Якаўлеўскі: па армянскім пытанні згоды няма

Пуцін даў загад падпісаць дамову аб далучэнні Арменіі да ЕАЭС. Ці ўзрадуюцца гэтаму распараджэнню лідары Беларусі і Казахстана? Пра гэта разважае палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.



«Прыняць прапановы ўрада Расійскай Федэрацыі аб падпісанні Дамовы аб далучэнні Рэспублікі Арменія да Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года»,  гаворыцца ў дакуменце, падпісаным Пуціным. Міністэрству эканамічнага развіцця Расіі прадастаўлена права падчас перамоваў аб падпісанні згаданае дамовы ўносіць у яе праект, ухвалены кабінетам міністраў, змены, якія не маюць прынцыповага характара. 
 
 
«Лічыць мэтазгодным падпісаць дамову, прадугледжаную цяперашнім распараджэннем, на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў»,  адзначаецца ў распараджэнні Пуціна.    
 
 
Сэнс і наступствы такога рашэння Пуціна «Новаму Часу» каментуе палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. 
 
 
 Рашэнне Пуціна яшчэ не з’яўляецца рашэннем іншых яго партнёраў па ЕАЭС, бо яно яшчэ будзе прадстаўлена на разгляд кіраўнікоў дзяржаваў (Беларусі і Казахстана). Наколькі вядома, па армянскім пытанні згоды няма. І гэта звязана з пазіцыяй Казахстана, бо існуе і захоўваецца небяспека, што ў выпадку ўваходжання ў ЕАЭС Арменіі, якая наўпрост не мяжуе з краінамі Мытнага саюза, у яго разам з Арменіяй можа ўвайсці і не прызнаная міжнароднай супольнасцю Нагорна-Карабахская Рэспубліка,  —  кажа эксперт. 
 
 
З гэтай нагоды існуе моцна негатыўная рэакцыя Баку, які фактычна знаходзіцца ў стане вайны з Ерэванам, адзначае суразмоўца.    
 
 
 Але і гэта яшчэ не ўсё. Справа ў тым, што разам з Азербайджанам чалец мытнага саюза Казахстан уваходзіць у так званую Групу цюркамоўных дзяржаваў  гэта такая міжнародная структура, якая калісці была заснаваная ў Бішкеку і дзе дамінуе Турцыя. Туды ўваходзяць Турцыя, Азербайджан, Казахстан, Кыргызстан, а таксама чакаецца больш актыўны ўдзел у гэтай структуры Туркменістана і Узбекістана. Але Казахстан з’яўляецца там вельмі актыўным удзельнікам,  кажа Раман Якаўлеўскі. 
 
 
Паводле яго словаў, звяртае на сябе ўвагу той факт, што гэтае рашэнне Пуціна было агучана пасля нядаўняй інаўгурацыі ў Анкары прэзідэента Эрдагана, на якой прысутнічаў Назарбаеў. 
 
 
 На маю думку, пытанне каконт Арменіі канчаткова не вырашана менавіта з прычыны пазіцыі цюркамоўнага Казахстана. Што тычыцца Беларусі, то Лукашэнка апынуўся ў вельмі складанай сітуацыі, бо ў яго вельмі добрыя стасункі як з прэзідэнтам Арменіі, так і, асабліва прадкрэслю, з прэзідэнтам Азербайджана. Гэтае пытанне ўздымаецца не першы раз. Казахстан ужо адклаў да восені разгляд пытання аб уключэнні Арменіі ў Мытны саюз менавіта з-за сваёй пазіцыі, якая салідарная з пазіцыяй Азербайджана, не члена Мытнага саюза, але гэтыя дзве краіны ўваходзяць у Групу цюркамоўных дзяржаваў,  нагадвае эксперт.   
 
 
Такім чынам, мяркуе ён, рашэнне Пуціна яшчэ не ёсць канчатковым. Але, разам з тым, такое рашэнне можа яшчэ больш абвастрыць не толькі стасункі паміж Баку і Ерэванам, што назіраецца апошнім часам, але таксама паміж Баку і Масквой.  
 
 
 Пазіцыя Астаны таксама заслугоўвае асаблівае ўвагі, і наступныя мерапрыемствы, дзе будуць разглядацца гэтыя пытанні, дададуць большай яснасці ў пазіцыі Казахстана, але гэтая пазіцыя вельмі неадназначная. Што да самога Пуціна, то такое ўражанне, што ўсё ж такі мае рацыю канцлер Германіі Ангела Меркель, калі кажа, што Пуцін не сябруе з рэальнасцю. Ягоныя паводзіны лагічныя ў плане паступальнасці ў рэалізацыі планаў пашырэння не столькі «рускага свету», колькі пашырэння ўплыву Расіі. Магчыма, гэта яшчэ адзін крок да разбурэння гэтага еўразійскага праекта ЕАЭС,  рэзюмуе суразмоўца «Новага Часу». 

Каментаваць