Пуцін кліча Лукашэнку ў Маскву на перамовы

У рамках візіту беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з Уладзімірам Пуціным па шырокім спектры актуальных пытанняў двухбаковых адносін і міжнароднага парадку дня. 



euroradio.fm


Аляксандр Лукашэнка наведае Расію 14-15 снежня па запрашэнні свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна, паведамляе прэс-служба Крамля.

"14-15 снежня 2015 года па запрашэнню прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна прэзідэнт рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка наведае Расію з афіцыйным візітам", — гаворыцца ў паведамленні.

У аўторак два лідары правядуць перамовы па шырокім спектры актуальных пытанняў двухбаковых адносін і міжнароднага парадку дня. Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць паглыбленню эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і нарошчванню гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы.

Сярод актуальных пытанняў двухбаковых адносін — будаўніцтва Беларускай АЭС, якое будуць весці спецыялісты "Расатама", і стварэнне расійскай авіябазы ў Беларусі.

Першапачаткова меркавалася, што свой першы замежны візіт пасля прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка зробіць у Расію, 25-26 лістапада. Аднак візіт адмянілі пасля знішчэння расійскага Су-24 у паветранай прасторы Турцыі.

Беларусь тэрмінова мае патрэбу ў нафтавым допінгу: трэба дамовіцца з Масквой пра нафтавыя пошліны і новыя ўмовы пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь на бліжэйшыя чатыры гады.

Акрамя таго, Міск просіць у Еўразійскага фонда стабілізацыі і развіцця крэдыт 2 мільярды долараў; ЕФСР пакуль не прыняў рашэнне па крэдыту, але асноўны голас у ЕФСР належыць Расіі.

Адзіны козыр, схаваны ў рукаве Лукашэнка – расійская авіябаза ў Бабруйску. Зрэшты, беларускія эксперты ўпэўненыя, што Пуцін за цаной базы не пастаіць.

Каментаваць