Расійскі пасол лічыць Лукашэнку адзіным вядучым палітыкам у Беларусі

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў пад час прэс-канферэнцыі, якая ўпершыню адбылася ў новым будынку расійскай амбасады, падсумаваў вынікі дзесяці год існавання “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама вынікі двухбаковага супрацоўніцтва за 2009 год.



Надзвычайны і паўнамоцны пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў пад час прэс-канферэнцыі, якая ўпершыню адбылася ў новым будынку расійскай амбасады, падсумаваў вынікі дзесяці год існавання “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама вынікі двухбаковага супрацоўніцтва за 2009 год.

Што да будаўніцтва “саюзнай дзяржавы, то, па словах расійскага дыпламата, падпісанне 8 снежня 1999 году дамовы аб яе стварэнні “у вялікай ступені мела палітызаваны характар. “Сыходзіла эпоха Барыса Мікалевіча Ельцына, і, хутчэй за ўсё, яму хацелася сысці прыстойна, у тым ліку і стваральнікам нейкай саюзнай дзяржавы дзвюх краін – Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, якая часткова, але не ў поўнай меры, прыходзіць на замену былому Савецкаму Саюзу, - адзначыў Аляксандр Сурыкаў. – Ёсць пэўны скепсіс у ацэнках саюзнай дзяржавы, мы таксама ацэньваем яе з пэўнай доляй скепсіса, але і шлях пройдзены немалы. Але асноўная задача гэтай дамовы – стварэнне агульнай эканамічнай прасторы трапляе ўсё ж на наступныя гады, бо толькі ў мінулую суботу падпісана заява, праўда, ужо лідэрамі трох краін - Беларусі, Расіі і Казахстана – аб фарміраванні адзінай эканамічнай прасторы з 1-га студзеня 2012 года.

Сярод дасягненняў “саюзнай дзяржавы расійскі амбасадар назваў свабоду перасоўвання грамадзян дзвюх краін, свабоду выбару месца пражывання і працы, дамоўленасці аб пенсійным і медыцынскім забеспячэнні, наяўнасць агульных міграцыйных карт і гэтак далей. Самай істотнай праблемай, паводле Сурыкава, з’яўляецца прыняцце канстытуцыйнага акту. Аляксандр Сурыкаў выказаў меркаванне, што складанасці ў вырашэнні гэтага пытання звязаны з тым, што Беларусь і Расія з’яўляюцца вельмі рознымі краінамі як па геаграфічным памеры, так і па колькасці насельніцтва, узроўню эканомікі. Тым не менш, пасол у цэлым “станоўча ацаніў вынікі дзесяці год існавання “саюзнай дзяржавы.

Як адзначыў дыпламат, па выніках бягучага году тавараабарот паміж дзвюма краінамі ў параўнанні з 2008 годам зменшыцца прыкладна на 30% і складзе парадку 25 мільярдаў даляраў (у 2008 годзе было 34 мільярда). Галоўная прычына падзення, па словах пасла, з’яўляецца змяншэнне пакупніцкага попыту, пагаршэнне матэр’яльнага стану насельніцтва ў выніку эканамічнага крызісу.    
Адказваючы на пытанне “Новага часу, Аляксандр Сурыкаў заявіў, што Расійская Федэрацыя не збіраецца “педаляваць пытанне аб прызнанні Беларуссю незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. “Мы не прад’яўлялі ні прамых, ні ўскосных патрабаванняў. Расія ўсведамляе, што гэтае пытанне цалкам знаходзіцца ў кампетэнцыі беларускай дзяржавы, - прадкрэсліў дыпламат. – Краіна мусіць зыходзіць выключна з сваіх уласных інтарэсаў.    

Вялікую цікавасць журналістаў выклікала праблема паставак у Беларусь у 2010 годзе расійскіх нафты і газу. Па словах пасла, Расія  працягне пастаўкі гэтых энерганосьбітаў у нашу краіну пры наяўнасці пратакола аб пастаўках, пагадненне ж аб гэтых пастаўках не абавязкова павінна быць падпісана да канца бягучага году. Працоўная камісія, што займаецца праектам пагаднення аб пастаўках расійскай нафты і газу, павінна дакладна вызначыць аб’ёмы нафты, якія патрэбны Беларусі для ўнутранага карыстання. “Менавіта гэты аб’ём нафты будзе прадастаўляцца без мыту па ўнутрырасійскім кошце, уся астатняя нафта будзе пастаўляцца паводле біржавых коштаў расійскай маркі “Уралс, - заявіў Сурыкаў.

Што да паставак газу, то, як адзначыў пасол, кантракт па газу, падпісаны яшчэ 31 снежня 2006 году, працягвае дзейнічаць, і ў ім вызначаны ўсе пазіцыі паставак на 2010 год. “Згодна гэтаму кантракту, кошт газу для Беларусі ў 2010 годзе складае 90% еўрапейскага кошту плюс транзіт мінус газавыя мыты. Які канкрэтна будзе кошт – не ведаю, гэта будзе залежаць ад таго, якім ён будзе ў студзені на еўрапейскім рынку. Мяркую, што ён будзе крыху вышэйшым параўнальна з гэтым годам, - адзначыў расійскі дыпламат. Закранаючы пытанне пашырэння прысутнасці расійскага капіталу ў беларускіх прадпрыемствах нафтавага комплексу, амбасадар заявіў: “Па гэтай тэме мы чакаем прапаноў ад беларускага боку. Гэта тычыцца і комплекса “Нафтан-Палімір. 

Аляксандр Сурыкаў, адказваючы на пытанне журналістаў, паведаміў, што расійскі прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў не плануе сустрэчы з беларускімі “вядучымі апазіцыйнымі палітыкамі. “Наколькі я інфармаваны, афіцыйнымі органамі Расійскай Федэрацыі, прэзідэнтам не вядзецца падрыхтоўка сустрэчы з вядучымі, як вы кажаце, апазіцыйнымі палітыкамі. Слова “вядучы ужываецца, відаць, не вельмі дакладна. Вядучы – гэта той, хто вядзе за сабою хоць нейкую масу. З пункту гледжання масы – у беларускай апазіцыі раскол, пакуль на два лагеры, а там яшчэ падструктуры. Вядучы палітык – Лукашэнка, і гэта мы прызнаем адназначна, таму што асноўная маса выбаршчыкаў усё ж выстройваецца за Аляксандрам Рыгоравічам. Вось з гэтым палітыкам найверагодна ідуць прапрацоўкі праграмы прэзідэнтаў на наступны год, з улікам сустрэч з вядучым палітыкам Беларусі, але не з тым, пра каго вы думаеце, - падкрэсліў расійскі амбасадар.   
 

Каментаваць