Прынята беспрэцэдэнтная рэзалюцыя ААН з мэтай пакласці канец фінансаваму ўдушэнню праваабарончых НДА

Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый даў моцны адказ усё большай тэндэнцыі скарачэння — а часам і крыміналізацыі — дзейнасці праваабаронцаў, што абмяжоўвае іх права на доступ да фінансавання, асабліва, калі яно паходзіць з замежных краін.



Шляхам кансенсусу Савет прыняў беспрэцэдэнтную рэзалюцыю, пададзеную Нарвегіяй у суаўтарстве з 62 іншымі дзяржавамі, якая сцвярджае, што “ніякі закон не мусіць крыміналізаваць або пазбаўляць легітымнасці дзейнасць у абарону правоў чалавека з прычыны паходжання фінансавання”.

 “Гэты моцны сігнал падтрымкі дасланы Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый абаронцам ва ўсім свеце, якія не маюць магчымасці фінансавання іх дзейнасці, пазбаўленыя законнага статусу і часта трапляюць пад крымінальную адказнасць за сваю праваабарончую працу”, — заявіла прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Суэр Белхасен.

“Мы вітаем прыняцце гэтай важнай рэзалюцыі, праз якую Савет па правах чалавека ААН заклікае да больш надзейнай абароны такіх суб’ектаў пераменаў і гарантаў свабоднага грамадства”, — сказаў генеральны сакратар Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT) Джэральд Стэйброк. “Дзяржавы абавязаныя забяспечыць умовы, каб праваабарончыя НДА мелі магчымасць доступу да фінансавання”, — дадаў ён.

Гэтая рэзалюцыя зацвярджае і ўмацоўвае папярэднія высновы праваабарончых механізмаў ААН па прызнанні неадпаведнасці абмежавальных і рэпрэсіўных метадаў і законаў міжнароднаму заканадаўству ў галіне правоў чалавека. Гэта было прадэманстравана нядаўнім рашэннем Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманнях (WGAD) у справе Алеся Бяляцкага, якое пацвердзіла , што Беларусь у парушэнне сваіх міжнародных абавязацельстваў умешваецца ў фінансаванне дзейнасці праваабарончых НДА, і заклікала Беларусь неадкладна вызваліць яго.

Усе адпаведныя механізмы ААН павінны зараз абапірацца на гэты тэкст дзеля ўзмацнення абароны праваабаронцаў, якія сталі  мішэнню для заканадаўства і практыкі па абмежаванні іх законнай дзейнасці ў многіх краінах.

Паводле дырэктара АДЦ “Мемарыял” у Санкт-Пецярбургу Вольгі Абраменкі, “новыя законы, прынятыя ў Расійскай Федэрацыі для рэгулявання НДА, выкарыстоўваюцца для нападу на грамадзянскую супольнасць: у дадзены момант у Маскве, Санкт-Пецярбургу і іншых месцах Расіі шмат якія незалежныя НДА адначасова правяраюцца паліцыяй, пракурорамі і нават падатковай і пажарнай інспекцыяй з асаблівым акцэнтам на крыніцы фінансавання. Гэта відавочна рэпрэсіўная кампанія супраць абаронцаў правоў чалавека, і таму важна атрымаць міжнародную салідарнасць і падтрымку”.

Намеснік дырэктара Каірскага інстытута праваабарончых даследаванняў Зіяд Абдэль Таваб дадаў, што “ў той час як суаўтарства Егіпта ў гэтай рэзалюцыі з’яўляецца пазітыўным крокам, Егіпет павінен выконваць свае абавязацельствы і неадкладна адмяніць драконаўскі праект закона аб НДА, што ў цяперашні час абмяркоўваецца ў верхняй палаце, які накіраваны на ўдушэнне працы нацыянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасці”.

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), нядаўна выпусціла ўсебаковае даследаванне па абмежаваннях на доступ праваабаронцаў да фінансавання, якое паказвае, як урады па ўсім свеце ўсё часцей замінаюць доступу НДА да фінансавання, у прыватнасці замежнага. Дзяржавы звяртаюцца да абмежавальных законаў, паклёпніцкіх кампаній і судовага пераследу праваабаронцаў як спосабу падавіць любую крытыку; сярод іх Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Беларусь, Егіпет, Расія, разам з Азербайджанам, Эфіопіяй, Індыяй і многімі іншымі ўва ўсіх рэгіёнах свету.

Дадатковыя сведчанні праваабаронцаў, якія пацярпелі ад гэтых абмежаванняў, і аналіз экспертаў па правах чалавека па гэтым пытанні гл. тут: http://www.fidh.org/Crackdown-on-NGO-funding-The-HRC-12977

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць