Пуціну патрэбны аўтаномны Данбас для дэстабілізацыі Украіны

Пра гэта піша нямецкае выданне Die Zeit.



«Пуцін не хоча падзелу Украіны дзеля ўласнай выгоды. Расія не змагла б забяспечваць сепаратысцкі рэгіён. А Украіна без Данбаса, у рэшце рэшт, стала б аднастайнай і жыццяздольнай. Цяперашняе становішча Пуціну больш падыходзіць, бо ён сам вырашае, калі і як дэстабілізаваць Кіеў», — гаворыцца ў артыкуле.
 
 
Яшчэ з красавіка мінулага года Пуцін даваў зразумець, што і для Данбаса ён рыхтуе такі ж лёс, як і для Крыма, заяўляючы пра існаванне нейкай «Наваросіі», нагадвае аўтар публікацыі і канстатуе: «Аднак пасля ён адхіліў гэтыя думкі, бо без прарасійскага рэгіёну у складзе Украіны ён канчаткова страціць ўплыў на Кіеў».
 
 
На думку аглядальніка, аўтаномія Данбаса дапаможа расійскаму боку блакаваць шлях Украіны ў ЕС і НАТА. Акрамя таго, Пуцін можа паспрабаваць дабіцца права аўтаномных рэгіёнаў удзельнічаць у Еўразійскім саюзе.
 
 
Для Парашэнкі, лічыць аўтар артыкула, сустрэча ў Мінску небяспечная, паколькі папярэднія падобныя перамовы не далі жаданых вынікаў. Спыненне агню не працягнулася доўга, а Расія працягвала забяспечваць баевікоў зброяй.

Каментаваць