Правацэнтрысты ствараюць Асамблею народных прадстаўнікоў

Ідэю стварэння Асамблеі народных прадстаўнікоў лідары правацэнтрысцкай кааліцыі, першы намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Юрась Губарэвіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта БХД Віталь Рымашэўскі агучылі на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка.

 

“Мы падсумавалі наш удзел у выбарчай кампаніі і прыйшлі да высновы, што па колькасці і якасці гэта была добрая праца. Новы эканамічны курс, змена ўлады праз сумленныя выбары, выбар еўрапейскага кірунку развіцця — тое, што вылучала нашых кандыдатаў сярод іншых. Стварэнне Асамблеі — гэта працяг нашай кааліцыйнай працы”, — адзначыў Анатоль Лябедька.

Было абвешчана, што устаноўчы сход Асамблеі народных прадстаўнікоў распачнецца заўтра а 12-й гадзіне ў гатэлі “Манастырскі”. Подпісы пад устаноўчымі дакументам, мяркуецца, падпіша каля 70 кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў, а таксама дэпутатка ПП Ганна Канапацкая.

Народныя прадстаўнікі збіраюцца надалей працаваць у акругах, праводзіць грамадскія кампаніі і працягваць распрацоўку праектаў рэформаў для новай Беларусі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы.

“Наша задача – арганізаваць грамадскія кампаніі ў падтрымку рэформаў, прасоўваць законы на карысць людзей. Адной з галоўных задач на сёння з’яўляецца рэформа выбарчага заканадаўства, каб з пачатку 2018 года правесці выбары згодна са стандартамі АБСЕ”, — паведаміў Віталь Рымашэўскі.

Напрацоўкі Асамблеі мяркуецца таксама дасылаць у профільныя установы беларускага ўраду ды ініцыяваць разгляд законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў.

“Мы павінны дзейнічаць хутка і эфектыўна, аб’ядноўваць аднадумцаў у рэфармаванні эканомікі і палітычнай сістэмы. Мы адкрытыя для камунікацый з іншымі палітычнымі структурамі па пытаннях, на якія маем агульнае бачанне”, — падкрэсліў Юрась Губарэвіч.

Правацэнтрысты у межах Асамблеі спадзяюцца на плённую супрацу з усімі дэмакратычнымі сіламі і  экспертнымі супольнасцямі, а таксама намераны самі фармаваць павестку дня.

 

Абмеркаванне:

  • Кастусь
  • 2016-10-05 13:22:08
Добры здымак...

Каментаваць