Прэс-канферэнцыя савецкага чалавека

Падчас сустрэчы з расійскімі журналістамі кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што Беларусь працягвае рухацца ў правільным накірунку. Аднак ці то радавацца з гэтай нагоды, ці то засмучацца?



Пачну з цытаты з кнігі псіхолага Нары Ньюкамб: «Развіццё асобы дзіцяці»: «Менавіта інтэрпрэтацыя, а не сама падзея, уздзейнічае на паводзіны».

У якасці ілюстрацыі такога рашучага сцвярджэння прапаную звярнуцца да Белавежскай дамовы. У тым, што яна з’яўляецца падзеяй сусветнага маштабу, сумнявацца не даводзіцца, але з якім знакам яе варта ацэньваць?

Для галоўнага персанажа маёй «Азбукі паліталогіі» Белавежская дамова і распад СССР, які за ёй надышоў, — «найвялікшая геапалітычная катастрофа XX стагоддзя». Такая вось інтэрпрэтацыя, і яна спараджае адпаведныя паводзіны, якія выліліся, у прыватнасці, у прапанову «огородить место встречи руководителей республик СССР, подписавших документы о прекращении существования Советского Союза, колючей проволокой».

Зразумела, такую інтэрпрэтацыю падзяляюць далёка не ўсё. Асабіста я, напрыклад, успрымаю падобную прапанову як спробу захаваць калючы дрот па ўсім перыметры «дзяржавы рабочых і сялян».

Адмыслоўцы ў галіне кагнітыўнага аналізу сцвярджаюць, што ўсе мы бачым навакольны свет пэўным чынам, і з гэтай прычыны нашы дзеянні таксама пэўным чынам структураваныя. Правільным будзе і адваротнае сцвярджэнне: лад нашых дзеянняў уплывае на карціну свету.

Структуры мыслення і дзеянняў здольныя з часам змяняцца. У маёй першай жонкі, паводле яе ўласнага прызнання, было шчаслівае дзяцінства. Крыніцай шчасця выступала ўсведамленне, што ёй пашчасціла нарадзіцца ў СССР, а не ў Амерыцы. Але СССР распаўся, у калючым дроце з’явіліся прагалы, і мая жонка (якая да таго часу займела прыстаўку «экс») змяніла дыплом лекара на ліцэнзію медсястры і запазычанасць у паўмільёна долараў за дамок з чатырма спальнямі ў штаце Нью-Джэрсі.

Аднак на метамарфозы такога ўзроўню здольны далёка не кожны. У лістападзе 1993 года за аднаўленне СССР выказваліся 55% беларусаў. За дваццаць гадоў колькасць ахвочых здзейсніць сome back to USSR скарацілася да 22% (НіСЭПД). Але пастаўце беларусаў перад выбарам: лічыць сябе савецкімі ці сучасным еўрапейскімі людзьмі — і яны падзеляцца на дзве прыкладна роўныя групы.

Да першай групы далучае сябе і адзіны беларускі палітык (АП). 11 кастрычніка ў гэтай якасці ён пяць з паловай гадзін адказваў на пытанні расійскіх журналістаў.

Крэатыўная нявызначанасць

Аб’ём «Азбукі паліталогіі» вымушае мяне абмежавацца апісаннем толькі асноўных характарыстык савецкага чалавека (СЧ), сацыяльны тып якога па-ранейшаму шырока прадстаўлены ў Беларусі.

Свядомасць СЧ і ў XXI стагоддзі (адукацыя тут нічога не мяняе), застаецца пераважна традыцыяналісцкай. Для чалавека з такой свядомасцю выпрабаванне нявызначанасцю — невыноснае. Нявызначанасць прыгнятае і спараджае адчуванне хаосу.

Звернемся да аднаго з базавых інстытутаў сучаснасці — рынку. Ён кіруецца «нябачнай рукой», а не канкрэтнай рукой кіраўніка дзяржавы і ўжо таму з’яўляецца для СЧ генератарам нявызначанасці. Адсюль уяўленне пра рынкавую эканоміку як пра «эту неразбериху». Адсюль жа паходзіць непрыманне галоўнага суб’екта рынкавай эканомікі — прыватніка («Я уже наелся этих частников»). Рынак не ўпісваецца ў звыклую для СЧ карціну свету, у якой няма месца для асабістых інтарэсаў, не санкцыянаваных дзяржавай. І гэты прынцып распаўсюджваецца як на падначаленых, так і на начальнікаў.

