабаронцы будуць вымушаныя для больш-менш аб’ектыўнай ацэнкі абапірацца выключна на ўласныя сілы. “Але мы не маем права і магчымасцяў праводзіць паўнавартасныя сацыялагічныя апытанні і даследаванні, — падкрэслівае Гулак. — Мы сканцэнтруемся на назіранні за выбарамі на канкрэтных участках”. Па словах юрыста, праваабаронцы ўжо зараз вядуць назіранне на 49 выбарчых акругах са 110.

Алег Гулак прызнаў, што сёлета назіралася большая актыўнасць падчас вылучэння кандыдатаў у дэпутаты. Аднак некаторыя знакавыя асобы (Мікалай Казлоў, Алесь Лагвінец) ужо не атрымалі рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты.

Уладзімір Лабковіч дадаў, што ў дзень выбараў кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з удзелам валанцёраў паспрабуе ахапіць назіраннем каля 150 выбарчых участкаў і прыцягнуць дзеля гэтага да 500 чалавек.  

На прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі назіральнай місіі ад АБСЕ.  

 

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-08-17 18:26:31
Можа, і не адрозніваецца... Але некаторым здаецца, што ў Трусава і Караткевіч някепскія шансы на месца ў "палатцы № 6": http://belisrael.info/?p=7731

Каментаваць