Расія не зацікаўлена ў развіцці беларускага ВПК

Беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін тлумачыць, чаму Расія не зацікаўлена ў развіцці беларускага ВПК, ці магчымая беларуская ракета, і чаму ў абаронкі атрымліваецца тое, што не атрымліваецца ў МАЗа.



Асіповіч: Спецыялісты прызнаюць, што ўкраінскі крызіс даў пэўны штуршок і новыя магчымасці беларускаму ВПК — кажуць пра тое, што ў Беларусь пераедуць некаторыя ўкраінскія спецыялісты і нават вытворчасці. Ці можна канстатаваць, што беларуская абаронка ўдала выкарыстоўвае геапалітычныя змены?
 

Алесін: Дэградацыя ўкраінскай арміі і няздольнасць ВПК даць неабходныя ўзбраення сваёй краіне паслужылі урокам для Лукашэкні. Калі раней беларускія ўлады з-за недахопу фінансаў павольна рэалізоўвалі праграму мадэрнізацыі ВПК і пераўзбраення, то зараз, падобна, сітуацыя змянілася — дадзена зялёнае святло праграмам найноўшых ўзбраенняў. Прычым, гаворка ідзе не толькі аб традыцыйных рэчах — гэта сродкі радыёэлектроннай барацьбы, радыёлакатары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, прыцэлы, то бок усё, чым наша абаронка займаецца яшчэ з часоў СССР.
 

Цяпер кіраўніком краіны сказана: трэба ствараць і канчатковыя ўзоры ўзбраенняў, то бок агнявыя сродкі паражэнняў. Цяпер даследаванні беларускіх спецыялістаў дайшлі да такога ўзроўню, што фактычна мы можам самі вырабляць уласную ракету. На апошняй выставе ўзбраенняў быў паказаны ўзор зенітна-ракетнага комплексу «Алебарда», і на яго ўжо ёсць замовы.
 

Асіповіч: То бок дарэчны яркі журналісцкі загаловак — «Беларусь можа ствараць уласную ракету»?
 

Алесін: Беларусь можа вырабіць уласны комплекс, для чаго патрабуецца стварыць уласную ракету. У гэтым нам патрэбна дапамога ўкраінскіх прадпрыемстваў ВПК і канструктарскіх бюро. Наступнай сістэмай беларусаў можа быць супрацьтанкавы кіраваны ракетны комплекс. І калі вырабіць ўласную ракету, то гэта будзе стоадсоткава цалкам беларускі комплекс.
 

Асіповіч: А хто асноўныя пакупнікі прадукцыі нашай абаронкі? Калі раптам (ці не раптам) адносіны з Расіяй кардынальна сапсуюцца, як гэта паўплывае на сітуацыю ў нашым ВПК?
 

Алесін: Расія зусім не зацікаўленая, каб падтрымліваць ці ствараць сумесныя вытворчасці такіх сістэм зброі на тэрыторыі Беларусі. І гэта прызнаў Лукашэнка на нядаўняй прэс-канферэнцыі. Крэмль хоча, каб Мінск быў залежым ад яго ў справе стварэння ўзбраенняў, каб беларуская армія абсталёўвалася толькі расійскай зброяй, прытым яшчэ і марудзяць з пастаўкамі.
 

Спажыўцы беларускай зброі — гэта перш за ўсё дзяржавы Трэцяга свету, якія ў сілу розных прычын пабойваюцца вялікіх дзяржаў. Многія не хочуць купляць ўзбраення ні ў Расіі, ні ў ЗША і шукаюць пастаўшчыкоў, якія не вылучаюць ніякіх палітычных умоў. Дзяржава, якая звязваецца з Вашынгтонам або Масквой, часта вымушана станавіцца іх саюзнікам, быць як мінімум лаяльным.
 

Асіповіч: То бок можна сказаць, што развіццё беларускага ВПК — гэта і развіццё беларускага суверэнітэту ў вайсковай сферы?
 

Алесін: Сто адсоткаў. Акрамя таго, атрымліваючы выручку ад гандлю зброяй, мы знаходзім сродкі на далейшае развіццё ВПК. Гэта таксама развівае нашу навуку. Вельмі часта, дарэчы, гаворка пра прадпрыемствы недзяржаўныя, дзе людзі на свой страх і рызыку вынаходзяць новыя ўзбраення і гандлююць імі.
 

Асіповіч: Атрымліваецца, беларускі ВПК ўдасканальваецца і нядрэнна прадае свой прадукт на сусветным рынку. Чаму ж нельга гэтую матрыцу мадэрнізацыі выкарыстоўваць у іншых галінах прамысловасці, у першую чаргу — машынабудаванні, якое ў цэлым працягвае завальвацца?
 

Алесін: Тут праблема: дзяржава ніяк не можа зразумець, што гэтым прадпрыемствам трэба даць больш свабоды. Дзяржава іх паступова прыдушвае, адбіраючы ініцыятыву, і перагружаючы паказчыкамі. У МАЗа 26 паказчыкаў, якія ён павінен выконваць. Быць канкурэнтаздольным ў такіх умовах немагчыма — трэба арыентавацца на рынак, а не на міністэрства.
 

Парадаксальна: у ВПК больш свабоды, чым у машынабудаванні. Менавіта дзякуючы таму, што там нічога не было, шмат што ствараецца з нуля. Яны атрымалі вялікую свабоду, паколькі не з'яўляюцца брэндам, як МАЗ, БелАЗ.
 

Асіповіч: Выходзіць, нават у такой спецыфічнай сферы працуе прынцып — «чым менш кантролю дзяржавы, тым лепш?»
 

Алесін: Менавіта так. Я б параўнаў ВПК з праграмаваннем, Паркам высокіх тэхналогій. Там адбываецца праца творчых людзей, там за рызыку не караюць, як на МАЗе. Ну, праляцеў чалавек з праектам, ён сам за «пралёт» і адкажа. І гэта як раз тая вобласць, дзе мы можам «перагнаць, ці не даганяючы». Напрыклад, беспілотнікі вырабляюць усяго пяць краін — чаму б нам не стаць шостымі? Многія дзяржавы, якія хочуць застацца незалежнымі ў галіне закупкі ўзбраенняў, могуць аддаць перавагу Беларусі, і наша краіна можа атрымаць стабільных пакупнікоў.

www.sn-plus.com

Пераклад НЧ

Каментаваць