«Да мы славяне, православные люди, — сцвярджае АП, — у нас совершенно иная политика, другие подходы, нутро, душа совершенно другая». Зусім іншая душа — гэта душа, якая адрынае дэмакратыю як працэдуру, што не гарантуе пэўнага выніку.

Больш за два стагоддзі таму Бенджамін Франклін, адзін з бацькоў-заснавальнікаў ЗША, даў наступнае вызначэнне дэмакратыі: «Дэмакратыя — гэта дамоўленасць узброеных джэнтльменаў пра правілы паводзін». Звярніце ўвагу: узброеныя джэнтльмены дамаўляюцца не пра падзел уладных паўнамоцтваў і не пра падзел уласнасці. Яны дамаўляюцца пра правілы паводзін. Факт наяўнасці зброі ў кожнага з бакоў служыць гарантыяй справядлівасці правіл і адначасова гарантыяй іх выканання ў будучыні.

Але прыняцце падобных правіл азначае згоду на нявызначанасць. А дзе ёсць нявызначанасць — там з’яўляецца і шанец на развіццё. Гэта не парадокс, гэта аксіёма, якую пацвярджае жыццё ў штодзённым рэжыме. Сацыёлаг Георгій Сатараў каментуе яе наступным чынам: «Уся гісторыя цывілізацый — гэта пошук спосабу гульні з непрадказальнай будучыняй. Зразумела, мы з тэорыі гульняў гэта ведаем, што калі ты гуляеш супраць суперніка з выпадковай стратэгіяй, то твая аптымальная стратэгія можа быць толькі выпадковай. У гэтым сэнсе ключавая розніца паміж Усходам і Захадам палягае ў наступным: дэмакратыя інстытуцыялізуе выпадковы пошук з вельмі кароткім крокам, роўным тэрміну паміж выбарчымі кампаніямі».

У выбарах галоўнае — нявызначанасць выніку, дзякуючы гэтаму з’яўляецца магчымасць пошуку новых кірункаў. Інакш узнікае сітуацыя, добра вядомая па досведзе СССР, калі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі савецкі народ 73 гады ішоў канкрэтнай дарогай. Як называецца тое месца, куды яна нечакана прывяла, — добра вядома.

На патрэбу СЧ у канкрэтнай дарозе гэта, аднак, ніяк не адбілася. Яе сучасны варыянт на афіцыйнай мове называецца «беларуская эканамічная мадэль развіцця». Усе яе базавыя прынцыпы, абвешчаныя ў сакавіку 2002 года, супярэчаць сучасным уяўленням пра эканамічны рост, але якая справа СЧ да сучасных прынцыпаў…

Сталінскі шынель

СЧ — гэта тып чалавека, які адаптуецца да рэпрэсіўнай дзяржавы і прымае самаўпраўнасць дзяржавы як норму. Калі чалавека ўвесь час называць свіннёй, то ён пачынае рохкаць, а калі чалавекам доўгі час жорстка і цэнтралізавана кіраваць, то мы атрымаем аўтарытарную асобу, гатовую або падпарадкоўвацца, або самой здзяйсняць гвалт.

Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што на свой другі рэферэндум (лістапад 1996 года) АП вынес пытанне пра смяротную кару. Паводле афіцыйных дадзеных ЦВК, супраць яе адмены выказалася 80,3% беларусаў ад колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні.

Мне запярэчаць: маўляў, я не ўлічваю беларускую спецыфіку правядзення такіх мерапрыемстваў. Пагаджаюся, другі рэферэндум быў адзначаны дэбютам Лідзіі Ярмошынай у якасці кіраўніцы ЦВК. Спецыфіка яе працы праявілася, у прыватнасці, у росце яўкі амаль на 20 працэнтных пунктаў адносна першага рэферэндуму. Параўнаеце: травень 1995 года — 64,8%, лістапад 1996 года — 84,1%.

