Рашэнне «Справядлівага свету» аб фармаце ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах будзе прымацца ў закрытым пасяджэнні

Рашэнне Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» аб фармаце ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах будзе прымацца ў закрытым пасяджэнні. Такое рашэнне было прынята з’ездам партыі.



Нагадаем, што ў Мінску праходзіць з’езд партыі левых «Справядлівы свет». Пакуль што беларускія левыя не вызначыліся з фарматам свайго ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі. Нязначная большасць сябраў «Справядлівага свету» выступае за тое, каб вылучыць на іх свайго кандыдата —партыйнага лідэра Сяргея Калякіна. Другая частка партыі выступае супраць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах партыйнага кандыдата.

З прапановай правесці дыскусію па гэтым пытанні ў закрытым фармаце выступіў сябра ЦК партыі Сяргей Вазняк. Ягоная ідэя была падтрыманая.

«Закрытае пасяджэнне патрэбнае для таго, каб людзі, не аглядваючыся па баках, маглі казаць пра тое, што думаюць. Таму што калі прысутнічаюць староннія, тым больш журналісты, не кожны чалавек зможа сказаць тое, што ён думае па той праблеме, якая сёння існуе. Таму, каб была больш адкрытая і шчырая размова, каб людзі высказаліся і ў крытычным плане, і распавялі сваю думку, чаму трэба альбо чаму не трэба вылучаць свайго кандыдата, будзе закрыты рэжым абмеркавання. Проста ў закрытым рэжыме гэта будзе больш шчырая размова», — лічыць сябра ЦК партыі Валер Ухналёў.

Вылучаць альбо не вылучаць свайго кандыдата на прэзідэнцкія выбары, дэлегаты з'езду павінны вызначыць 24 мая. Патэнцыйны прэтэндэнт на кандыдата ў прэзідэнты ад левых, лідэр «Справядлівага свету» Сяргей Калякін заявіў, што прыме любое рашэнне партыйнага з'езду.

Каментаваць