Але сам факт вынясення пытання пра пакаранне смерцю на рэферэндум сведчыць пра тое, што яго арганізатары разлічвалі зарабіць дадатковыя балы на абвяшчэнні вынікаў галасавання. І яны не памыліліся. Апытанні НІСЭПД увесь час фіксуюць хай і не вельмі істотную, але перавагу колькасці прыхільнікаў смяротнай кары над колькасцю тых, хто выступае за яе адмену.

Таму на заклікі Еўропы адмяніць пакаранне смерцю ў АП заўсёды маюцца аргументы для годнага адказу. У чарговы раз яны былі абвешчаны 11 кастрычніка: «Мы не отменили смертную казнь. Я не считаю, что это хорошо, что у нас есть смертная казнь. Но ведь не я причина тому, что она сохраняется. Потому что есть в стране такие процессы, где нужно применять смертную казнь».

З прычыны адсутнасці поўнай стэнаграмы прэс-канферэнцыі я не здолеў падлічыць, колькі разоў АП ужыў словы «жестко» і «жесточайший» («следует наказать публично и жестко», «на это надо реагировать публично и жесточайшим образом» і г.д.).

СЧ, які так і не зняў сталінскага шынялю, такую рыторыку ўспрымае вельмі арганічна. Іншай крыніцы падтрымання парадку, акрамя «моцнай дзяржавы» на чале з «моцнай асобай», ён не ўяўляе.

«Чацвёртай — не было»

Базавыя каштоўнасці СЧ валодаюць надзвычайнай устойлівасцю. Змяняюцца толькі знешнія, аператыўныя механізмы ўзаемадзеяння і сродкі арыентацыі. З такімі высновамі дырэктара «Левада-цэнтра» Льва Гудкова цяжка не пагадзіцца. СЧ сёння актыўна асвойвае кампутар, што дазваляе яму ўвесь час нарошчваць сваю колькасць сярод папуляцыі «сеткавых хамякоў».

Але якія б электронныя гаджэты ні асвойваў СЧ, ён не здольны вызваліцца ад патрэбы ў негатыўнай кансалідацыі праз вобраз ворага. З моманту арышту гендырэктара ААТ «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера на першыя пазіцыі ў спісе ворагаў беларускага народа выйшлі жулікі з расійскай прапіскай. Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Вераснёўскае апытанне НІСЭПД, праведзенае на піку выкрывальніцкай кампаніі, зафіксавала паслабленне расійскага інтэграцыйнага вектару.

Ці адбудзецца суд над арыштаваным у Мінску «жулікам» — гэта яшчэ вялікае пытанне. Але ў тым, што Баўмгертнер «здзейсніў злачынства» АП не сумняваецца. Для публічнага абвяшчэння гэтага гаранту Канстытуцыі рашэнне суда не патрэбнае.

У якасці даведкі прывяду адпаведны артыкул Канстытуцыі: «Артыкул 26. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у злачынстве, калі яго віна не будзе ў прадугледжаным законам парадку даказана і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Той, каго абвінавачваюць, не павінен даказваць сваю невінаватасць».

Ці адаб’юцца падобныя заявы гаранта Канстытуцыі на яго рэйтынгу? Не выключана, але не ў бок яго зніжэння. Для СЧ (галоўнай электаральнай апоры АП) непавага да закона, упэўненасць, што законнасць — гэта фармалізм, які перашкаджае справядлівасці, з’яўляюцца нормай. Сябе ж у якасці адзінага суверэна краіны СЧ не ўспрымае, і таму ўсе ўладныя паўнамоцтвы, а разам з імі і кантроль над выкананнем законаў, перадае наверх.

У такіх умовах у АП адкрываецца магчымасць вырашаць любыя пытанні «імем рэвалюцыі» (аж да расстрэлу на месцы). Для тых, хто ўсумніўся, прывяду адпаведную цытату: «Собрали несколько групп, взяли крутые автомобили и устроили ловушку на этой трассе. Всех, кто сопротивлялся из бандитов, расстреливали на месте. Три группы такие уничтожили, четвертой — не было».

Каментаваць